«Лета роўных магчымасцей»: як праходзіла інклюзіўная змена ў аздараўленчым лагеры 78-й школы Мінска

- 13:38Главная, Образование

Другі год у аздараўленчым лагеры «Усмешка» сярэдняй школы № 78 Мінска рэалізуецца праект інклюзіўнай змены «Лета роўных магчымасцей», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Кожныя канікулы наш лагер гасцінна адчыняе дзверы для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Каля 10 % яго выхаванцаў складаюць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — расказала начальнік лагера Людміла Завадская. — Раней мерапрыемствы нашага лагера практычна не ахоплівалі такіх дзяцей. Прычын было некалькі. Па-першае, тэматыка і форма не заўсёды была зразумелая і цікавая дзецям з АПФР. Па-другое, аднагодкі не імкнуліся ісці з імі на кантакт ці не разумелі, як гэта зрабіць. Тое самае можна было сказаць і пра выхавальнікаў, якія працуюць у атрадах. Так у нашай школе ўзнікла неабходнасць распрацоўкі інклюзіўнага праекта для адпачынку асаблівых дзяцей.

Праект інклюзіўнай змены «Лета роўных магчымасцей» стаў пераможцам фестывалю-конкурсу аздараўленчых лагераў Савецкага раёна Мінска «Летні фэст» у намінацыі «Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку «Зробім лета ярчэйшым».

Змена «Лета роўных магчымасцей» праходзіла пад слоганам «Мы гаворым на зразумелай мове» і ўключала тры асноўныя напрамкі: асветніцкая работа сярод выхавальнікаў і дзяцей; стварэнне дапаможнай інфраструктуры для дзяцей з АПФР; рэалізацыя праграмы па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы «Я — самастойны!». Пры распрацоўцы праекта ўпор рабіўся на перадавыя падыходы ў інклюзіўнай адукацыі. Яго мэтай было даць дзецям з АПФР магчымасць узаемадзейнічаць з аднагодкамі, назіраць за імі ў штодзённых сітуацыях і тым самым палепшыць сацыяльныя і камунікатыўныя навыкі, набыць сяброў.

Да пачатку работы лагера выхавальнікі атрымалі адпаведныя кансультацыі ад настаўнікаў-дэфектолагаў і выхавальнікаў суправаджэння дзяцей з РАС, — працягнула суразмоўніца. — Былі дадзены рэкамендацыі па правядзенні развіццёвых гульняў і інклюзіўных мерапрыемстваў з дзецьмі з улікам асаблівасцей іх псіхічнага і сенсаматорнага развіцця, увагі, памяці, маўлення і сацыяльнай адаптацыі. Пад увагу браліся і асаблівасці паводзін канкрэтных дзяцей.

Асветніцкая работа вялася таксама са звычайнымі выхаванцамі лагера. Ім расказалі, што ўсе людзі розныя, са сваімі асаблівасцямі, неабходна прымаць іншых такімі, якія яны ёсць. Абмяркоўваліся сітуацыі, якія выклікаюць цяжкасці ў дзяцей з АПФР, даваліся падказкі, як ім можна дапамагчы. У далейшым падчас выязных мерапрыемстваў нашы выхаванцы самі тлумачылі арганізатарам, чаму некаторыя дзеці паводзяць сябе па-іншаму, не слухаюць або крычаць. Проста такая ў іх рэакцыя на незнаёмае асяроддзе або гучныя гукі.

Для дзяцей з АПФР пераход ад вучобы да канікул, калі звыклы на працягу навучальнага года рэжым дня рэзка мяняецца, бывае даволі праблематычным. Таму яшчэ ў пачатку змены для іх арганізавалі экскурсію ў лагер, знаёмства з яго інфраструктурай і выхавальнікамі.

Падчас сёлетняй змены ўпершыню для дзяцей з аўтызмам прымяняўся метад навучання «Сацыяльная гісторыя» з выкарыстаннем альтэрнатыўнай камунікацыі — картак PECS.

У выглядзе нагляднага паэтапнага планавання быў складзены рэжым дня, алгарытм мыцця рук, дзеянняў у гардэробе, ўваходу ў гульнявыя пакоі. З дапамогай спецыяльных картак выхавальнікі нагадвалі дзецям пра тое, што ў лагеры рабіць нельга, напрыклад, крыўдзіць іншых або гучна крычаць. Максімальна візуалізаванай была рэфлексія. На «карце падарожжаў» адзначаліся месцы, куды дзеці хадзілі, побач размяшчаліся фота. На экране настрою пры дапамозе наклеек ацэньвалася ўражанне ад мерапрыемства. Дзецям з АПФР уласціва моцная эмацыянальная стамляльнасць. На працягу змены працаваў сенсорны пакой, дзе можна было расслабіцца, аднавіць псіхалагічную раўнавагу.

Праграма па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы «Я — самастойны» накіравана на выхаванне простых навыкаў самаабслугоўвання і складаецца з некалькіх тэматычных блокаў («Азбука кухні», «Азбука зносін» і г.д.). Так, у выхаванцаў фарміраваліся цікавасць да гатавання ежы, навыкі асабістай гігіены, правільных паводзін за сталом. У гульнявой форме яны прымяралі на сябе ролі пакупніка ў магазіне, пасажыра ў грамадскім транспарце. У гэтых занятках удзельнічалі выхаванцы тэатральнага атрада. Дарэчы, дзеці з асаблівасцямі былі задзейнічаны ў пастаноўцы спектакля «Муха-Пяюха». Далучаліся яны і да дзейнасці школьнага лагера працы і адпачынку, дапамагалі даглядаць клумбы, рыхтаваць кабінеты да новага навучальнага года. Гэта прынесла ім першыя самастойна заробленыя грошы. Дзеці з асаблівасцямі разам з усімі вывучалі правілы дарожнага руху, паводзін на вадзе, атрымлівалі медыцынскія веды ад супрацоўнікаў адпаведных службаў.

— Выхаванцы праявілі ініцыятыву: прапанавалі наладзіць сяброўскія кантакты з дзецьмі з інваліднасцю, якія часова або пастаянна жывуць у рэабілітацыйных цэнтрах, — расказала Л. Завадская. — Так, усе адправіліся ў рэспубліканскі дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр. Сустрэча была вельмі хвалюючая і кранальная. Нашы дзяўчынкі-валанцёры правялі майстар-клас для выхаванцаў цэнтра па вырабе запісных кніжак, занатаваўшы ў іх свае імёны і тэлефоны для далейшых зносін.

Прыемна адзначыць станоўчыя водзывы бацькоў аб нашай змене. Можна смела сказаць, што інклюзіўнае асяроддзе паляпшае сацыяльныя навыкі дзяцей з АПФР, надае ім упэўненасці ў сваіх сілах. А для іх звычайных равеснікаў  гэта сапраўдны ўрок прыняцця і суперажывання.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены школай