Лета цікавае і карыснае

- 12:05Нам пішуць

Летняя аздараўленчая кампанія ясляў-сада № 1 Ляхавіч пачалася з тэматычнага тыдня “Расці здаровым, малыш!”, накіраванага на фарміраванне ў дзяцей асноў здаровага ладу жыцця. Хлопчыкі і дзяўчынкі канструявалі кніжкі-малышкі “Каб быць здаровымі”, адлюстроўвалі ў малюнках розныя віды спорту, удзельнічалі ў рухавых гульнях і эстафетах. Спартыўнае лета прыходзіла ў госці да выхаванцаў на фізкультурнае свята “Спорт нам патрэбны — мы са здароўем сябруем”.

Фарміраваць уяўленні аб правілах бяспечных паводзін дапамагаў кожны дзень тыдня “Ведаем і выконваем правілы бяспечных паводзін”, у рамках якога была арганізавана выстава малюнкаў дзяцей і іх бацькоў “Правілы бяспекі”. Выхаванцы старшых груп пабывалі на экскурсіі ў Ляхавіцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

На працягу тыдня “Мая Радзіма — Беларусь” дзеці бліжэй знаёміліся з беларускай мовай, культурай і традыцыямі сваёй краіны. Да 525-годдзя Ляхавіч было праведзена забаўляльнае мерапрыемства “Падарожжа па вуліцах роднага горада”, падчас якога ў госці да выхаванцаў ясляў-сада прыйшлі Алеся і Несцерка.

Некалькі тыдняў прысвячаліся прыродзе. Так, тэматычны тыдзень “Ягады лясныя і садовыя. Неядомыя ягады” фарміраваў у дзяцей уяўленні аб прыметах розных ягад, умовах іх вырошчвання, карысці для чалавека і правілах бяспечных паводзін у прыродзе. На працягу лета былі праведзены таксама тэматычныя тыдні “Грыбы. Ядомыя і неядомыя”, “Раслінны і жывёльны свет лесу”, “Кветкі. Наша клумба”, “Вадаём. Расліны і жывёлы вадаёма”.

Ірына ГУСАК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Ляхавіч.