Летні дом дзяцінства

- 13:13Нам пішуць

Самая доўгачаканая пара ўсіх дзяцей і дарослых – гэта, бяспрэчна, ЛЕТА!
Навучэнцам школ летам прапануюць аздараўленне ў летніках. Асаблівую цікавасць у мясцовай дзятвы выклікае летнік “Чайка”, які знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Летнік прымае дзяцей тры змены працягласцю васямнаццаць каляндарных дзён і дзве спартыўныя змены — дзевяць дзён. За змену аздараўляецца каля ста дзяцей.

Кожная змена мае свой тэматычны накірунак, згодна з якім распрацоўваюцца мерапрыемствы. Чацвёртая змена прайшла пад назвай “Планета Здароўя”, таму вялікая колькасць мерапрыемстваў былі распрацаваны ў накірунку здаровага ладу жыцця.

Летні адпачынак дзяцей у наш час – гэта не толькі аздараўленне, а і выдатная магчымасць для творчага, духоўнага, інтэлектуальнага развіцця асобы. Навучэнцы з задавальненнем прымалі ўдзел у розных гульнях, эстафетах, конкурсах, падарожжах. Асабліва запомніліся такія мерапрыемствы, як камічны футбол, інтэлектуальная гульня ”Сакрэты здароўя”, экскурсія ў горад Нясвіж, гульня “Зарніца”, спартыўная гульня ”Падарожжа ў краіну Вітамінія”, а творчыя конкурсы “ССР” (сам сабе рэжысёр), “Экамода – 2017”, “Еўрабачанне” далі магчымасць дзецям раскрыць свае таленты і здольнасці.

Усё гэта насычанае жыццё падрыхтаваў прафесійны штат работнікаў летніка. Самым галоўным патрабаваннем да іх з’яўляецца жаданне і магчымасць зрабіць усе, што неабходна для здаровага, карыснага, захапляльнага і непаўторнага знаходжання дзяцей у летніку.

Час адпачынку праходзіць незаўважна, а атрыманых уражанняў у кожнага з іх з лішкам хапае на цэлы навучальны год. Таму летнік “Чайка” стаў на час адпачынку для ўсіх дзяцей і дарослых другім домам – “летнім домам дзяцінства”.

Таццяна АБРАЖЭВІЧ,
старшы выхавальнік.