Лідарамі нараджаюцца ці імі становяцца? На такое пытанне спрабавалі адказаць студэнты, якія ўваходзяць у Студэнцкі савет Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны на трэнінгу пад назвай “Лідар і яго каманда”.
Такі трэнінг адбыўся ўпершыню, а ідэя арганізаваць яго нарадзілася дзякуючы супрацоўніцтву паміж аддзелам маладзёжных ініцыятыў і студэнцкага самакіравання Гомельскага дзяржуніверсітэта і Гомельскай абласной арганізацыяй РГА “Белая Русь”.
Арганізатары ставілі адразу некалькі мэт: дапамагчы ўдзельнікам групы раскрыць асобасны патэнцыял і пакласці пачатак развіццю здольнасцей да мэтанакіраванасці, падзяліцца з моладдзю навыкамі планавання дзейнасці і работы ў камандзе. Фарміраванне ўяўленняў аб лідарстве, усведамленне і праяўленне сваіх моцных бакоў, выяўленне і развіццё ўяўленняў аб лідарстве — усё гэта таксама ставілася ў важную задачу.
Трэнінг праходзіў у інтэрактыўнай форме. Ціхія і ўжо крышачку стомленыя пасля заняткаў студэнты, здавалася, спачатку былі настроены не вельмі аптымістычна. Тым больш што амаль ніхто з іх не быў знаёмы адно з адным — усе з розных факультэтаў і розных курсаў. Але як толькі юнакі і дзяўчаты атрымалі лісты, падзеленыя на дзве калонкі, у вачах з’явілася зацікаўленасць. Заданне было простым: за дзве хвіліны ўпісаць у адну калонку свае станоўчыя якасці, а ў другую — адмоўныя. Як аказалася, з апошнімі было складаней. Пасля таго як лісты былі запоўнены, удзельнікі трэнінгу пачалі працаваць у парах, тлумачылі і абмяркоўвалі адно аднаму бачанне самога сябе.
— Чаму ты напісала “люблю паспаць” у адмоўныя якасці, хіба гэта дрэнна? — пытаецца юнак у сваёй напарніцы.
— Люблю паспаць, а таму заўсёды спазняюся на заняткі, і гэта вельмі дрэнна, — смеючыся, адстойвае пазіцыю дзяўчына.
Потым былі разважанні аб тым, хто такі лідар, якія якасці ён павінен мець і чым кіравацца. Сваімі думкамі наконт гэтага і вопытам з моладдзю падзяліліся намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі “Белая Русь” Наталля Мамрукова і старшы выкладчык кафедры “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту член маладзёжнай аналітычнай групы пры аб’яднанні Андрэй Стэльмах.
Маладыя людзі разгаварыліся, выказвалі свае погляды і нават у нечым спрачаліся. Настрой ва ўсіх удзельнікаў інтэрактыўнага мерапрыемства быў выдатны, менавіта пры такім настроі ўзнікае жаданне нешта тварыць. Арганізатарамі ўсё было прадугледжана. Студэнты ўзброіліся алоўкамі, маркерамі, клеем, рознакаляровымі карцінкамі і шматлікімі загалоўкамі, выразанымі з часопісаў і газет. Цяпер хлопцам і дзяўчатам, якіх падзялілі на дзве групы, належала стварыць свой калаж на тэму “Вобраз сучаснага лідара — гэта…”, а пасля абараніць свой маленькі праект.
Цікава было назіраць за работай юных творцаў. Адны тварылі ціха, прычым асноўную дзейнасць на сябе ўзялі некалькі дзяўчат: яны сядзелі за сталом і прыклейвалі карцінкі на ватман, нешта пісалі, а астатнія стаялі вакол, час ад часу выказваючы свае меркаванні, дапамагалі шукаць адпаведныя малюнкі і словы. Другая група, наадварот, аказалася даволі шумнай: гучна абмяркоўвалі, спрачаліся і смяяліся. Пры гэтым ніхто не заставаўся без справы. Цесна размясціўшыся вакол ватмана, хто на крэсле, хто на стале, студэнты разам стваралі свой калаж.
Вядома, што менавіта ў такіх умовах выяўляюцца лідары, якія могуць павесці за сабой цэлы калектыў. Выявіць такога і была адна з галоўных задач трэнінгу “Лідар і яго каманда”: мерапрыемства адбылося напярэдадні выбараў старшыні Студэнцкага савета ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.
— У такой гульні адразу бачна, хто насамрэч валодае лідарскімі якасцямі, каму можна даверыць сур’ёзную справу, — дзеліцца начальнік аддзела маладзёжных ініцыятыў і студэнцкага самакіравання Гомельскага дзяржуніверсітэта Настасся Лашкевіч. — У мяне ёсць сваё меркаванне, але выбар застаецца за моладдзю.
У завяршэнні сустрэчы — рэфлексія і абмеркаванне вынікаў трэнінгу. Яго вядучая Наталля Мамрукова запытала ў студэнтаў, наколькі цяжка ім было дамовіцца, што кожны з іх рабіў для таго, каб прыйсці да супрацоўніцтва і ўзаемаразумення ў групе, што было найбольш складана і як яны з гэтым спраўляліся. Адказы амаль не адрозніваліся: маладыя людзі сцвярджалі, што ім было лёгка працаваць разам, яны хутка пазнаёміліся і знайшлі паразуменне. На пытанне, пастаўленае на пачатку трэнінгу, большасць удзельнікаў выказала схільнасць да таго, што лідарскія задаткі чалавеку даюцца пры нараджэнні, а потым ад яго залежыць, як яны будуць развівацца і выкарыстоўвацца.
— Тое, што чалавек дзейсны, што ён добра выконвае сваю справу, яшчэ не азначае, што ён здольны весці за сабой іншых, нават валодаючы выяўленымі лідарскімі якасцямі, — падводзіць вынікі намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі “Белая Русь”. — Асновай павінна стаць сістэма матываў і задач, якія ставіць сабе чалавек, яго дзеянні, а таксама здольнасці — уласцівасці, якія робяць яго прыдатным да грамадска карыснай дзейнасці. Самае ж галоўнае — лідар пастаянна павінен займацца самаадукацыяй. І тады, дапамагаючы людзям адчуць сваю значнасць, ён выступае творцам міжасобасных адносін у калектыве. Многія лідары імкнуцца да таго, каб іх падначаленыя добра да іх ставіліся, у той час як дасведчаныя лідары робяць усё, каб іх людзі добра ставіліся да саміх сябе. Сёння мы не толькі растлумачылі студэнтам, хто такі лідар, але і самі ў ходзе трэнінгу ўбачылі, хто з іх можа арганізаваць іншых, натхніць на выкананне нейкай справы і несці адказнасць за тых, хто ідзе за ім.
Сумесны праект меў добры пачатак. Магчыма, хутка ён стане традыцыяй.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.