Лёсы-кнігі, лёсы-арыенціры

- 11:11Культура

У Мінску адбылася прэзентацыя ўнікальнай серыі кніг пра сучасную гісторыю Беларусі праз прызму людзей, якія дасягнулі прафесійных вяршынь. Кожная кніга была прадстаўлена асобна па меры выхаду з 2014 года. Але агульная прэзентацыя ўсёй серыі “Асобы” — шасці кніг, ды яшчэ ў прысутнасці галоўных герояў — прайшла ўпершыню.

— Калісьці я сем гадоў працаваў карэспандэнтам у “Настаўніцкай газеце” і ўжо тады прапанаваў рэдакцыі пачаць серыю публікацый “Славутыя імёны Беларусі”. Пад рубрыку была адведзена цэлая газетная паласа. Францыск Скарына, Ефрасіння Полацкая, Максім Гарэцкі… Аўтарамі публікацый выступалі людзі, якія ўсё жыццё вывучалі біяграфіі славутых землякоў. Але аднойчы вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі сказаў: “Газетныя публікацыі — гэта добра, але давай пісаць кнігі пра выбітных беларусаў!” — расказаў дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, ініцыятар стварэння і заснавальнік серыі “Асобы” Мікалай Супрановіч. — Так, у 2014 годзе выйшла першая кніга серыі “Віктар Парфёнаў: пакланіся травінцы. Экспедыцыя акадэміка” пра заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, доктара біялагічных навук, прафесара.

Сёння серыя налічвае шэсць кніг. Гэта шматгранныя партрэты беларускіх сучаснікаў, сярод якіх знакамітыя аграрыі Рыгор Бабчанок і Аляксей Скакун, пісьменнік Уладзімір Ліпскі, герой Афганскай вайны, легендарны разведчык і контрразведчык Уладзімір Гаркавы, першы беларускі касманаўт Пётр Клімук. Рыхтуюцца да выхаду ў свет яшчэ тры выданні: пра былога начальніка крымінальнага вышуку Мінска Віктара Пякарскага, вядомую беларускую паэтэсу Раісу Баравікову, былога старшыню Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пятра Віцязя.

Крытэрый адбору герояў для будучых кніг адзін: гэта знакавыя для краіны людзі, якія маюць не толькі ўнікальны прафесійны, але і жыццёвы вопыт; гэта людзі-філосафы, якія могуць паразважаць пра сябе, сваё жыццё, свой лёс, пра Радзіму. Людзі, чыё жыццё — яскравы прыклад інтэлігентнасці, беларускай сціпласці, мужнасці, смеласці і самаадданасці любімай працы. Лёсы-арыенціры для маладога пакалення беларусаў.

— Калі параўноўваць тое, што мы рабілі некалі ў “Настаўніцкай газеце” пад рубрыкай “Славутыя імёны Беларусі” з тым, што мы робім і пра каго пішам зараз, то можна смела правесці паралель паміж нашымі славутымі старажытнымі землякамі і тымі героямі, пра якіх мы расказваем у кнігах сёння, таму што гэта такія ж моцныя духам, магутныя ў творчым і інтэлектуальным плане людзі, якія ствараюць сучасную гісторыю Беларусі, — адзначыў Мікалай Супрановіч.

Адным з самых каштоўных складнікаў кніг галоўныя героі называюць тое, што пра іх расказваюць сваякі, сябры, калегі, журналісты. Для чытача ж самым каштоўным з’яўляюцца невядомыя дагэтуль факты пра выбітных айчынных дзеячаў. Напрыклад, многія ведаюць, што Пётр Ільіч Клімук трапіў у Зорны гарадок з вёскі, за тры з паловай гады здзейсніў тры палёты ў космас, у 35 гадоў стаў генералам і 12 гадоў кіраваў Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў. Але толькі ў кнізе “Пётр Клімук. Жыццё і подзвіг касманаўта” расказваецца, што двойчы ён мог не вярнуцца жывым са сваіх палётаў.

Першы раз, калі П.Клімук яшчэ быў курсантам і толькі пачынаў рабіць свае першыя крокі ў неба, падчас аднаго з палётаў не выпусціліся шасі і будучаму касманаўту прыйшлося неяк садзіць самалёт. Варыянт быў толькі адзін — грунтоўка. Але на ёй знаходзілася моладзь, курсанты-таварышы. Пётр Клімук прыняў рашэнне садзіць машыну на бетон, што фактычна азначала смерць. Але ён выжыў. Пасля гэтага выпадку кіраўніцтва хацела яго звольніць, даказаўшы, што гэта была памылка пілатавання. Але курсант па паліцах расклаў сітуацыю з усімі магчымымі вынікамі. І вопытныя лётчыкі ўбачылі ў Клімуку будучага аса. Яму далі яшчэ адзін шанс. І ён літаральна прывёў Пятра Ільіча да зорак.

Пра тое, што ўсе героі кніг — шматгранныя асобы, сведчыць і той факт, што, акрамя прафесіі, справы жыцця, ва ўсіх іх ёсць нейкае захапленне, хобі. Так, Рыгор Бабчанок з’яўляецца не толькі дырэктарам КСУП “Саўгас “Камуніст” і членам Беларускага аграпрамысловага саюза, ён яшчэ і паэт. Сведчанне гэтага — два паэтычныя зборнікі “Асалода” і “Вяртанне”. Ці яшчэ адзін факт: пасля таго як пра Пятра Клімука выйшла кніга, высветлілася, што ў першага беларускага касманаўта ёсць захапленне, якому 50 гадоў, — гэта разьба па дрэве! Свайму хобі Пётр Ільіч прысвячае ўвесь вольны час, а яго майстэрня налічвае 120 розных станкоў і безліч драўляных скульптур. Чым не нагода працягнуць у новай кнізе аповед пра легенду касманаўтыкі?

— Кожны раз, калі праязджаю міма могілак, узнікае адна і тая ж думка — ляжыць бібліятэка непрачытаных кніг. І штораз я думаю: кожны чалавек — гэта кніга. І нам — пісьменнікам, журналістам, навукоўцам — трэба паспець расказаць, які вопыт назапасіў за сваё жыццё чалавек, што ў яго на душы і ў сэрцы, — заўважыў адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў серыі “Асобы” Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. — Упэўнены, што серыя будзе жыць, будзе працягвацца, таму што лёсаў унікальных беларусаў вельмі шмат. Дзякуючы такім кнігам, гісторыю Беларусі можна будзе вывучаць не толькі па акадэмічных падручніках, але і па лёсах людзей, якія яе стваралі.

Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара.