Любіць жыццё, рабіць дабро

- 16:31Нам пішуць

Святочны Калядны бацькоўскі сход прайшоў на полацкай зямлі ўжо ў трэці раз. На ім прысутнічалі архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Уладыка Феадосій і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірына Афанасьеўна Драздова. Прадстаўнікі Праваслаўнай царквы і свецкай улады павіншавалі прысутных са святам Божага Нараджэння. Нагадалі пра тое, што дзеці ў сям’і не павінны быць абдзелены ні клопатам, ні любоўю з боку бацькоў, звярнулі ўвагу на бацькоўскую адказнасць за дзяцей, за іх лёсы перад дзяржавай і перад Богам, падкрэсліўшы значнасць асабістага прыкладу бацькоў у выхаванні дзяцей і падлеткаў у сям’і. Менавіта дарослыя павінны зрабіць уласны дом светлым і шчаслівым для сябе і сваіх дзяцей.
Уладыка Феадосій заклікаў усіх жыць паводле запаведзяў Божых, па законе сумлення: “Чыстае сумленне кожнага чалавека – чыстая душа цэлага народа”. Ірына Афанасьеўна звярнула ўвагу, што менавіта ў сям’і для дзіцяці закладваюцца вечныя каштоўнасці – любоў, вера, надзея, міласэрнасць, спачуванне, стараннасць, мэтанакіраванасць і працавітасць.
У цудоўнай святочнай каляднай праграме прынялі ўдзел творчыя калектывы гімназій №№ 1 і 2; сярэдніх школ №№ 1, 2, 5 ,6, 8, 16, 18; Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Полацка, устаноў дашкольнай адукацыі №№ 25, 27, 29, 32; Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Калядны бацькоўскі сход прайшоў у святочнай атмасферы, мы змаглі адчуць калядны настрой і зарадзіліся душэўным цяплом.

Ю.ІВАНОВА,
мама навучэнкі 6 «А» класа сярэдняй школы № 16 Полацка.