Любоў да Радзімы — праз творчасць і тэатр: натхняльны інавацыйны праект аб’яднаў школы Беларусі

- 11:00Образование

На базе 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі рэалізуецца інавацыйны праект «Укараненне мадэлі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання на аснове гісторыі і традыцый беларускага народа». Кансультантамі праекта выступілі супрацоўнікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Алена Міхалевіч, начальнік упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы АПА, і Ганна Дземянцэвіч, метадыст упраўлення, абгрунтоўваюць актуальнасць тэмы праекта так:

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучняў адбываецца праз успрыманне сябе як асобы, якая паважае свой народ, імкнецца вывучыць яго гісторыю і культуру, любіць родную зямлю. Культура і мастацтва заўсёды былі рухаючай сілай развіцця грамадства. Без іх немагчыма захаваць гістарычную памяць народа. У межах нашага інавацыйнага праекта ўдзельнікі стараліся знайсці актуальны кірунак, які будзе цікавы і для іншых устаноў адукацыі, што ў праекце не ўдзельнічаюць. Толькі сродкі для гэтага кожная ўстанова адукацыі выбірала свае.

Так, у Зембінскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна ўдзельнікі інавацыйнага праекта ў ролі выхаваўчага сродку выбралі пальчыкавы лялечны тэатр. Гэта вынік творчага супрацоўніцтва аб’яднанняў па інтарэсах «Мяккая цацка» і «Чароўная майстэрня». Дзеці разам з настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Валянцінай Мікалаеўнай Касабуцкай і бібліятэкарам Святланай Паўлаўнай Макаравай сшылі лялек, зрабілі для іх атрыбуты, дэкарацыі, самі пішуць сцэнарыі сваіх казачных пастановак і запрашаюць на прэм’еры навучэнцаў пачатковай школы і дашкольнікаў.

— Мы ўжо тры казкі напісалі і паставілі ў сваім тэатры, яшчэ дзве рыхтуюцца. Наўмысна не бяром вядомыя кожнаму казкі, а ствараем свае. Яны ў нас павучальныя: вучаць правільным паводзінам у лесе, расказваюць пра небяспеку агню, на вадзе, на лёдзе, вучаць шанаваць родную прыроду, любіць родны край, — дзеліцца Валянціна Мікалаеўна.

Творчыя таленты дзяцей раскрываюцца і ў супрацоўніцтве з прыходам Святога Архангела Міхаіла. Сумесна рыхтуюцца і праводзяцца канцэрты, спектаклі, прымеркаваныя да праваслаўных свят.

У Чапукоўскай сярэдняй школе Мёрскага раёна было арганізавана аб’яднанне па інтарэсах «Умелыя рукі». Працуючы над даследчай работай «Памочніцы з куфэрка», дзеці разам з настаўніцай працоўнага навучання Жаннай Мікалаеўнай Пушкель даведваліся пра гісторыю ўзнікнення і тэхніку вырабу народных лялек, самі стваралі абярэжных лялек, у тым ліку і па ўласных эскізах.

Немагчыма, гаворачы пра культурную спадчыну, абысці ўвагай народныя рамёствы. Гэта добра ведаюць у сярэдняй школе № 1 Навагрудка. Каб захоўваць і падтрымліваць традыцыйнае народнае мастацтва, тут наладжана супрацоўніцтва з Навагрудскім раённым цэнтрам рамёстваў. Майстры гэтай установы праводзяць для школьнікаў семінары, практыкумы, майстар-класы, адкрытыя заняткі па навучанні рамёствам. Каб такое навучанне мела практычнае ўвасабленне і працяг, у школе дзейнічае бізнес-кампанія «Сувенірная крама». Пад кіраўніцтвам Алёны Паўлаўны Сусла юныя майстрыхі шыюць лялькам беларускія нацыянальныя касцюмы, а для сябе ствараюць сучасныя калекцыі арыгінальнага штодзённага адзення з лёну і ўпрыгожваюць яго традыцыйнай беларускай вышыўкай.

Сярэдняя школа № 3  Барысава сваімі задачамі абрала знаёмства вучняў з беларускай культурай і народнымі традыцыямі, з фальклорнай спадчынай Беларусі, выхаванне ў дзяцей павагі да духоўных скарбаў народа. У прыватнасці, штогод у школе святкуюцца Каляды, Масленіца, Гуканне вясны, ладзіцца гастранамічны фэст.

Наша гордасць

Педагогі сярэдняй школы № 11 Гомеля далучаюць сваіх навучэнцаў да нацыянальнай культурнай спадчыны праз вывучэнне беларускага арнаменту, расшыфроўку яго элементаў. У школе рэалізуецца праект «Ствараем! Захоўваем! Ганарымся!», у рамках якога распрацаваны і створаны настольныя гульні, эрудыт-мазаіка «Таямніцы беларускіх узораў», графічныя размалёўкі ў выглядзе судоку, якія дапамагаюць зразумець сэнс нацыянальных беларускіх узораў.

Вялікую ўвагу педагогі і навучэнцы школы ўдзяляюць і вывучэнню малой радзімы. Яны стварылі кнігі-даведнікі «Цікавыя мясціны Гомельшчыны», «Па Гомелі слаўным трымаем мы шлях», квест-падарожжа «Мама — Беларусь», інтэрактыўную карту-маршрут «Гомель. Памяць пра вайну» і інш.

У сярэдняй школе № 2 Мсціслава засяродзіліся на мясцовых і нацыянальных славутасцях. Так, педагогі разам з навучэнцамі стварылі «Азбуку народнай культуры», дзе ў алфавітным парадку размясцілі галоўныя атрыбуты беларускага народа — ад традыцыйнага адзення, кухоннага начыння, прылад працы да народных свят і страў — з іх апісаннем і фотаздымкамі. А вось мясцовыя славутасці яны аб’ядналі ў «МедыяАзбуку Мсціслаўскага раёна». Тут можна даведацца і пра Аляксандра-Неўскі сабор, які стаіць на месцы адной з самых старажытных цэркваў горада — Афанасьеўскай царквы, і пра берасцяныя граматы, якіх на нашых землях было знойдзена толькі тры, і адна з іх — якраз на Мсціслаўшчыне, і пра Віхру — раку, якая ў Беларусь цячэ з Расіі, а «сустракае» яе з усіх беларускіх гарадоў толькі Мсціслаў, і пра Максіма Гарэцкага, вядомага беларускага пісьменніка з Малой Багацькаўкі Мсціслаўскага раёна, і г. д.

Акрамя таго, навучэнцы гэтай школы паглыбляюцца ў традыцыі народных свят і ўзнаўляюць іх у школе. Тут шырока святкуюцца Каляды, Масленіца, Купалле і інш. Ведаюць дзеці і традыцыйную беларускую кухню. У прыватнасці, каб пачаставаць адно аднаго стравамі, згатаванымі імі і іх бацькамі, бабулямі, дзеці адпраўляюцца ў квест-круіз «Дарогай народных традыцый». Пераходзячы ад станцыі да станцыі, удзельнікі даведваюцца пра рэцэпты традыцыйных страў беларусаў і дэгустуюць гатовыя кулінарныя шэдэўры.

Родныя словы

Гаварыць пра любоў да Радзімы лепш на роднай мове. У гэтым перакананы настаўнікі беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 Магілёва. У шэрагу мерапрыемстваў, якія вучаць дзяцей шанаваць мову, асаблівае месца займае тыдзень роднай мовы. Тут ён праходзіць маштабна. Сёлета яго часткай стаў турнір «Загадкі роднай мовы», які правяла Таццяна Уладзіміраўна Новікава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст. Яна прапанавала дзецям паспаборнічаць у разгадванні беларускіх народных і літаратурных загадак і паспрабаваць скласці ўласныя. А шасцікласнікі разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Таццянай Іванаўнай Палазковай падчас святкавання Дня маці ўспаміналі прыказкі пра маму. Кожны вучань меў магчымасць расказаць пра сваю матулю. Вучні самастойна запісалі відэавіншаванне для любімых мам і нават стварылі відэафільм пра іх. Васьмікласнікі завіталі ў Магілёўскую абласную бібліятэку імя У.І. Леніна, дзе ўключыліся ў краязнаўчую гульню-вандроўку «Таямніцы назваў». Гульня была прысвечана «тапанімічным» казкам і легендам, аўтарамі якіх з’яўляюцца сучасныя дзіцячыя беларускія пісьменнікі. У рамках тыдня бацькоўскай любові ў гімназіі прайшла літаратурная вечарына, гасцямі якой сталі бацькі і бабулі з дзядулямі.

Увогуле мерапрыемствы, якія праводзяцца сумесна з бацькамі, ужо сталі візітоўкай гэтай гімназіі. Як, дарэчы, і распрацоўка педагогамі і вучнямі адукацыйных медыяпадарожжаў. За апошнія некалькі гадоў іх было распрацавана больш як 20. Гатовыя медыяпрадукты размешчаны на сайце гімназіі.

Вынікам рэалізацыі інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання на аснове гісторыі і традыцый беларускага народа» стануць метадычныя і дыдактычныя матэрыялы, якія ўжо распрацоўваюць установы адукацыі, а таксама інавацыйны вопыт асобных педагогаў. Плануецца выпуск зборніка матэрыялаў з мэтай абагульнення і распаўсюджвання эфектыўнага вопыту работы ўстаноў адукацыі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены ўстановамі адукацыі