Любоў Палын: у сваёй рабоце знаходжу натхненне і магчымасці самаўдасканалення

- 14:30Учитель года

Філолаг па першай вышэйшай адукацыі і педагог дашкольнай адукацыі — па другой, Любоў Палын з Мазыра збіраецца здзівіць строгае журы конкурсу “Настаўнік года” сваімі напрацоўкамі ў галіне… робататэхнікі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Цьютарам праекта “Інфарматыка без разеткі” Любоў Мікалаеўна стала тры гады назад. Тады мазырскі дзіцячы сад № 40 “Краіна цудаў” выбраў шлях першапраходца ў развіцці гэтага кірунку ў Гомельскай вобласці — пры актыўным садзейнічанні спецыялістаў Парка высокіх тэхналогій.

— Мы спачатку не маглі зразумець, як можна вывучаць інфарматыку без выкарыстання камп’ютара. Уяўлення, што гэта за праект, у нас не было. Тым не менш восем актыўных выхавальнікаў вырашылі паспрабаваць. Эксперыментальны праект прымусіў нас думаць па-іншаму. Усле­д за спецыялістамі Парка высокіх тэхналогій мы навучыліся разважаць нешаблонна, — расказ­вае Л.Палын.

Педагог з галавой акунулася ў новую для сябе дзейнасць, якая пачалася, зразумела, з навучання. Любоў усміхаецца: жаночая логіка — гэта парушэнне любой логікі, а тут прыйшлося выра­шаць лагічныя задачы і разбірацца з магчымасцямі кадзіравання і дэкадзіравання інфармацыі:

— Мы працавалі ў згуртаванай камандзе пры падтрымцы загадчыка Жанны Літвінюк. У праекце “Інфарматыка без разеткі” зразумелі, што адна галава доб­ра, а 3—4 — яшчэ лепш. Разам інфармацыю структуравалі, праходзілі складаныя, але займальныя і адказныя тэсты. Дружная работа прынесла плён — усе нашы выхавальнікі-ўдзельнікі сталі цьютарамі інавацыйнага праекта. Дарэчы, цьютар — гэта спецыяліст, які вывучае інтарэсы дзіцяці і стварае асяроддзе для яго развіцця.

Любоў Мікалаеўна не па чутках ведае, што сённяшнія дзеці цяжка засвойваюць інфармацыю традыцыйнымі спосабамі, бо практычна з пялёнак звязаны з сучаснымі сродкамі камунікацыі. Між тым ужо можна гава­рыць пра асобныя вынікі праекта “Інфарматыка без разеткі”: настаўнікі пачатковай школы, якія цяпер працягваюць вучыць першых выхаванцаў мазырскага дзіцячага сада № 40, заўважылі, што ў дзяцей больш гнуткае мыс­ленне.

— Сапраўды, яны да рашэння задачы падыходзяць паэтапна, выконваючы некалькі крокаў, таму што мы іх навучылі алгарытмічнаму мысленню, — расказвае педагог. — Гэтыя дзеці ведаюць, з чаго пачынаць выкананне задання. Такім чынам, ажыццяўляецца сувязь дашкольнай адукацыі і першай ступені школы. Сёння Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь укараніла гэты праект у вучэбную праграму — для адпаведных аб’яднанняў па інтарэсах, пры падрыхтоўцы дзяцей да школы.

У руках у Любові — вялікі яркі пульт, а перад дзецьмі — гульнявое поле з маленькімі робатамі-цацкамі. Так малыя неўзаметку, праз гульнявую дзейнасць засвойваюць уяўленні і фарміруюць паняцці. Выхавальніца з дапамогай робата ўтрымлівае цікавасць і матывуе рашаць задачы.

— На раённым і абласным этапах конкурсу для мяне важна было ўбачыць, як непадрыхтаваныя дзеці рэагуюць на робататэхніку MatataLab. Напрыклад, з дапамогай робата мы рабілі гукавы аналіз слова. Нашы электронныя памочнікі могуць выдаваць гукі і рэагаваць святлодыёднымі лямпачкамі. Мы з імі перамяшчаліся па схеме слова “замок” (па-руску) і разбіраліся са словаразлічальнай функцыяй. Робат паказаў дзецям, што ад змены націску мяняецца сэнс слова. Многія здзівіліся, як цікава можна гэта паказаць, — адзначае суразмоўніца.

Усе педагагічныя сакрэты Любові і яе каманды мы не будзем раскрываць. Тым больш што конкурс прадугледжвае шмат момантаў, дзе прыйдзецца імправізаваць, працаваць не толькі з дашкольнікамі, але і з дарослай аўдыторыяй.

— Мы, выхавальнікі да­школь­най адукацыі, прывыклі праца­ваць з маленькімі дзецьмі ва ўтульнай атмасферы. А зараз трэба выйсці і паказаць свой вопыт на вялікую аўдыторыю. Гэта пэўнае выпрабаванне. Да таго ж на дарослую аўдыторыю трэба па-іншаму задаваць пытанні, — падкрэслівае педагог.

Любоў прызнаецца, што жаданне вучыць і выхоўваць дзяцей з’явілася яшчэ ў маленстве. Тады яна саджала лялек і спрабавала іх вучыць. А яшчэ для яе выхавальнік і настаўнік апрыёры былі ідэалам і прыкладам для пераймання. Таму жыхарка пасёлка Зашыр’е, што ў Ельскім раёне, без ваганняў і праблем паступіла ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна, які зусім недалёка ад роднага дому.

— Па першым дыпломе ў мяне спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Сусветная і айчынная культура”. Універсітэт скончыла на бясплатнай аснове і з адзнакай. На апошнім курсе выйшла замуж за афіцэра МНС і засталася ў Мазырскім раёне. Тут для філолага адразу не знайшлося месца, і адпрацоўку праходзіла ў Раманаўскім дзіцячым садзе выхавальніцай. Менавіта там зразумела, што працаваць з маленькімі дзецьмі мне падабаецца. Пасля дэкрэтнага водпуску сваё дзіця аддала ў мазырскі дзіцячы сад № 40 і сама прыйшла туды працаваць выхавальніцай, — расказвае Любоў.

Аранжавы будынак гэтай установы дашкольнай адукацыі знаходзіцца ў новым мікрараёне, які ўсе мясцовыя называюць Краінай цудаў. Сад № 40 не толькі па планіроўцы сучасны. Тут сабралася каманда перспектыўных педагогаў, якія маюць агульныя інтарэсы.

— Мы ўсе — на адной хва­лі, — гаворыць педагог, — і гэта вельмі аб’ядноўвае. Між тым я сутыкалася з меркаваннем, што працаваць у дзіцячым садзе вельмі проста. Дарэчы, бацькоў мы запрашаем на заняткі. Яны маюць магчы­масць паглядзець, як праходзіць адукацыйны і выхаваўчы працэс.

Цяпер Любоў Палын працуе ў групе інтэграванага навучання і выхавання. А гэта значыць, што ў калектыве дзяцей звычайныя выхаванцы знаходзяцца разам з малымі, у якіх сур’ёзныя праблемы са здароўем. Дарэчы, установа абсталявана ўсімі неабходнымі прыладамі, каб бацькам з дзецьмі было зручна перамяшчацца па ўсіх памяшканнях.

— У нас разам займаюцца дзеці, у якіх ёсць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, праблемы апорна-рухальнага апарату, і звычайныя. Вядома, гэта ўскладняе работу. На пэўных занятках мы працуем усе разам, але там, дзе асаблівым выхаванцам складана, дзетак забірае настаўнік-дэфектолаг і праводзіць з імі заняткі па вызначанай праграме. Увогуле, у нашым грамадстве неадназначна ставяцца да інклюзіі. Два гады назад мы набралі спецыяльную групу, у якой у тым ліку пяць дзяцей з АПФР. Вопыт паказаў, што такіх малых не трэба ізаляваць ад грамадства. Звычайным дзецям гэта не менш важна: з дашкольнага ўзросту яны вучацца разумець, што ў жыцці не ўсё проста і трэба прымаць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Важна быць памяркоўнымі да такіх лю­дзей, — гаворыць педагог.

Любоў заўважае, што ў звычайных дзяцей побач з асаб­лівымі лепш развіваецца эмпатыя:

— Напрыклад, пры неабходнасці яны заўсёды падста­вяць крэсліца. Гатовы дапамагчы пераапрануцца, штосьці зрабіць для дзіцяці з АПФР. Я ўпэўнена, што тыя, хто выхоўваўся ў нашых інтэграваных групах, у будучыні да інвалідаў паставяцца паважліва, заўсёды дапамогуць і акажуць падтрымку. Для хворых дзяцей такія зносіны — магчымасць сацыялізацыі. Такія малыя дома ўвесь час знаходзяцца толькі са сваякамі. У нас жа яны прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах. У іх з’яўляюцца сяб­ры. Дарэчы, мы пераадолелі першапачатковы недавер бацькоў, калі тыя даведаліся, што іх дзеці пойдуць у інтэграваную групу. Паступова яны ўбачылі вынік і зразумелі, як гэта важна. Менавіта так выхоўваецца цярпімасць і міласэрнасць. Дзеці, чуллівыя да іншых, не кінуць сваіх бацькоў у старасці.

А яшчэ з Любоўю мы гаворым пра… любоў. Высвятляецца: сваё імя, якое сёння дастаткова рэдка сустракаецца, выхавальніца часта выкарыстоўвае для таго, каб наладзіць цесны кантакт з маленькімі дзецьмі, стварыць даверлівую атмасферу і падставу для заняткаў:

— Калі прыходжу знаёміцца, часта чую: “Ой, якое імя ў вас незвычайнае!” Працягваю: сапраўды, любоў бывае розная. Ёсць любоў да дзяцей, ёсць любоў да мамы, ёсць любоў да жывёл, ёсць любоў да Радзімы. Вядома, я люблю сваю сям’ю і сваіх дзяцей Софію і Вадзіма. А яшчэ люблю сваю работу. Менавіта ў ёй знаходжу натхненне і магчымасці самаўдасканалення.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара