Людміла Макарына-Кібак: “Кіраўнік павінен быць эрудзіраваным ва ўсіх галінах”

- 17:32Мая школа

Упэўнена, мая гераіня можа смела брацца за напісанне кнігі па тайм-менеджменце і выданне будзе мець усе шансы стаць бестселерам. Чаму? Таму што яно будзе не толькі пра тое, як усё паспець, але паспець свядома, якасна і з карысцю для сябе і людзей, якія жывуць вакол. Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. І гэта толькі вяршыня айсберга яе дасягненняў. 

 Выдатніца, спартсменка, камсамолка…

— Усе мы родам з дзяцінства. Там закладваюцца і праяўляюцца самыя моцныя рысы нашага характару. Памятаеце, якой вы былі ў дзяцінстве? 

— Я нарадзілася і вырасла ў невялікім гарадку Хойнікі. З самага дзяцінства была вельмі бойкай дзяўчынкай, любіла лазіць па дрэвах. Калі хтосьці справабаў пакрыўдзіць майго старэйшага брата, натыкаўся на маё заступніцтва. Скончыла музыкальную школу — іграла на баяне, дзевяць гадоў займалася ў танцавальным гуртку. Не абышлося і без спорту — гуляла ў баскетбол, валейбол за школьную сборную. Нядрэнна страляла і нават перамагла на абласной алімпіядзе. Хутчэй за ўсіх у класе збірала і разбірала зброю падчас ваеннай падрыхтоўкі. Была сакратаром камітэта камсамола школы і членам бюро райкама камсамола. Адным словам, актывістка і выдатніца. (Усміхаецца.)

— Мне здаецца, у савецкі час дзеці хутчэй станавіліся самастойнымі. Не было такой гіперапекі… 

— Не было. Мае бацькі — простыя працавітыя людзі. Тата быў токарам самага высокага, шостага, разраду, мама — вышывальшчыца машыннай вышыўкі. Яна працавала дома і мы з братам дапамагалі ёй — акуратна абразалі нітачкі, а я, шасцігадовая, ехала на прадпрыемства праз увесь горад з цяжкай торбай, у якой была гатовая работа, каб здаць яе і атрымаць новую партыю. Чытаць і лічыць навучылася таксама рана, і ў пяць гадоў мне давяралі адной хадзіць у магазін. 

— Вы марылі стаць журналістам. Але нешта пайшло не так? 

— Не паверыце, яшчэ ў другім паўгоддзі 10 класа я збіралася ехаць у Маскву, каб стаць студэнткай універсітэта імя Патрыса Лумумбы і атрымаць адукацыю журналіста. Як выдатніца і адна з лепшых вучаніц школы некалькі разоў ездзіла ў Белакаменную. У мяне атрымліваліся добра сачыненні. Два гады запар займала першыя месцы на рэспубліканскіх алімпіядах са сваімі творамі. Пры гэтым аднойчы стала першай на абласной алімпіядзе па фізіцы. Мая школа ў Хойніках была ўнікальнай — тут існаваў музей імя Леніна, які быў на трэцім месцы па значнасці і вядомасці сярод музеяў усіх савецкіх рэспублік. Толькі лепшым навучэнцам дазвалялася быць экскурсаводам сярод яго экспанатаў. А яшчэ пры школе працавала краязнаўча-следапытчая група. І мы, школьнікі, шмат супрацоўнічалі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Я асабіста доўгі час перапісвалася з удзельнікам вайны, які здзейсніў подзвіг Марэсьева яшчэ раней, чым сам Аляксей Пятровіч. Шмат пісала пра людзей працы, размаўляла з пісьменнікамі. Так склалася, што мая лепшая сяброўка была сваячкай Івана Мележа, які нарадзіўся ў нашым раёне. Мы часта бывалі ў тых мясцінах… Адным словам, я бачыла сваю будучыню ў творчым асяроддзі. І тут прыехаў мой дзядзька, які раней працаваў фельчарам, а на той момант быў загадчыкам біяхімічнай лабараторыі крыві ў Брагіне. Я не памятаю, што ён мне такое гаварыў, што змагло перамяніць маё рашэнне, але я падала дакументы ў медыцынскі.

— Чаму выбралі інстытут у Гродне, а не ў Мінску? Няўжо сумняваліся ў сваіх здольнасцях? 

— Мінск нават не разглядала, усе мае землякі ехалі паступаць у Гродна. І я паехала. Атрымала “4” на вусным іспыце па фізіцы, канечне, засмуцілася, затое была адзіная, хто напісала выдатна сачыненне на тэму “Героямі не нараджаюцца, героямі становяцца”.

— Такое спантаннае рашэнне стаць урачом умацавалася падчас вучобы ці было жаданне кінуць? 

— Вучоба захапіла адразу. З першага па пяты курс хадзіла на гурток па гінекалогіі і марыла стаць жаночым доктарам. На жаль, не хапіла балаў і я трапіла ў тэрапеўты. А ўжо на размеркаванні мне сказалі, што буду ўрачом-отарыналарынголагам. Прызнаюся, тады я плакала, гаварыла, што не спраўлюся з такой спецыяльнасцю, там кроў, гной, мне гэта не падабаецца. А сёння нікім іншым сябе нават не ўяўляю! І ўдзячна свайму дзядзьку за тое, што дапамог разгледзець правільны вектар для сябе. Ці ён разгледзеў! (Смяецца.)

Жаночая мадэль кіравання

— Пасля заканчэння вучобы вы па размеркаванні апынуліся ў Брэсцкай абласной бальніцы. Пасля інтэрнатуры ў 1998 годзе вас прызначылі загадчыкам аддзялення. І яшчэ галоўным пазаштатным отарыналарынголагам Брэсцкай вобласці. І былі вы на гэтай пасадзе практычна 10 гадоў. Вопыт кіраўніка, атрыманы там, спатрэбіўся ў далейшым жыцці? 

— Вядома! Мне вельмі пашанцавала. Я прайшла выдатную школу ў Брэсце і як прафесіянал, і як арганізатар. У мяне ў падпарадкаванні былі 32 спецыялісты ў горадзе і каля 310 у вобласці. І гэтую маленькую мадэль кіравання я потым перанесла на рэспубліку. 

Ёсць такая жаночая мадэль, яна яшчэ называецца матчына, калі ты імкнешся максімальна ўдзельнічаць не толькі ва ўпраўленні, але і ў жыцці кожнага чалавека. У гэтым і заключаецца яе паспяховасць, хаця і патрабуе шмат маральных сіл і энергіі. 

— У чым, на ваш погляд, паспяховасць гэтай мадэлі? 

— Улічваючы тое, што зараз я з’яўляюся прафесарам кафедры сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, часам бываюць кароткачасовыя курсы, дзе чытаю лекцыі па мадэлі кіравання. Ёсць такая жаночая мадэль, яна яшчэ называецца матчына, калі ты імкнешся максімальна ўдзельнічаць не толькі ў кіраванні, але і ў жыцці кожнага чалавека. У гэтым і заключаецца яе паспяховасць, хаця і патрабуе шмат маральных сіл і энергіі. Калі стала дырэктарам РНПЦ отарыналарынгалогіі і галоўным пазаштатным отарыналарынголагам краіны, у мяне ў падпарадкаванні было ўжо больш за 1200 отарыналарынголагаў. І я практычна кожнага ведала асабіста, бывала на іх працоўных месцах. Усяму гэтаму мяне навучыў у Брэсце мой настаўнік Уладзімір Васільевіч Якімук. Яго згадваю амаль кожны дзень, на жаль, яго ўжо няма ў жывых. Ён быў загадчыкам аддзялення, дзе я праходзіла інтэрнатуру. Ён гаварыў нам: “Ваша працоўнае месца — назіральны кабінет. На работу прыходзьце загадзя, пераапрануліся і прайдзіцеся па палатах да пачатку змены, каб у 8 раніцы вы ведалі, як адчувае сябе кожны пацыент. Інструмент не павінен дрэнна працаваць, парадак павінен быць на месцах. Калі дрэнна прыбрана, даведайся чаму. Магчыма, санітарка дрэнна сябе адчувае, можа, у яе ў сям’і праблемы”. 

— Каля 15 гадоў назад вы пераехалі ў сталіцу і адразу занялі адказную пасаду — галоўнага ўрача Гарадской клінічнай бальніцы паталогіі слыху, голасу і маўлення. І менавіта з вашай лёгкай рукі яна набыла статус Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра. Гэта было прынцыпова важна для вас? 

— Гэта было прынцыпова важна для той палітыкі, якую рэалізоўвала Міністэрства аховы здароўя. Усе рэспубліканскія медыцынскія ўстановы станавіліся РНПЦ. А бальніца была базай кафедры БЕЛМАПА, навуковага аддзела не было. Я дадала кафедру Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе выкладала, і запрасіла да сябе намеснікамі медыкаў з вучонымі ступенямі. Зараз у РНПЦ 4 абароненыя кандыдаты медыцынскіх навук і яшчэ два аспіранты, якія вось-вось павінны абараніцца. І адзін аспірант ёсць у мяне ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

— Ганарыцеся імі? 

— Канечне! Мы разам ішлі да абароны. Сваю доктарскую дысертацыю я пісала каля 10 гадоў, абараніла ў 2017 годзе, калі ўжо была старшынёй Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Мне прыемна, што мае даследаванні знайшлі практычнае прымяненне сярод медыкаў. 

— А пачалося ўсё з кандыдацкай дысертацыі…

— Муж падштурхнуў мяне зрабіць такі крок, калі я была загадчыцай аддзялення ў Брэсцкай бальніцы. Ён звярнуў увагу, што так шмат складаных пацыентаў праходзіць праз мяне, чым не матэрыял для дысертацыі. Сам ён працаваў у гэтай жа бальніцы ўрачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам, а зараз у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Цікава, што мой настаўнік выбраў для мяне тэму навуковай работы насавыя крывацёкі. Я сама ў дзяцінстве вельмі пакутавала ад іх. Памятаю, калі ішла кроў, мне ставілі тампоны. Як гэта непрыемна! І мне хацелася зрабіць так, каб аблегчыць пакуты людзей з такімі ж праблемамі. Абаранілася ў 2006 годзе. Галоўная складанасць была ў тым, што кіраўнік быў у Мінску і мне трэба было часта сюды прыязджаць. Але справілася.

— Вы амаль 10 гадоў кіравалі РНПЦ. Не шкада было сыходзіць і акунацца ў палітыку? 

— Сказаць шкада — не дакладна. Мне хацелася развіцця, хацелася дапамагаць сваім пацыентам. Перш за ўсё тым, хто нарадзіўся з парушэннямі слыху. Неабходна было стварыць вялікую сістэму скрынінгу на ўзроўні рэспублікі, каб у першыя дні пасля нараджэння абследаваць слых у кожнага немаўляці, выявіць праблему і займацца комплекснай дапамогай. І на той момант мне здавалася, што, будучы дэпутатам гарадскога Савета, я змагу наладзіць міжведамаснае ўзаемадзеянне паміж Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам адукацыі. І ўсё дзеля таго, каб дзеці з парушэннем слыху маглі атрымаць лячэнне, адукацыю і сацыяльныя гарантыі. Менавіта гэта мяне прастымулявала. А яшчэ магчымасць дапамагаць людзям, якія меня выбралі. Дарэчы, дзякуючы таму, што прыйшла ў гарсавет, палюбіла Мінск.

— Так разумею, любові з першага позірку не адбылося? 

— Было даволі цяжка перастроіцца. Асабліва ў першыя месяцаў восем, калі толькі пераехала з Брэста. Сын быў ужо тут — вучыўся ў медыцынскім універсітэце, а дачка з мужам засталіся там. Канечне, у Мінску іншы рытм жыцця, але пацыенты ўсюды аднолькавыя, якая розніца, у якім яны рэгіёне. 

На вышэйшым узроўні

— У 2009 годзе вы паступілі ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. У 2011-м атрымалі дыплом па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай”. І засталіся выкладаць. Наколькі ўсвядомленымі былі такія рашэнні? 

— Мне падабаецца вучыцца. Лічу, што любы кіраўнік павінен быць эрудзіраваным ва ўсіх галінах. Таму і імкнулася паступіць у акадэмію і выкладаць на кафедры сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі засталася ўсвядомлена.

— Заканатворчасць — гэта вельмі адказна і складана. Як вы, жанчына, сябе адчуваеце ў такім асяроддзі? 

— Складана, калі толькі прыходзіш. Усе законы і новыя рэдакцыі прымаюцца зыходзячы з практыкі прымянення. І калі ты прайшоў усе прыступкі, як я, і шмат разумееш, то дыскутаваць дастаткова проста. 

— Ужо хутка адбудзецца рэферэндум. Новы праект Канстытуцыі, на ваш погляд, адпавядае запатрабаванням часу? 

— Самае галоўнае, што змяненні ў Канстытуцыю ўносіць трэба было, я цалкам іх падтрымліваю. Большасць грамадзян лічыць правільным, і я з імі згодна, што ў Канстытуцыі захавана аказанне дзяржавай бясплатных медыцынскіх паслуг, але пры гэтым абазначана права выбраць добраахвотнае страхаванне. Дзяржава працягне клапаціцца аб людзях з інваліднасцю, дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў. 

— Ваша стаўленне да новага Кодэкса аб адукацыі? 

— Лічу, што ён атрымаўся прадуманым і правільным. Наша камісія прымала вельмі актыўны ўдзел ў яго абмеркаванні і прыняцці. Як прадстаўнікі медыцыны мы звярнулі ўвагу на лагапедаў, якія працуюць у нашым РПЦ і іншых медыцынскіх установах. На жаль, у папярэднім кодэксе гэтая катэгорыя спецыялістаў была абдзелена ўвагай, і таму ўмовы працы адрозніваліся ад умоў лагапедаў ва ўстановах адукацыі. А гэта вялікае войска, якое дапамагае вярнуць гаворку пацыентам пасля перанесеных захворванняў. Зараз іх правы ўлічаны.  

Простае шчасце…

— Калі не сакрэт, раскажыце, як праходзіць ваш сённяшні дзень — панядзелак, дзень нашай сустрэчы? 

Раніцай была ў родным РНПЦ паталогіі слыху, голасу і маўлення, правяла кансультацыю складанага пацыента, распісала яму лячэнне. Практычна кожны дзень бываю там. Калі раніцай ёсць пасяджэнні ў парламенце, еду ў цэнтр пасля абеду ці пазней, як атрымліваецца. Зараз я ў парламенце. Вось закончылі абмеркаванне ўказа па аграэкатурызме. У гадзіну дня ў мяне пасяджэнне экспертнай рады Вышэйшай атэстацыйнай камісіі ў Акадэміі навук, членам якой я з’яўляюся. Матэрыялы ў мяне былі ўжо на мінулым тыдні, за выхадныя вывучыла ўвесь пакет.

Лічу, што Кодэкс аб адукацыі атрымаўся прадуманым і правільным. Наша камісія прымала вельмі актыўны ўдзел у яго абмеркаванні і прыняцці. Як прадстаўнікі медыцыны мы звярнулі ўвагу на лагапедаў, якія працуюць у нашым РПЦ і іншых медыцынскіх установах. 

— У выхадныя? 

— Так было заўсёды. Мы, урачы, да гэтага прывыклі. Выкладаць імкнуся па суботах альбо ў вячэрні час. Прашу ставіць мне лекцыі максімальна позна. Заканчваюцца яны а дзясятай гадзіне вечара. 

— Ці ёсць у вас дэвіз? 

— Няма. Ёсць стыль жыцця — шмат працаваць. Так жывуць мой муж і мае дзеці. Я ўвесь час імкнуся дапамагаць людзям, ніколі не адмаўляю, калі да мяне звяратаюцца па медыцынскую дапамогу ці прыходзяць са сваімі праблемамі мае выбаршчыкі. 

— Шчасце жанчыны-маці ў яе дзецях. Вашы сын і дачка — урачы, пайшлі па вашых слядах, нягледзячы на тое, што бачылі, якая складаная гэтая прафесія. 

Калі яны былі маленькімі, мы шмат дзяжурылі. І таму яны рана сталі самастойнымі. Памятаю, сыну было чатыры гады і ён заставаўся адзін дома з сястрычкай, якой было 8 месяцаў. Вельмі ўдзячна мужу: ён увесь час з імі вучыўся, я была больш занятая. Зараз сын — кандыдат медыцынскіх навук, дачка — афтальмолаг. Іх другія палавінкі таксама ўрачы. Вось такая ў нас вялікая сям’я медыкаў. (Усміхаецца.)

— Якія рысы характару вам падабаюцца ў сабе?

— Мне падабаецца дапамагаць людзям. Думаю, гэта хутчэй спагадлівасць, а не дабрыня. Часам даводзіцца быць жорсткай, як здаецца людзям, калі я як урач павінна сказаць праўду пацыенту.

— Якія рысы не прымаеце ў іншых людзях? 

— Мы, урачы, праходзім вялікую школу жыцця, таму вельмі тонка адчуваем людзей. І мне асабіста не даспадобы, калі разумею, што побач чалавек няшчыры. Я вельмі прамалінейна магу яму сказаць пра гэта. 

— Як даўно вы шчыра смяяліся? 

— Учора адбылася вясёлая гісторыя. Разам са старэйшым унукам, якому споўнілася пяць гадоў, чыталі кнігу па анатоміі для дзяцей. Маці яму купіла, і ён сам яе чытае. І тут спытаўся: “Бабуля, а дзіця расце толькі ў жываце ў дзяўчынак?” “Так”, — адказваю. Ён выдыхнуў з палёгкай і вымавіў: “Ох, як добра, што мне не трэба станавіцца дзяўчынкай, каб у мяне ў жываце хтосьці рос”. Вось вам і адказ на пытанне аб змене полу, аб тым, калі з дзецьмі трэба размаўляць пра гэта і хто павінен расказаць. Я дзецям сваім не гаварыла, што іх знайшлі ў капусце. 

— Талісман у вас ёсць? 

— Не. У мяне ўсюды ёсць абразкі святых. Я веру, што нам ёсць дапамога адтуль, з неба. Веру, што святыя засцерагаюць нас. 

— На сабе даводзілася гэта адчуваць у аперацыйнай? 

— Не магу сказаць, што здараліся цуды. Але часам ідзеш у аперацыйную на вельмі-вельмі складаны выпадак, хвалюешся. А калі выходзіш, разумееш, што якаясьці сіла дапамагла тваёй хірургічнай руцэ. 

— Дома вы дазваляеце сабе быць проста жонкай, маці, бубуляй? Якая вы ў такія моманты? 

— Я мама, бабуля. (Усміхаецца.) Вельмі люблю гатаваць ежу, прыгожа сервіраваць абедзенны стол, за якім збіраецца ўся сям’я. На шчасце, разам з намі яшчэ і мае бацькі, забрала іх да сябе. Мы збіраемся ў выхадны дзень, гатуем разам пэўную страву, і кожны раз якую-небудзь новенькую. Аднак маім дзецям больш за ўсё падабаюцца мае дранікі, кажуць, што такіх смачных нідзе не каштавалі. А ўнукі просяць згатаваць тварожныя батончыкі, якія навучыла мяне рабіць яшчэ мая бабуля. У будныя дні я таксама гатую, з самай раніцы. І гэта не простыя стравы. Люблю, каб усё было свежае і смачнае. Таму ўстаю за тры гадзіны да выхаду з дому, раблю зарадку і іду да пліты, каб дзень пачаўся з карыснага і прыемнага.

Марына ЖДАНАВА