“Мая асабістая грамадзянская пазіцыя і глыбіня перакананняў запэўніваюць, што дзяржслужачы, кіраўнік установы адукацыі павінен накіроўваць усе свае рэсурсы на работу з людзьмі”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Людміла Ніцкая, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.
— Уся мая прафесійная дзейнасць звязана з вырашэннем сацыяльна значных пытанняў. Гэта і работа ў адной са школ абласнога цэнтра педагогам-арганізатарам якраз на этапе актыўнага аднаўлення піянерскага руху і арганізацыі БРСМ у пачатку 2000-х гадоў. Пасля быў вопыт работы ў дзіцячым доме, дзе вырашала пытанні, звязаныя з лёсамі дзяцей. Наступным этапам было курыраванне пытанняў абароны правоў дзяцей у Гродзенскім аблвыканкаме. А самы вялікі стаж прафесійнай дзейнасці звязаны з камісіяй па справах непаўналетніх. Узначальваючы яе, актыўна працавала з дзяржорганамі Гродзенскай вобласці па фарміраванні адзінай сістэмы ў сферы абароны правоў дзяцей і прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, — расказвае суразмоўніца.
Пасля гэтага быў вопыт кіраўніцтва адной з самых вялікіх школ Гродна, а з нядаўняга часу ўзначальваю аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.
На кожным з этапаў свайго прафесійнага шляху ўсведамляла маштаб і значнасць той увагі, якую дзяржава ўдзяляе кожнаму дзіцяці — нашай будучыні. Важна, каб гэта разумелі і цанілі ўсе жыхары краіны і асабліва прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці.
Працуючы кіраўніком школы ў абласным цэнтры, на практыцы бачыла, якія магчымасці маюць дзеці і маладыя людзі для вучобы, атрымання прафесіі, як гэтыя магчымасці штогод пашыраюцца. Калі ўзяць толькі гэты год, у Гродне адкрылася новая школа, будуецца чарговы дзіцячы сад, абноўлены, удасканалены многія ўстановы адукацыі. У гэта ўкладзены вялікія дзяржаўныя сродкі. Хочацца, каб такія станоўчыя змяненні адбываліся і надалей.
З году ў год навучэнцы Кастрычніцкага раёна Гродна ўдастойваюцца прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І гэта не толькі вынік работы асобна ўзятых устаноў адукацыі. Гэта рэальная дзяржаўная падтрымка здольных дзяцей і моладзі і разам з тым не проста прыгожыя словы, а факт: калі ёсць будучыня ў дзяцей, яна ёсць у краіны.
Мая асабістая грамадзянская пазіцыя і глыбіня перакананняў запэўніваюць, што дзяржслужачы, кіраўнік установы адукацыі павінен накіроўваць усе свае рэсурсы на работу з людзьмі. На месцах менавіта кіраўнік даводзіць да грамадства ўсе дзяржаўныя задачы і мэты, пачынаючы з настаўніка і заканчваючы вучнем і яго бацькамі. Адным словам, такая работа павінна ахопліваць усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу.
Прытрымліваючыся сваіх перакананняў, стала членам партыі “Белая Русь” і сёння з’яўляюся намеснікам старшыні яе Кастрычніцкага раённага аддзялення ў Гродне. Імкнуся ўсе свае веды і перакананні даводзіць да свайго найбліжэйшага асяроддзя, у тым ліку прафесійнага. Тэмп сённяшняга жыцця патрабуе актыўнай грамадзянскай пазіцыі ад кожнага з нас.
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна працягваецца работа па прысваенні ім імён герояў Вялікай Айчыннай вайны, выдатных і знакамітых землякоў. Толькі з пачатку гэтага навучальнага года імяннымі сталі адразу тры школы і гімназія раёна.
Гаворачы аб рабоце ў гэтым напрамку, важна адзначыць, што прысваенне імя — гэта не проста таблічка на школе. Гэта вялікая пошукавая работа педагогаў сумесна з навучэнцамі, гэта знаёмства кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу з біяграфіяй знакавых для грамадства асоб.
У мэтах захавання гістарычнай праўды, справядлівасці, памяці пра гераічнае мінулае і давядзення да маладога пакалення дакладных звестак аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў школах і гімназіях праходзяць сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі праваахоўных ведамстваў. Акрамя таго, пры падтрымцы нашых педагогаў юнакі і дзяўчаты актыўна займаюцца вывучэннем гэтай тэмы, у тым ліку самастойна. Так, на рэгіянальным этапе маладзёжнага творчага конкурсу “Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць” у адной з намінацый пераможцай стала адзінаццацікласніца нашага раёна.
Увага пытанням патрыятычнага выхавання сёння ўдзяляецца не толькі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Актуальныя яны нават на ўзроўні дашкольных устаноў. Кожны выхаванец дзіцячага сада сёння добра знаёмы з дзяржаўнымі сімваламі. Як дырэктару школы мне заўсёды было вельмі прыемна назіраць падчас урачыстай лінейкі 1 верасня за першакласнікамі, якія яшчэ не пераступілі школьны парог, але ўжо ведаюць словы гімна.
Менавіта з такіх пазлаў у раннім узросце фарміруецца безумоўны патрыятызм. А ўжо ў дарослым узросце ён становіцца асновай такой жа безумоўнай і, зразумела, актыўнай грамадзянскай пазіцыі.
Запісала Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара