Людміла Ніцкая: «Безумоўны патрыятызм разам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй фарміруецца ў раннім узросце»

- 16:10Моя гражданская позиция

“Мая асабістая грамадзянская пазіцыя і глыбіня перакананняў запэўніваюць, што дзяржслужачы, кіраўнік установы адукацыі павінен накіроўваць усе свае рэсурсы на работу з людзьмі”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” Людміла Ніцкая, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.

Уся мая прафесійная дзейнасць звязана з вырашэннем сацыяльна значных пытанняў. Гэта і работа ў адной са школ абласнога цэнтра педагогам-арганізатарам якраз на этапе актыўнага аднаўлення піянерскага руху і арганізацыі БРСМ у пачатку 2000-х гадоў. Пасля быў вопыт работы ў дзіцячым доме, дзе вырашала пытанні, звязаныя з лёсамі дзяцей. Наступным этапам было курыраванне пытанняў абароны правоў дзяцей у Гродзенскім аблвыканкаме. А самы вялікі стаж прафесійнай дзейнасці звязаны з камісіяй па справах непаўналетніх. Узначальваючы яе, актыўна працавала з дзяржорганамі Гродзенскай вобласці па фарміраванні адзінай сістэмы ў сферы абароны правоў дзяцей і прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, — расказвае суразмоўніца.

Пасля гэтага быў вопыт кіраўніцтва адной з самых вялікіх школ Гродна, а з нядаўняга часу ўзначальваю аддзел адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.

На кожным з этапаў свайго прафесійнага шляху ўсведамляла маштаб і значнасць той увагі, якую дзяржава ўдзяляе кожнаму дзіцяці — нашай будучыні. Важна, каб гэта разумелі і цанілі ўсе жыхары краіны і асабліва прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці.

Працуючы кіраўніком школы ў абласным цэнтры, на практыцы бачыла, якія магчымасці ма­юць дзеці і маладыя людзі для вучобы, атрымання прафесіі, як гэтыя магчымасці штогод пашыраюцца. Калі ўзяць толькі гэты год, у Гродне адкрылася новая школа, будуецца чарговы дзіцячы сад, абноўлены, удасканалены многія ўстановы адукацыі. У гэта ўкладзены вялікія дзяржаўныя сродкі. Хочацца, каб такія станоўчыя змяненні адбываліся і надалей.

З году ў год навучэнцы Кастрычніцкага раёна Гродна ўдастойваюцца прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І гэта не толькі вынік работы асобна ўзятых устаноў адукацыі. Гэта рэальная дзяржаўная падтрымка здольных дзяцей і моладзі і разам з тым не проста прыгожыя словы, а факт: калі ёсць будучыня ў дзяцей, яна ёсць у краіны.

Мая асабістая грамадзянская пазіцыя і глыбіня перакананняў запэўніваюць, што дзяржслужачы, кіраўнік установы адукацыі павінен накіроўваць усе свае рэсурсы на работу з людзьмі. На месцах менавіта кіраўнік даводзіць да грамадства ўсе дзяржаўныя задачы і мэты, пачынаючы з настаўніка і заканчваючы вучнем і яго бацькамі. Адным словам, такая работа павінна ахопліваць усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу.

Прытрымліваючыся сваіх перакананняў, стала членам партыі “Белая Русь” і сёння з’яўляюся намеснікам старшыні яе Кастрычніцкага раённага аддзялення ў Гродне. Імкнуся ўсе свае веды і перакананні даводзіць да свайго найбліжэйшага асяроддзя, у тым ліку прафесійнага. Тэмп сённяшняга жыцця патрабуе актыўнай грама­дзянскай пазіцыі ад кожнага з нас.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна працягваецца работа па прысваенні ім імён герояў Вялікай Айчыннай вайны, выдатных і знакамітых землякоў. Толькі з пачатку гэтага навучальнага года імяннымі сталі адразу тры школы і гімназія раёна.

Гаворачы аб рабоце ў гэтым напрамку, важна адзначыць, што прысваенне імя — гэта не проста таблічка на школе. Гэта вялікая пошукавая работа педагогаў сумесна з навучэнцамі, гэта знаёмства кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу з біяграфіяй знакавых для грамадства асоб.

У мэтах захавання гістарычнай праўды, справядлівасці, памяці пра гераічнае мінулае і давядзення да маладога пакалення дакладных звестак аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў школах і гімназіях праходзяць сустрэчы навучэнцаў з прадстаўнікамі праваахоўных ведамстваў. Акрамя таго, пры падтрымцы нашых педагогаў юнакі і дзяўчаты актыўна займаюцца вывучэннем гэтай тэмы, у тым ліку самастойна. Так, на рэгіянальным этапе маладзёжнага творчага конкурсу “Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць” у адной з намінацый пераможцай стала адзінаццацікласніца нашага раёна.

Увага пытанням патрыятычнага выхавання сёння ўдзяляецца не толькі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Актуаль­ныя яны нават на ўзроўні дашкольных устаноў. Кожны выхаванец дзіцячага сада сёння добра знаёмы з дзяржаўнымі сімваламі. Як дырэктару школы мне заўсёды было вельмі прыемна назіраць падчас урачыстай лінейкі 1 верасня за першакласнікамі, якія яшчэ не пераступілі школьны парог, але ўжо ведаюць словы гімна.

Менавіта з такіх пазлаў у раннім узросце фарміруецца безумоўны патрыятызм. А ўжо ў дарослым узросце ён становіцца асновай такой жа безумоўнай і, зразумела, актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Запісала Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара