Сёння прастора для творчасці неабмежаваная. Здаецца, чым бы ні займаўся сучасны чалавек, наўрад ці зможа здзівіць некага сваім захапленнем. Але, калі чуеш пра вырабы з дрэва і эпаксіднай смалы, скачкі з парашутам і ролевыя настольныя гульні, у такія цікавосткі мімавольна хочацца паглыбіцца.
Трэба ўнікаць у тое, пра што ў звычайным жыцці б не задумаўся
Ягор Ермачонак — магістрант факультэта журналістыкі БДУ. Вопыт яго захаплення самы “дарослы”: упершыню пра настольныя ролевыя гульні хлопец даведаўся 8 гадоў назад. Цікавасць да гэтага напрамку нарадзілася з цікавасці да фантастычных кніг з бацькоўскай бібліятэкі.
Па словах Ягора, настольныя ролевыя гульні ўвабралі ў сябе асаблівасці як ролевых, так і настольных гульняў. Ад першых — тое, што за кожным удзельнікам замацоўваецца пэўны персанаж (у залежнасці ад тэматыкі і скіраванасці гісторыі), які мае пэўны набор якасцей, здольнасцей і магчымасцей. Ад другіх — правілы і алгарытмы вядзення гульні. Да старту гісторыі характарыстыкі кожнага персанажа прапісваюцца на паперы для больш зручнага працэсу (у некаторых выпадках хапае старонкі, у іншых у ход ідзе некалькі аркушаў). Па сутнасці, ролевыя настольныя гульні — гэта віртуальная рэальнасць наяве.
Некалі юнак не мог уявіць, што знойдзе людзей, якія раздзеляць яго цікавасць, і зможа гуляць у такія гульні ў асабістым асяроддзі. Актыўна задзейнічаны ў гульнях ён ужо на працягу 2,5 гадоў — з таго часу, калі на адным з месцаў працы знайшоў аднадумцаў. Пасля сыходу на іншую работу малады чалавек задаўся пытаннем: “А як жа цяпер гуляць? Хто ж будзе кіраваць?”. Чалавек, які займаўся гэтым у іх кампаніі, прапанаваў: “А чаму б гэтым не заняцца табе?”. Пасля гэтай размовы Ягор не проста гулец — ён сам выбудоўвае канву гісторыі, прапануючы напрамкі развіцця падзей калегам па захапленні.
Кіраўніка гульні (ім найчасцей і выступае магістрант) часта называюць гейм-майстрам (ці, прасцей, апавядальнікам, куратарам, вядучым). Гэта чалавек, які ведае правілы, разумее тэматычныя асаблівасці гісторыі (валодае гісторыяй перыяду, які разглядаецца, мае звесткі пра знешні выгляд герояў, іх зброю, прылады працы і інш.). Калі, напрыклад, тэма тычыцца сярэднявечнай Еўропы, яму неабходна ведаць, людзі з якіх саслоўяў жылі ў той час, якія грамадскія працэсы былі актуальнымі ў гэты перыяд, як выглядалі гарады і вёскі, з якімі праблемамі сутыкаліся сяляне і г.д. Функцыя вядучага ў тым, каб максімальна вобразна апісаць сітуацыю, у якой павінны апынуцца героі, і прапанаваць некалькі варыянтаў развіцця падзей у залежнасці ад інтарэсаў гульцоў. Такое разгалінаванне ў дзеяннях персанажаў адбываецца ў ключавыя моманты гульні. Часта ўдзельнікі прапаноўваюць уласнае бачанне яе ходу. У гэтым выпадку апавядальнік павінен сарыентавацца і прапісаць гульню ў адпаведнасці з іх ідэямі.
— Для таго каб весці гульню, трэба шмат чытаць, унікаць у такія рэчы, пра якія ў звычайным жыцці ты ніколі б не задумаўся. Напрыклад, узбраенне сярэднявечнай Еўропы. Калі ў цябе персанажы з розных саслоўяў, ты павінен ведаць, па-першае, віды зброі, па-другое, пры якіх умовах яна магла быць набыта і хто меў права ёй карыстацца. Таксама для выбудоўвання сюжэтнай лініі трэба разбірацца ў гандлёвай, судовай і іншых сістэмах тагачаснай Еўропы. Гэта значна пашырае кругагляд, дапамагае разбірацца ў разнастайных галінах і пасля з розных бакоў ацэньваць падзеі асабістага жыцця, — тлумачыць Ягор.
Лідара ў гульнях можа і не быць, але гульцы з вопытам добра ведаюць, дзе трэба шукаць правілы. Звычайна яны знаходзяцца ў спецыяльных зборніках, часцей англамоўных, і змяшчаюцца на тэматычных рэсурсах. Але навічкам не трэба расслабляцца: аб’ем такіх “дапаможнікаў” у сярэднім налічвае 300 старонак. Часавы прамежак, які займае гульня, можа расцягнуцца, але гэта не бяда. Кожная новая сустрэча кампаніі пачынаецца з таго месца, дзе гульня была скончана мінулы раз.
Зацікаўленым гэтым напрамкам Ягор раіць знаходзіць людзей з падобнымі інтарэсамі — шукаць на тэматычных сайтах, пытацца ў знаёмых, звяртацца да практыкуючых гульцоў у чатах — і, галоўнае, практыкавацца.
Я шалёны рамантык
Надзея Фізер — чацвёртакурсніца факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ. Знаёмае многім выслоўе “Рух — гэта жыццё” як найлепш характарызуе студэнтку.
— Мяне заўсёды цягнула і не перастае цягнуць да экстрэмальных відаў спорту. Колькі ўсяго яшчэ не апрабавана, аж дух захоплівае! Гэтая думка проста не дае спакою, дае сілы рухацца наперад. Я шалёны рамантык, — дзеліцца студэнтка.
Сярод захапленняў Надзеі значнае месца займаюць альпінізм, дайвінг і фрыдайвінг (падводнае плаванне з затрымкай дыхання. — Заўв. аўтара.). Акрамя гэтага, Надзеі падабаецца гісторыя: дзяўчына любіць слухаць пра падзеі мінулага, якія вызначылі яе сёння. Студэнтка гаворыць, што размовы на гэтую тэму яна можа слухаць бясконца, паколькі лічыць, што будаваць будучыню немагчыма без ведання мінулага. Аднак першынство сярод інтарэсаў усё ж належыць скачкам з парашутам.
Ідэя пра такі від спорту ўпершыню прамільгнула ў свядомасці дзяўчынкі ў трынаццацігадовым узросце. Некалькі гадоў падлетак спрабавала атрымаць дазвол бацькоў, што, вядома, на той час было немагчыма. У 16 Надзея, шукаючы магчымасць рэалізаваць задуманае, трапіла на сайт Мінскага аэраклуба ДГСААФ, дзе адбываўся набор у групы для заняткаў парашутным спортам на бюджэтнай аснове. Займацца гэтым прафесійна Надзя не думала, але адмовіцца ад такога шансу не магла. Таму ў найбліжэйшыя выхадныя паехала на сход у аэраклуб.
— Я скокнула адзін, два, тры разы, падумала, што трэба спрабаваць яшчэ. Так і ўцягнулася. З 2016 года я і парашуты разам, — гаворыць студэнтка.
Першага скачка Надзея чакала некалькі тыдняў: у пачатку вясны надвор’е доўгі час не садзейнічала спартсменам. Моладзь з раніцы збіралася ў аэраклубе і да вечара чакала спрыяльных умоў. Гэта, па словах чацвёртакурсніцы, стала больш хвалюючым, чым сам скачок.
— Ён прайшоў як у тумане. Больш эмоцый прыносілі скачкі пры асвойванні вольнага падзення, калі ты ляціш 10, 20, 30 секунд і пасля адкрываеш парашут. Напачатку любуешся пейзажамі і атрымліваеш асалоду, але з часам гэта забываецца і ўсе думкі накіраваны на тое, каб выканаць пэўнае заданне і не праваліцца. Для мяне найбольш страшным аказаўся 9-ы скачок. Гэта ў кожнага індывідуальна: на некага можа паўплываць сітуацыя ў самалёце ў час палёту, некаму, асабліва навічкам, перадаецца страх сяброў, — узгадвае Надзя. — Найбольш запамінаецца атмасфера аэраклуба, заняткі па ўкладцы парашутаў, падрыхтоўка да скачкоў, пакідаюць адбітак людзі з аднолькавымі інтарэсамі, якія праводзяць з табой шмат часу. А адрэналін толькі ўзмацняе ўсе гэтыя ўражанні. Многія, калі прыязджаюць на скачкі, мяняюцца ў твары. Тут усе клопаты, накоплены за тыдзень стрэс, дрэнны настрой і прыгнечанасць адыходзяць на задні план, варта толькі падысці да краю самалёта і скокнуць. Ты прызямляешся абсалютна іншым чалавекам. Кажуць, чалавек, які аднойчы паглядзеў у неба, заўсёды будзе скіроўваць туды свой погляд.
Новае захапленне дачкі бацькі ўспрынялі не адразу. Але з часам, хоць хваляванне нікуды не знікла, звыкліся і ганарацца выбарам дзяўчыны. Знаёмыя і сябры таксама са здзіўленнем сустрэлі такое хобі, але зараз не прамінаюць выпадку расказаць, што іх знаёмая займаецца незвычайным спортам.
— Увайсці ў парашутны спорт можна двума спосабамі: праз класіку і AFF (праграма паскоранага навучання скачкам з парашутам. — Заўв. аўтара.).
У свеце, каб асвоіць парашут, неабходна засвоіць менавіта гэты курс. У нас жа распаўсюджана класічная праграма. Першы яе этап уключае тры азнаямленчыя скачкі на круглых парашутах тыпу “Юніёр” (ён самастойна раскрываецца пасля выхаду чалавека з самалёта) і “Д6” (яго прыводзяць у дзеянне, торгаючы за кальцо праз 3—5 секунд пасля выхаду, там жа ёсць прыбор, які раскрые парашут, калі гэтага не зробіць скакун). На гэтых парашутах вышыня скачка знаходзіцца на рубяжы 800—900 метраў, — тлумачыць спартсменка. — Другі этап — авалодванне тэхнікай вольнага падзення на круглым парашуце тыпу “Д-1-5У” (ён, у адрозненне ад “Д”, не мае дадатковага парашута, які стабілізуе, таму падчас палёту ты можаш рабіць тое, чаго хоча душа. Галоўнае — стабільна (гарызантальна да зямлі, тварам уніз, лежачы на жываце і не куляючыся) раскрыць парашут на вышыні 1000 метраў. Далей пачаткоўцы пераходзяць на спартыўны парашут тыпу “Крыло”.
Па словах Надзеі, для таго каб дасягнуць поспеху ў гэтым спорце, заняць лідарскія пазіцыі ў Еўропе і свеце, трэба прыходзіць сюды як мага раней — прыблізна ў 15—16 гадоў. Гэта тлумачыцца тым, што юніёрскі ўзровень тут заканчваецца ў 24 гады. У дарослым узросце займаць першыя месцы значна цяжэй. Дзяўчына звяртае ўвагу зацікаўленых на тое, што ім прыйдзецца прайсці медыцынскую камісію, якая вырашыць: дапускаць ці не дапускаць чалавека да скачкоў па стане здароўя. Яна падкрэслівае важнасць добраразвітой эмацыянальнай стабільнасці для заняткаў парашутным спортам. Гэта значны памочнік у стрэсавай сітуацыі, калі, напрыклад, перастае працаваць асноўны парашут, а чалавек не панікуе, а цвяроза ацэньвае сітуацыю і ўводзіць у дзейнасць запасны купал.
— Каб жыць эмацыянальна насычаным жыццём, неабходна пераадольваць уласныя страхі. І няважна, гэта страх перад цемрай, скачком з парашутам ці боязь зрабіць крок наперад невядомаму, — упэўнена чацвёртакурсніца.
Смала закіпела і… мой энтузіязм скончыўся
Аляксей Руткоўскі вучыцца на 5 курсе ў БНТУ. Яго хобі — выраб упрыгажэнняў, шкатулак і элементаў мэблі з дрэва і эпаксіднай смалы. У яго творчай калекцыі — завушніцы, кулоны, пярсцёнкі, значкі, музычныя медыятары, палічкі і нават сталы. Пра гэта захапленне можна сказаць, што ў яго хлопец прыйшоў шляхам проб і памылак і яно ўзрасло разам са сталеннем студэнта. Некаторы час ён вязаў, вышываў (штуршок дала прысутнасць на школьных занятках вытворчага навучання ў дзяўчат і вопыт бабулі), займаўся музыкай. Аднак юнак не ўсведамляў, як у гэтых напрамках можна развівацца.
— Калі я паступіў ва ўніверсітэт, не бачыў перад сабой акрэсленай мэты, не да канца разумеў, кім хачу быць у будучыні. Аднойчы ў інтэрнэце знайшоў інфармацыю пра эпаксідную смалу. Клікнуў, прачытаў — вырашыў паспрабаваць. Тым больш што вопыт работы з дрэвам у мяне быў па вучобе. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў мяне тады нічога не атрымалася: смала папросту закіпела. Калі не ведаеш асаблівасцей матэрыялу, гэта нядзіўна. Энтузіязму адразу паменшала, і я кінуў.
Не памятаю, што памяняла маё рашэнне, але праз паўтара года я зноў вярнуўся да вырабаў з эпаксіднай смалы, — расказвае Лёша.
Першыя вырабы — бірулькі са зломаў драўніны і смалы прамавугольнай формы — студэнт захоўвае і сёння. На іх выраб хлопцу спатрэбіліся суткі. Зараз Аляксей прызнаецца, што гэтыя аксесуары паказваюць кантраст яго творчасці тады і зараз.
Назапасіўшы майстэрства і вывучыўшы асаблівасці работы з эпаксіднай смалой, студэнт вырашыў ператварыць захапленне ў асабісты праект. Так у Instagram з’явіўся профіль Beyong wood, і хлопец пачаў ствараць незвычайныя прадметы для іншых.
— Я разумеў, што мне і цікава, і з’явілася магчымасць зарабляць. Пайшлі першыя заказы. Захацелася разнастаіць спіс таго, што я магу прапанаваць людзям, — так з’явілася шмат рэчаў, якія я раблю зараз, — узгадвае Лёша. — Рэклама ў сацыяльных сетках спачатку ніяк не ўплывала на вядомасць вырабаў, але выручыла сарафаннае радыё. І зараз многія, хто ведае пра брэнд, рэкамендуе яго сваім сябрам ці знаёмым.
Для таго каб набыць навыкі работы з эпаксіднай смалой, па словах пяцікурсніка, трэба ведаць шмат тонкасцей: як рэчыва паводзіць сябе ў вадкім стане, асаблівасці герметызацыі з дрэвам, спалучэнне смалы з колерам і інш. Майстар перакананы, што засвоіць неабходныя веды можна за тыдзень, а навучыцца прафесіянальна ствараць вырабы — за месяц. Галоўнае, што зможа дапамагчы ў гэтай дзейнасці пачаткоўцу, — уседлівасць і цярпенне (на той выпадак, калі нешта пойдзе не па плане ці рэч прыйдзецца перарабляць або дапрацоўваць).
Зараз у Аляксея ёсць любімыя творы, якія ён захоўвае: элементы інтэр’ера і некалькі камплектаў упрыгажэнняў:
— Гэтыя рэчы не сорамна паказваць. У іх, як мне здаецца, няма нічога лішняга. Глядзіш на іх і ловіш сябе на думцы, што ў іх усе грані ідэальныя, — падагульняе малады чалавек.
Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістых архіваў герояў.