Людзям, якія апантаны пошукам, навука прыносіць радасць

- 11:05Суразмоўца

Нядаўна ў магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Выпускнікі ўніверсітэтаў мелі магчымасць бліжэй азнаёміцца з гэтай унікальнай установай адукацыі.

Пра адметнасці акадэмічнай магістратуры нам расказаў рэктар інстытута, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Ігар Іванавіч ГАНЧАРОНАК.

— Ігар Іванавіч, у вашым інстытуце няма першай ступені вышэйшай адукацыі. Патлумачце, якім чынам забяспечваецца прыём у магістратуру?

— Наш інстытут, як зразумела з назвы, нацэлены на падрыхтоўку менавіта навуковых кадраў, таму мы пачынаем з магістратуры. Хачу заўважыць, што такая мадэль падрыхтоўкі навукоўцаў не новая. Яе асновы былі закладзены шмат дзесяцігоддзяў назад у Масачусецкім тэхналагічным інстытуце (ЗША). У 2009 годзе Еўрасаюз, нягледзячы на тое, што на кантыненце дзейнічае шмат рэйтынгавых універсітэтаў, стварыў Еўрапейскі інстытут інавацый і тэхналогій (ЕІТ). Сёння ён вядзе падрыхтоўку кадраў толькі на ўзроўні магістарскіх і аспіранцкіх праграм інавацыйнага профілю. Дзейнічае прынцып сеткавага ўзаемадзеяння: выпускнікі розных еўрапейскіх універсітэтаў могуць выбраць праграму, якая іх цікавіць, і прадоўжыць навучанне ў магістратуры ці аспірантуры ЕІТ. Акрамя таго, мы актыўна вывучаем вопыт Карэйскага інстытута навукі і тэхналогіі, Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Кітайскай акадэміі грамадскіх навук і іншых падобных устаноў. Усё лепшае будзем пераасэнсоўваць і акумуляваць у нас.

Сёння Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пераўтвараецца ў буйную навукова-вытворчую карпарацыю. У гэтым кантэксце ідзе развіццё і нашага інстытута. Мы паставілі мэту зрабіць яго нацыянальным хабам — цэнтрам, куды будуць сцякацца лепшыя розумы не толькі з Беларусі, але і з усёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Для гэтага нам трэба прапанаваць маладым людзям такія ўмовы, каб яны бачылі перспектывы прафесійнага росту. І такія ўмовы ў нас ёсць. Справа ў тым, што навукоўца можа падрыхтаваць толькі навуковец. У нашым інстытуце магістарскімі дысертацыямі кіруюць вядучыя вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнікі навуковых школ, члены-карэспандэнты, акадэмікі. Многія магістранты прыходзяць сюды, каб трапіць да пэўнага вучонага і далучыцца да тых даследаванняў, якімі ён кіруе.

— І ўсё ж няма складанасцей з наборам у магістратуру? У адрозненне ад універсітэтаў, дзе існуе пераемнасць і многія выпускнікі першай ступені па зразумелай схеме пераходзяць на другую ступень, вам кожны год трэба змагацца за найлепшых выпускнікоў…

— Мы свядома не ідзём на адкрыццё першай ступені вышэйшай адукацыі. Як заўважыў рэктар МДУ Віктар Садоўнічы, каб падрыхтаваць n сапраўдных матэматыкаў, трэба, каб было n2 абітурыентаў. Уявіце: з 2,5 тысячы абітурыентаў на выхадзе атрымліваецца ўсяго 50 матэматыкаў! Таму гэта задача ўніверсітэтаў — праводзіць адбор студэнтаў на 1 курс і фарміраваць асяроддзе, дзе раскрываюцца таленты. Задача навукоўцаў — ісці ва ўніверсітэты, знаходзіць таленавітых маладых людзей, браць на сябе кіраўніцтва іх курсавымі і дыпломнымі праектамі, і потым прыводзіць за сабой у магістратуру, аспірантуру і г.д. Тут яны павінны кіраваць ужо магістарскімі дысертацыямі сваіх выхаванцаў і на базе сваіх навуковых устаноў даводзіць іх да такога ўзроўню, каб у іх вырашаліся канкрэтныя навуковыя праблемы або задачы інавацыйнай вытворчасці.

— Скажыце, Ігар Іванавіч, ёсць канкурэнцыя з універсітэтамі за выпускнікоў?

— Так, канкурэнцыя ёсць, але мы ўсе павінны разумець, што сеткавы механізм узаемадзеяння сёння максімальна эфектыўны. Універсітэт толькі для адукацыі і навукі — гэта ўжо мінулае стагоддзе. Новая парадыгма “Універсітэт 3.0”, якая зараз актыўна падтрымліваецца ў свеце, дыктуе неабходнасць спалучаць адукацыю, навуку і інавацыі. А гэта можна ажыццяўляць толькі ў рамках сеткавага ўзаемадзеяння з навукова-вытворчымі арганізацыямі праз сумеснае выкарыстанне іх унікальнага абсталявання і прыцягненне іх інтэлектуальных рэсурсаў. Тут запатрабаваны не толькі спецыяльныя адукацыйныя тэхналогіі, але і творчы патэнцыял бізнесу з яго няпэўнасцю, свабодай думкі і нестандартнымі падыходамі.

— У вас няма практыка-арыентаванай, а толькі навуковая магістратура. Скажыце, які працэнт вашых выпускнікоў ідзе далей у навуку?

— Звыш 80% нашых выпускнікоў размяркоўваецца на работу ва ўстановы Акадэміі навук. У многіх ёсць рэальныя ўкараненні ў вытворчасць, патэнты. Як правіла, усе магістранты маюць навуковыя публікацыі, а гэта сведчыць пра апрабацыю іх работы і пэўнае прызнанне. Сёлета 9 магістрантаў удзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў — і ўсе яны сталі пераможцамі.

Па выніках мінулых гадоў больш як 60% нашых выпускнікоў паступае ў аспірантуру — гэта самы высокі паказчык магістарскай падрыхтоўкі ў краіне. Спадзяёмся, што ён захаваецца і сёлета. Дарэчы, нашы магістранты падчас вучобы здаюць усе кандыдацкія мінімумы, а іх магістарская дысертацыя з’яўляецца добрай асновай для напісання кандыдацкай работы.

— Вы сказалі, што 80% выпускнікоў ідзе ў навуку. А куды размяркоўваюцца астатнія выпускнікі?

— Калі ёсць заяўкі ад прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі, то мы размяркоўваем магістрантаў і туды. Але падкрэслю: гаворка ідзе пра навукаёмістыя вытворчасці. Многімі інавацыйнымі прадпрыемствамі, навукова-практычнымі цэнтрамі сёння кіруюць вучоныя, якія выдатна разумеюць якасць магістарскай падрыхтоўкі. Таму нашы выпускнікі, якія прыходзяць на такія прадпрыемствы, адразу атрымліваюць цікавую работу і добрыя перспектывы для прафесійнага росту.

— Ці ёсць магчымасць у вашых магістрантаў удзельнічаць у міжнародных праектах, абменах, грантах?

— Навука па вызначэнні інтэрнацыянальная, і нельга дасягнуць чагосьці значнага за закрытымі дзвярыма. Нацыянальная акадэмія навук супрацоўнічае з 90 краінамі свету — і гэта наш велізарны патэнцыял для развіцця. Паколькі ўсе магістранты, як правіла, на 0,25—0,5 стаўкі працуюць малодшымі навуковымі супрацоўнікамі, інжынерамі ў навукова-даследчых інстытутах НАН Беларусі, то яны з’яўляюцца непасрэднымі выканаўцамі розных нацыянальных і міжнародных праектаў.

Хачу сказаць, што з гэтага года ўсе нашы магістарскія праграмы перакладзены на англійскую мову. Мы напісалі вучэбныя планы, падрыхтавалі вучэбна-метадычную дакументацыю, а самае галоўнае, у нас ёсць вучоныя, якія гатовы выкладаць магістрантам па-англійску. Гэта значыць, што наш інстытут адкрыты не толькі для беларускіх, але і для замежных студэнтаў.

Зрэшты, англійская мова ўводзіцца не толькі дзеля пашырэння экспарту адукацыйных паслуг. Сёння гэта ўвогуле мова навукі. Калі вучоны хоча ведаць, чым займаюцца яго калегі ў свеце, і расказаць пра свае дасягненні, ён павінен валодаць англійскай мовай. Таму ўсе магістранты, якія прыходзяць да нас з базавай нямецкай, французскай ці іспанскай мовай, пераходзяць на англійскую. Зараз мы стварылі спецыяльны часопіс “Магістарскі веснік”, дзе магістранты могуць друкаваць свае першыя сур’ёзныя публікацыі. І рабочымі мовамі гэтага часопіса з’яўляюцца беларуская, руская і англійская.

Сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук дзейнічае 137 аспіранцкіх праграм. Амаль палова з іх таксама забяспечана навуковым суправаджэннем на англійскай мове.

— Зараз пачынаецца прыём у магістратуру. Скажыце, Ігар Іванавіч, якіх выпускнікоў вы найперш чакаеце?

— Мы чакаем маладых людзей, матываваных да навуковай дзейнасці, якія не баяцца новых адкрыццяў і гатовы да іх. Трэба прызнаць, што навука ніколі не была крыніцай шматлікіх даброт, гэта не бізнес. Але людзі, апантаныя пошукам, могуць атрымліваць тут сапраўднае задавальненне.

У нас не масавая вытворчасць, за кошт бюджэту мы набіраем усяго 100 магістрантаў у год. Наша задача — падрыхтаваць сапраўдных навукоўцаў. А гэта індывідуальная работа, вынік якой — элітарная адукацыя.

— Сёння ў вашай магістратуры вядзецца падрыхтоўка па 10 даволі разнастайных спецыяльнасцях. Ці плануеце пашыраць пералік магістарскіх праграм?

— Так, адукацыя — гэта жывы арганізм, і калі патрэба ў нейкіх спецыяльнасцях на рынку працы знікае, то і адпаведныя праграмы павінны згортвацца. У той жа час ствараюцца новыя інавацыйныя тэхналогіі, і іх трэба забяспечваць кадрамі.

Зараз мы распрацавалі тры новыя праграмы, якія, спадзяюся, пачнуць дзейнічаць ужо праз год. Так, мы першымі ў краіне стварылі стандарт (зараз ён праходзіць апрабацыю) для спецыяльнасці “Адытыўныя тэхналогіі”. Cёння 3D-друк, заснаваны на адытыўных тэхналогіях, запатрабаваны ў самых розных галінах — ад медыцыны да будаўніцтва. У нас ёсць запыт на адпаведных спецыялістаў да 2025 года, не менш як 10 чалавек у год.

Другая праграма “Нанаматэрыялы і нанатэхналогіі”. Попыт на спецыялістаў у гэтай сферы будзе толькі ўзрастаць.

І трэцяя — “Электронная ахова здороўя”. Медыцына сёння — гэта высокатэхналагічная галіна, дзе электронныя камунікацыйныя тэхналогіі шырока выкарыстоўваюцца для выяўлення захворванняў, лячэння пацыентаў, навучання медработнікаў і г.д.

Акрамя таго, распрацоўваем спецыяльнасці, якія плануем адкрыць праз 2—3 гады.

— Сёлета ў многіх універсітэтах адбудуцца два выпускі: тых, хто вучыўся па чатырох- і пяцігадовых праграмах. Як у сувязі з гэтым будуць карэкціравацца тэрміны навучання ў магістратуры?

— З гэтага года магістратура будзе двухгадовай.

— А што для тых, хто вучыўся на першай ступені 5 гадоў?

— Яны завершаць магістратуру за год. Мы забяспечым адпаведную дыферэнцыяцыю. Зараз рыхтуецца вучэбна-метадычная дакументацыя, адаптуюцца стандарты пад розныя тэрміны навучання. Напэўна, з’явяцца пытанні з напаўняльнасцю груп. Але ў працэсе навучання мы будзем інтэграваць пэўныя курсы, раздзяляць іх на спецкурсы, спецыялізацыі. Так што некаторыя цяжкасці будуць, але мы іх пераадолеем.

— У вашым інстытуце няма завочнай магістратуры. Аднак дзённая форма хоць і падыходзіць учарашнім студэнтам, але не надта зручная для тых, хто ўжо працуе, мае сям’ю…

— Правільна сказаць, што ў нас не дзённая, а вочная форма навучання, бо ёсць шмат вячэрніх заняткаў. Мы забяспечваем гібкі графік, максімальна прыстасоўваючы яго пад патрэбы магістрантаў.
Дарэчы, мы запрашаем у нашу магістратуру і настаўнікаў. Лічу, што па-сапраўднаму матываваць дзяцей могуць людзі, якія ведаюць, разумеюць і адчуваюць навуку. Навучанне ў магістратуры — гэта добрая магчымасць для асабістага і прафесійнага развіцця, шанс выйсці на новы жыццёвы ўзровень.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.