Электронная бібліятэка БДУ ўвайшла ў топ-30 лепшых рэпазіторыяў планеты
Паводле сусветнага рэйтынга Transparent Ranking of Repositories, які ахоплівае тысячу рэпазіторыяў універсітэтаў і даследчых цэнтраў з розных краін, электронная бібліятэка БДУ заняла 27-е месца. Калі браць пад увагу менавіта ўніверсітэцкія рэпазіторыі, то БДУ замкнуў тройку лідараў, прапусціўшы наперад толькі Федэральны ўніверсітэт Рыа-Грандэ-ду-Сул (Бразілія) і Універсітэт Кіёта (Японія).
Пра рэпазіторый (лічбавае сховішча) і адметнасці, што абумовілі такое высокае месца ў прэстыжным рэйтынгу, расказвае дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір КУЛАЖАНКА.
— Рэйтынг — не самамэта для бібліятэкі, мы проста выконваем сваю работу. Асноўны сэнс у тым, каб навуковыя публікацыі, вучэбныя і метадычныя матэрыялы вучоных і выкладчыкаў універсітэта былі ў адкрытым доступе і добра індэксаваліся пошукавай сістэмай. Рэйтынг Transparent Ranking of Repositories, які ацэньвае ўзровень адкрытасці акадэмічных рэсурсаў і іх інтэграцыю ў сусветную інфармацыйную прастору, высока ацаніў нашу работу ў гэтым кірунку.
Фундаментальная бібліятэка БДУ першая ў краіне пачала ствараць інстытуцыянальны рэпазіторый і размяшчаць у адкрытым доступе навуковыя публікацыі, вучэбныя і метадычныя матэрыялы вучоных і выкладчыкаў універсітэта. Акрамя таго, бібліятэка ажыццяўляе перавод дакументаў, што знаходзяцца ў яе фондах, у электронны фармат дзеля іх даступнасці для сусветнай навуковай супольнасці. Сёння ў лічбавым сховішчы БДУ змешчана больш за 130 тысяч публікацый.
Насамрэч многія ўніверсітэты маюць добрыя рэпазіторыі, але важна, каб іх адшукваў Google. Людзі зараз глыбока не капаюць: яны адкрываюць адно пошукавае акно ў Google, і калі вас там няма — значыць вас няма ўвогуле. Таму трэба павышаць сваю бачнасць у інтэрнэце і больш уважліва адносіцца да кантэнту, каб ён лепш індэксаваўся сістэмай Google Scholar (гэта асноўная пошукавая машына, якая дазваляе вучоным шукаць навуковыя рэсурсы ў сусветнай павуціне).
Дарэчы, гэта першае выданне рэйтынга, і распрацоўшчыкі надрукавалі зварот да ўсіх рэпазіторыяў, каб тыя звярнулі ўвагу на праблему адкрытасці сваіх даных і пачалі работу над іх прасоўваннем. І тое высокае месца, якое мы маем у рэйтынгу, абумоўлена нашай папярэдняй работай. Мы заўсёды надавалі ўвагу адкрытасці даных, таму адразу апынуліся ў тройцы лепшых універсітэтаў свету. БДУ наўрад ці абганяе ў гэтым пытанні Оксвард, Кембрыдж ці Масачусецкі тэхналагічны інстытут. Напэўна, калі б яны своечасова звярнулі ўвагу на адкрытасць сваіх даных, то ў рэйтынгу апынуліся б вышэй за нас. Але электронная бібліятэка БДУ таксама даволі моцная, а ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы яна адназначна лепшая.
— У апублікаваным рэйтынгу, акрамя рэпазіторыяў універсітэтаў і навуковых цэнтраў, можна заўважыць нацыянальныя агрэгатары. Першыя радкі занялі China National Knowledge Infrastructure, Japan Science and Technology Information Aggregator Electronic J-STAGE, RecearchGate, Europe PubMed Central. Як працуюць такія лічбавыя сховішчы і ці могуць з імі спаборнічаць асобныя ўстановы?
— Сапраўды, акрамя інстытуцыянальных рэпазіторыяў, дзе размяшчаюцца навуковыя і вучэбныя выданні, створаныя вучонымі пэўных універсітэтаў, ёсць тэматычныя і нацыянальныя агрэгатары. Бываюць нават рэгіянальныя агрэгатары, калі некалькі краін робяць адзіны рэсурс, які аб’ядноўвае метаданыя цэлага шэрага інстытуцыянальных рэпазіторыяў. Вядома, такія агрэгатары выглядаюць унушальна, і першыя месцы ў згаданым рэйтынгу занялі менавіта яны. Асобным установам канкурыраваць з імі цяжка.
У нашай краіне рух па стварэнні рэпазіторыяў пачаўся ў 2010 годзе ў БДУ. Потым да гэтай работы падключыліся БНТУ і іншыя ўніверсітэты. На гэты час з 52 устаноў вышэйшай адукацыі рэпазіторыі маюць 26. Для параўнання: у Расіі з тысячы ўніверсітэтаў рэпазіторыі маюць таксама 26. Таму ў нашай краіне сітуацыя вельмі нядрэнная. Аднак трэба ісці далей.
Зараз у суседняй краіне ствараецца Нацыянальны агрэгатар адкрытых рэпазіторыяў расійскіх універсітэтаў (НОРА), які закліканы аб’яднаць даныя аб выніках даследаванняў расійскіх навукоўцаў. Аналагічны праект прадумваецца і ў Беларусі, мы працуем у гэтым напрамку з Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Міністэрства адукацыі.
— Трэба меркаваць, што рэпазіторый БДУ ўтрымлівае пераважна рускамоўны кантэнт? Наколькі складана прасоўваць яго ў англамоўным навуковым свеце?
— Сапраўды, матэрыялы пераважна рускамоўныя, але значная колькасць (па гісторыі, філалогіі) прадстаўлена на беларускай мове. Ёсць і англамоўны кантэнт, але гэта, як правіла, публікацыі нашых вучоных, якія былі размешчаны ў замежных навуковых выданнях. Трэба адзначыць, што ў БДУ ёсць вучоныя сусветнага ўзроўню, якія публікуюцца нават у часопісах класа Nature.
А ўвогуле, Google працуе зараз на ўсіх мовах. Пошукавая сістэма ацэньвае кожны дакумент на прадмет адпаведнасці акадэмічным патрабаванням, і калі так, яна яго індэксуе. І мы, аналізуючы статыстыку сваёй электроннай бібліятэкі, бачым запыты на матэрыялы вучоных БДУ з Кітая, Бразіліі, Чылі і многіх іншых краін свету. Нават рускамоўны кантэнт карыстаецца попытам.
Дарэчы, я аналізаваў публікацыі навукоўцаў БДУ, пачынаючы з 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя (калі ў структуры ўніверсітэта быў яшчэ медыцынскі факультэт), якія зараз індэксуюцца найбольш аўтарытэтнымі базамі даных, такімі як Scopus. Дык вось яны былі на нямецкай мове. Уся даваенная навука была пераважна нямецкамоўнай. Потым вайна, эвакуацыя, аднаўленне… У 50—60-х гадах публікацый амаль няма. У 70—80-х гадах вучоныя БДУ пачынаюць актыўна публікавацца, але ўжо на англійскай мове.
Зразумела, адукацыйны кантэнт можа быць і руска-, і беларускамоўным, але сённяшняя мова глабальнай навукі — англійская. Дарэчы, зараз перад БДУ стаіць задача ствараць англамоўныя вучэбныя праграмы, падручнікі, дапаможнікі, і, няма сумнення, гэты трэнд будзе развівацца і ў адукацыйным асяроддзі.
— Стаіць задача навуковыя публікацыі, вучэбныя і метадычныя матэрыялы вучоных і выкладчыкаў універсітэта размяшчаць у адкрытым доступе. Як у сувязі з гэтым вырашаецца пытанне з аўтарскім правам?
— Сёння Фундаментальная бібліятэка БДУ выступае як каардынацыйна-метадычны цэнтр універсітэцкіх бібліятэк, і мы пастаянна агучваем ідэю, што трэба ствараць рэпазіторыі. Скажу шчыра, некаторыя ўпіраюцца, акадэмічная супольнасць не заўсёды гатова размяшчаць свае публікацыі ў адкрытым доступе. Даводзіцца праводзіць вялікую асветніцкую работу.
Немагчыма быць прадуктыўным вучоным і не мець публікацый у інтэрнэце. І рэпазіторый — адна з магчымасцей для вучонага паказаць сябе свету. Бывае, аўтар друкуецца ў часопісе накладам 100 асобнікаў — але хіба можна гэтым задаволіцца? Мы размяшчаем той жа матэрыял у адкрытым доступе ў электроннай бібліятэцы і бачым, што за кароткі час яго спампавалі 20 тысяч разоў. У інтэрнэце плён работы вучонага ў сотні разоў лепш бачны і больш запатрабаваны. І калі хтосьці баіцца, што яго навуковыя ідэі скрадуць, і таму піша “ў стол”, то ён сам у сябе крадзе.
У свеце адным з найважнейшых паказчыкаў навуковай прадуктыўнасці вучонага з’яўляецца h-індэкс, або індэкс Хірша. Ён улічвае, колькі артыкулаў вучонага апублікавана, у якіх часопісах, як часта іх цытуюць і г.д. За мяжой лічыцца, колькі гадоў вучоны ў навуцы — такім павінен быць h-індэкс. А калі няма публікацый, няма спасылак, хто прызнае такога навукоўца?
У статуце БДУ напісана, што ўсё, вырабленае супрацоўнікамі ў рабочы час, належыць універсітэту. Аднак мы заключаем індывідуальнае пагадненне з кожным аўтарам, дзе ён дае згоду на размяшчэнне сваёй публікацыі ва ўніверсітэцкім рэпазіторыі і ўказвае ступень доступу (карпаратыўная ўніверсітэцкая сетка — толькі для студэнтаў і супрацоўнікаў БДУ ці адкрыты доступ, і тады яго будзе бачыць увесь свет).
— Як шмат вучоных працягваюць пісаць “у стол”?
— У сусветнай літаратуры, якая апісвае гэтую праблему, адзначаецца, што прыкладна 5% еўрапейцаў са складу акадэмічнага персаналу не пагаджаецца на змяшчэнне сваіх матэрыялаў у адкрытым доступе. У нас, я думаю, гэтая колькасць большая.
Мадэль стварэння электронных архіваў пачала фарміравацца ў 2002 годзе. Тады найбольш прагрэсіўная частка вучоных вырашыла: з развіццём інтэрнэту трэба рабіць навуковыя публікацыі больш даступнымі — гэта павысіць хуткасць і прадукцыйнасць навукі.
Закрытая на той час навука рэальна тармазіла прагрэс. Напрыклад, даследаванні раку. Вучоны друкаваў артыкул. Часопіс за грошы рассылаў пэўную колькасць асобнікаў падпісчыкам. Электронная версія артыкула выходзіла па эмбарга праз 24 месяцы. Гэта значыць, вучоныя, якія не мелі падпіскі на часопіс, атрымлівалі доступ да артыкула толькі праз 2 гады. Адпаведна, шырокае кола навукоўцаў магло далучыцца да абмеркавання праблемы праз значны прамежак часу. А трэба, каб гэта было хутка…
Так з’явілася канцэпцыя адкрытай навукі. Былі прыняты адпаведныя дэкларацыі ў Берліне і Будапешце і прапанаваны два шляхі: стварэнне часопісаў адкрытага доступу і рэпазіторыяў адкрытага доступу. Размяшчэнне публікацый у інтэрнэце робіць іх бачнымі свету, і тая тэхнічная платформа, на якой мы працуем, дазваляе дабіцца высокай ступені “гуглення”.
Сёння згаданая мадэль актыўна развіваецца. У Еўрапейскім саюзе ўжо прыняты дакументы, каб да 2020 года ўсе публікацыі паводле даследаванняў, што фінансуюцца ЕС, размяшчаліся ў адкрытым доступе.
Мы таксама знаходзім усё новыя нішы, напрыклад, зараз на ўзроўні савета ўніверсітэта прынята рашэнне размяшчаць у адкрытым доступе лепшыя дыпломныя і магістарскія работы студэнтаў. На Захадзе гэта нармальная практыка. Для выпускніка вялікі гонар размясціць сваю дыпломную работу ў Электроннай бібліятэцы ўніверсітэта. Пры ўладкаванні на работу ў сваім рэзюмэ ён робіць спасылку, і наймальнік можа бачыць, над якой праблемай працаваў суіскальнік, на якім узроўні. Гэта свайго роду партфоліа студэнта і дадатковы фактар самакантролю. Зараз у БДУ дзейнічае сістэма “Антыплагіят” — усе без выключэння работы правяраюцца, узровень курсавых і дыпломных праектаў расце. Тое, што яны будуць вечна захоўвацца ва ўніверсітэцкім рэпазіторыі, будзе яшчэ больш стымуляваць студэнтаў і магістрантаў да якаснай работы.
Рэйтынг рэпазіторыяў адкрытага доступу з’яўляецца ініцыятывай Вышэйшага савета па навуковых даследаваннях Іспаніі (CSIC). З яго дапамогай стваральнікі імкнуцца матываваць даследчыкаў публікаваць свае навуковыя вынікі ў інтэрнэце, робячы іх даступнымі для калег ва ўсім свеце.
— Уладзімір Генадзьевіч, як інфармацыйныя тэхналогіі трансфармуюць універсітэцкія бібліятэкі? Свет змяняецца, а бібліятэкі, як і ва ўсе часы, павінны быць асаблівым месцам для студэнтаў і прафесараў…
— Так, адбываецца лічбавая трансфармацыя ўніверсітэтаў, адпаведна мяняюцца і бібліятэкі. Традыцыйнае кніжнае сховішча ўжо не адпавядае ўсім запытам адукацыі (крэатыўнае навучанне, дыстанцыйныя тэхналогіі і г.д.). Функцыя сучаснай бібліятэкі не толькі ў напаўненні, захоўванні і кіраванні, але і дапамога выкладчыкам у стварэнні мультымедыйнага кантэнту. Нядаўна мы былі ва ўніверсітэце Барселоны, які вельмі прасунуты ў плане дыстанцыйнага навучання, і там менавіта бібліятэкары дапамагаюць выкладчыкам запісаць відэалекцыю (у бібліятэцы абсталяваны спецыяльныя студыі), зрабіць электронныя падручнікі і г.д.
Падтрымка выкладчыкаў пры стварэнні інавацыйных спосабаў і метадаў навучання — адна з найважнейшых функцый сучаснай універсітэцкай бібліятэкі, і рэпазіторый тут вельмі дапамагае. Мы арыентуемся на новыя тэхналогіі і новыя сэрвісы, можам прадаставіць выкладчыкам кваліфікаваную дапамогу ў стварэнні электроннага кантэнту, розных мультымедыйных адзінак і г.д. Усё больш увагі надаём кансультацыйнай падтрымцы выкладчыкаў па пошуку інфармацыі, стварэнні лічбавага партфоліа, што дазваляе ім эфектыўна камунікаваць з калегамі ў інтэрнэце.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.