Магія керамікі і энергія спорту

- 15:09Прафесіяналы

Спалучыць неспалучальнае — такога прынцыпу прытрымліваецца Максім Валер’евіч Калтыгін, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Мінска. Ён перамяжоўвае свае трэніроўкі па айкідо заняткамі ў студыі… па кераміцы.

— Спорт і твор­часць пера­пляліся ў маім жыцці яшчэ ў дзяцінстве. Я быў заўзятым туры­стам, займаўся спартыўным арыентаваннем, плаваннем, адзінаборствамі (каратэ, бокс, вольная барацьба). Кераміка не магла не быць у маім жыцці, бо я сын кераміста. (Валерый Калтыгін — старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза мастакоў і кіраўнік Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль”. — Заўв. аўтара.) Калі бацька выкладаў студэнтам Бабруйскага мастацкага вучылішча, я, малы, заўсёды знаходзіў сабе вольнае месца ў аўдыторыі, каб паслухаць яго, а калі я падрос, пераходзіў да практыкі ў яго майстэрні, дзе з ахвотай яму дапамагаў. Затым мая творчая вучоба працягнулася ў тым жа Бабруйскім мастацкім вучылішчы.

Хоць Максім Валер’евіч — педагог у чатырох пакаленнях, сам жа ў гэтым кірунку сябе не бачыў:

— У педагогіку мяне скіравала мая мама Наталля Калтыгіна. Яна настаўніца, і за год да майго паступлення ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт сама яго скончыла. Я вельмі ёй удзячны за гэта: быць проста спецыялістам, без уменняў вучыць гэтаму дзяцей, мне было б мала. Хаця потым я скончыў і акадэмію мастацтваў.

Дарэчы, менавіта на першым курсе акадэміі Максім Калты­гін упершыню і трапіў у секцыю па айкідо. Заняткі зацягнулі так, што праз некаторы час ён палічыў неабходным скончыць і курсы інструктараў пры Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі фізічнай культуры імя П.Ф.Лесгафта. Сёння пра яго прафесійны ўзровень гаворыць чацвёрты дан. Што тычыцца такемусу айкідо (дзе робіцца акцэнт на работу з драўлянай зброяй), Максім Валер’евіч у Беларусі адзіны, хто дасягнуў гэтай прыступкі, ды і ў суседняй Расіі ўладальнікаў чацвёртага дана ўсяго некалькі.

Ужо шмат гадоў Максім Ва­лер’евіч выкладае і айкідо, і кераміку дзецям у “Маяку”. Прычым найчасцей яго юныя паслядоўнікі таксама сумяшчаюць гэтыя заняткі. Сярод навучэнцаў М.Калтыгіна і яго ўласныя дзеці. Усе пяцёра, яны гучна заявілі пра сябе ў творчым асяроддзі: прымаюць удзел у пленэрах, у некага ўжо былі і ўласныя выставы. А што да спорту, то яны тут прыхільнікі не толькі айкідо, але і сур’ёзна займаюцца хакеем, футболам, гімнастыкай, фігурным катаннем.

— З даўніх часоў усе, хто займаўся баявымі мастацтвамі (рыцары сярэдневякоўя, японскія самураі), для самаразвіцця, балансу былі абавязаны цікавіцца культурай, самавыхоўвацца: займацца каліграфіяй, вершаскладаннем, захапляцца жывапісам, бо гэта выхоўвае пачуццё рытму, тэмпу, хуткасці, без чаго не абысціся ў баявых мастацтвах. Нездарма вядомы каратыст Масутацу Аяма, заснавальнік кёкусінкай, не браў у вучні лю­дзей, якім не падабаецца музыка, бо ён быў упэўнены: толькі аматары музыкі маюць пачуццё рытму і здольны зразумець яго тлумачэнні па вядзенні бою. Я таксама на сваіх занятках вучу дзяцей прыкладным навыкам. У адным выпадку — навыкам самаабароны, самастрахоўкі, у другім — навыкам ствараць дэкаратыўныя рэчы сваімі рукамі, падарункі для блізкіх, — гаворыць М.Калтыгін.

Дарэчы, не проста ствараць, а рабіць гэта прафесійна, асвойваючы поўны тэхналагічны працэс — ад эскіза і макета з пластыліну да глінянага вырабу. Педагог вучыць дзяцей стылізаваць свае вырабы, рабіць на аснове ўзору сваё. Для гэтага для малодшых зрабіў фігуркі — узоры конікаў, катоў, баброў, птушак, якія павінны стаць для дзяцей асновай для развіцця іх уласнага дэкаратыўнага мыслення, гэтак жа, як на аснове шарыка зроблены мульцяшныя смяшарыкі.

Дарэчы, педагог ніколі не дапамагае дзецям удасканальваць іх работу, нават калі яна касаватая, крываватая. Мабыць, такі падыход і дапамагае яго вучням заваёў­ваць самыя высокія ўзнагароды на творчых конкурсах.

Галоўная адметнасць у падыходзе да дзвюх сфер у педагога — у стаўленні да дысцыпліны:

— На занятках керамікай я гайкі не закручваю, дазваляю дзецям разнявольвацца: і пагутарыць, і пасмяяцца, і пахадзіць. Галоўнае, каб яны не бегалі па сталах і не абражалі адно аднаго. Але ёсць у мяне адно жалезнае правіла: на маіх занятках не павінна быць ніякіх гаджэтаў — тут толькі рэальная творчасць.

А вось на трэніроўках пытанне дысцыпліны ў педагога заўсёды першаснае, бо гэта дзіцячая бяспека. Ён трэніруе ў асноўным хлопчыкаў ад пяці да дзесяці гадоў. Яны яшчэ не кантралююць сілу, атакуюць шчыра, і ўдары часам атрымліваюцца моцныя. Ды і самі дзеці могуць ударыцца. Толькі з часам яны вучацца асцярожнасці. Таму адзін “актывіст” можа нарабіць бяды. Выгнаць гарэзу са спартзалы — прасцей за ўсё, але гэта не выйсце, а наадварот, дэманстрацыя бяссілля педагога. М.Калтыгін упэўнены, што менавіта так, пераходзячы ўсе межы выхавання, дзіця выпрабоўвае педагога. У многім яму дапамагае знаходзіць агульную мову яго бацькоўскі вопыт: тут важна не павысіць голас, а спакойна ўтаймаваць дзяцей, перавесці іх выбуховую энергію ў спартыўнае рэчышча. А калі ўжо ўсе спосабы выпрабаваны і дзіця ўсё роўна не ўтаймоўваецца, педагог упэўнены: дапаможа гумар. Ён дапамагае падружыцца з кожным.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.