У рамках VI з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД прайшоў І Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства. Гэта была, напэўна, самая яркая і эмацыянальная падзея на форуме ў Душанбэ.
Як паведаміла саветнік дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Галіна Казак, ідэю правядзення такога фестывалю ў 2017 годзе прапанавалі менавіта беларусы.
— Хацелася, каб на з’ездзе былі максімальна задзейнічаны настаўнікі, выхавальнікі, псіхолагі і сацыяльныя педагогі ўстаноў адукацыі. Бо гэта выдатная пляцоўка для дэманстрацыі свайго прафесіяналізму, — заўважыла Галіна Мікалаеўна. — Палажэнне аб фестывалі педагагічнага майстэрства было зацверджана рашэннем Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. І вось першы фестываль адбыўся ў Таджыкістане.
Падчас падрыхтоўкі журы ацаніла высокую актыўнасць педагогаў. На першы (завочны) этап было пададзена 45 заявак. У выніку журы вызначыла 27 педагогаў, якіх запрасілі на вочны этап. У Душанбэ змаглі прыехаць 24 прадстаўнікі розных краін.
Удзел у фестывалі прынялі і шэсць беларускіх педагогаў.
Нельга пераацаніць ролю майстар-класаў ад прафесіяналаў для таджыкскіх удзельнікаў. Міністэрства адукацыі і навукі Таджыкістана паклапацілася, каб на форум прыехалі педагогі з самых аддаленых рэгіёнаў краіны. І яны шчыра слухалі, убіралі ў сябе новыя ідэі, веды, вопыт, каб потым перадаць усё гэта сваім калегам.
У намінацыі “Выхавальнік” нашу краіну прадстаўлялі дзве Вікторыі: Вікторыя Гяч з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Слуцка і Вікторыя Драбышэўская з ясляў-сада № 10 Пінска. Іх майстар-класы зрабілі на фестывалі сапраўдны фурор.
Вельмі прыгожыя, яркія, таленавітыя беларускі прэзентавалі калегам з азіяцкіх краін свае педагагічныя напрацоўкі. Падрыхтавалі шмат раздатачнага матэрыялу, зладзілі сапраўдны лялечны тэатр, паказалі, як можна праз гульню вучыць дзяцей арыентавацца ў нашым вялікім і складаным свеце.
Дарэчы, пра такую аўдыторыю, якая была на фестывалі, можна толькі марыць. Жанчыны лавілі кожнае слова нашых выступоўцаў і вельмі актыўна рэагавалі. Яны, як дзеці, цягнулі ўгору рукі, каб адказаць ці задаць пытанне. І зусім не саромеліся, што нечага не ведаюць. Шчыра захапляліся прафесіяналізмам беларусак, здымалі майстар-класы на відэа і ўсёй душой імкнуліся ўвабраць новыя веды, каб потым перадаць іх калегам у далёкіх гарадах і мястэчках.
І нават пасля заканчэння майстар-класаў нашых дзяўчат доўга не адпускалі. Талент, як магніт, прыцягвае і трымае. Відавочна, што вопыт беларускіх удзельніц у многім з’яўляецца новым і вельмі цікавым для азіяцкіх калег.
У намінацыі “Настаўнік” ад Беларусі выступалі Святлана Емяльянава-Раманоўская з гімназіі № 1 Оршы і Алена Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына. Іх майстар-класы таксама вельмі зацікавілі аўдыторыю.
Святлана Пятроўна падзялілася сакрэтамі, як зрабіць урок цэласным: каб ён прайшоў на адным дыханні і дзеці нават не заўважылі пераходаў ад аднаго этапу да другога. Настаўніца паказала прысутным, як будаваць лагічныя, зразумелыя, прыгожыя і пры гэтым незаўважныя мосцікі паміж этапамі ўрока.
Адметна, што і свой майстар-клас Святлана Пятроўна правяла на адным дыханні — удзельнікі і не заўважылі, як прабег час.
Алена Пратасевіч паказала, як развіваць мысленне на ўроках матэматыкі. Пры гэтым яна выходзіла на міжпрадметны ўзровень, каб любы настаўнік мог зразумець і пераняць прапанаваныя прыёмы.
— Я любавалася работай сваіх калег і атрымала ад іх майстар-класаў вялікую асалоду, — падзялілася ўражаннямі член журы фестывалю, настаўніца сярэдняй школы № 15 Наваполацка, настаўнік года — 2017 Святлана Румянцава. — Гэта сапраўдныя майстры сваёй справы, вельмі яркія, харызматычныя. У іх спалучаецца ўсё: інтэлект, вопыт, карпатлівая праца, артыстызм. Нашы ўдзельнікі не проста трансліравалі вопыт, а працавалі з аўдыторыяй. Яны на вачах стваралі метадычны прадукт, каб іх калегі навучыліся чамусьці новаму.
Выступленні беларускіх удзельнікаў у намінацыі “Псіхолаг/сацыяльны педагог” не пакінулі абыякавымі нікога. У работу майстар-класаў уключыліся ўсе прысутныя.
Сацыяльны педагог сталічнай гімназіі № 192 Ірына Кулагіна настолькі зацікавіла калег, што яе не адпускалі і прымусілі двойчы перавысіць рэгламент. Нават арганізатары здаліся і не сталі пярэчыць аўдыторыі. Пытанняў да нашай выступоўцы было многа. Ірына Генадзьеўна расказвала аб праблемах булінгу ў школе і як з гэтым змагацца. Яе шырокія веды і велізарны практычны вопыт аказаліся вельмі запатрабаванымі.
Уразіла сацыяльны педагог сярэдняй школы № 16 Оршы Святлана Земскіх. Вельмі стрыманая, здаецца, зусім неэмацыянальная ў жыцці, падчас майстар-класа яна ператварылася ў сапраўдную зорку. Пад яе кіраўніцтвам людзі з залы — казахі, узбекі, таджыкі — экспромтам зрабілі цэлы спектакль, дзе кожны іграў пэўную ролю і раскрываўся як асоба. А Святлана Земскіх была не проста мадэратарам. Яна стварыла сітуацыю, якая ўскрывае праблемы дзіцячага асяроддзя і адначасова паказвае шляхі іх вырашэння. Брава, Святлана Канстанцінаўна!
Брава, усе беларускія педагогі!
Член журы фестывалю старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Осіпава падзяляе мае ўражанні: беларускія педагогі былі ў Душанбэ на вышыні. Але не менш здзівілі азіяцкія калегі.
— Некаторыя рэчы аказаліся для мяне абсалютна нечаканымі, напрыклад: адкрытасць нашых таджыкскіх калег, іх самакрытычнасць, разуменне таго, што ў іх адбываецца, гатоўнасць ставіць адэкватныя мэты і ўзаемадзейнічаць па прафесійных пытаннях, — адзначыла Алена Анатольеўна. — На майстар-класах яны гаварылі ці чыталі з паперкі простыя тэксты, але іх энтузіязм з нагоды сустрэчы і абмену вопытам, гатоўнасць вучыцца, аналізаваць, расці прафесійна дастойны павагі.
Я пабывала на майстар-класах усіх беларускіх педагогаў і магу сказаць, што гэта было цудоўна. За 3,5 тысячы кіламетраў ад Мінска ў Нацыянальнай бібліятэцы Таджыкістана нашы людзі дэманстравалі найвышэйшы пілатаж. Я назірала за імі вачыма іх азіяцкіх калег. Гэтак жа захаплялася, радавалася, вучылася. І вельмі ганарылася. Можа, некарэктна так гаварыць, але нашы педагогі ў Душанбэ былі найлепшымі.
Зрэшты, на фестывалі перамагла дружба! Усе настаўнікі, якія давалі майстар-класы, атрымалі дыпломы ўдзельнікаў.
А вось на наступным фестывалі, які пройдзе ў рамках VIІ з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін СНД у 2022 годзе ў Казахстане, прадугледжаны конкурс. Ужо распрацаваны крытэрыі ацэньвання, згодна з якімі будуць вызначацца пераможцы. Такім чынам, у будучыні фестываль набудзе рысы спаборнасці. А І Міжнародны фестываль педагагічнага майстэрства ў Душанбэ ўсім удзельнікам запомніцца непараўнальнай атмасферай шчырай добразычлівасці і сутворчасці.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.