Звязнае маўленне — гэта самы складаны від маўленчай дзейнасці. Яно мае характар паслядоўнага, сістэмнага і падрабязнага выкладання. Асаблівыя цяжкасці ў гэтым відзе маўленчай дзейнасці адчуваюць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У сваіх расказах яны адхіляюцца ад паслядоўнасці выкладання, мяняюць месцамі падзеі, узаемасувязь паміж структурнымі элементамі маўлення фармальная.
Дзеці з псіхалагічнымі асаблівасцямі сутыкаюцца з цяжкасцямі ў працэсе апрацоўкі зместу для выказвання, у выбары моўных сродкаў выказвання, у пабудове тэксту, пры апавяданні дзеці часта выкарыстоўваюць многа недакладных слоў, простых фраз, якія вызначаюцца няпоўнымі выказваннямі. У такіх дзяцей невялікі вопыт маналагічнага маўлення, актыўны слоўнік бедны, алгарытмам складання звязнага расказу яны валодаюць у недастатковай ступені. Рашаючы задачы развіцця звязнага маўлення ў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выкарыстоўваю розныя методыкі. Адна з такіх методык — мнематэхніка, эфектыўны карэкцыйны сродак у навучанні звязнаму маўленню дашкольніка. Мнематэхніка, або мнемоніка, у перакладзе з грэчаскай — “майстэрства запамінання”. Мнематэхніка — гэта сістэма ўнутранага пісьма, якая дазваляе паслядоўна запісваць у мозг інфармацыю, ператвораную ў камбінацыі зрокавых вобразаў”.
Гэтая тэхніка выкарыстоўвае натуральныя механізмы памяці мозга і дазваляе цалкам кантраляваць працэс запамінання, захавання і прыпамінання інфармацыі. Як любая методыка, мнематэхніка будуецца ад простага да складанага. Выкарыстанне мнематэхнікі ў працэсе развіцця маўлення дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця мае два напрамкі: служыць спецыфічным метадам пазнання; з’яўляецца праграмай для аналізу новых з’яў.
У пачатку сваёй работы я прааналізавала перспектыўныя планы па развіцці звязнага маўлення, папоўніла прадметна-гульнявое асяроддзе, вырабіла мнемадарожкі і мнематабліцы вершаў, прыказак, загадак, скорагаворак, міні-пераказаў тэкстаў, а таксама дыдактычныя гульні:
— на апісанне цацак: “Назаві прадмет?”; “Апішы які?”; “Скажы, што за звер?”, “Назіраем — расказваем”, “Чароўныя акуляры”, “Лішні, таму што…”, “Да слова сімвал падбяры”, “У мяне ёсць, а ў вас — не”, “Адгадай па апісанні”;
— на фарміраванне ўяўленняў пра паслядоўнасць дзеянняў персанажаў шляхам раскладвання адпаведных карцінак: “Хто што ўмее рабіць?”; “Скажы, што — спачатку, што — потым?”; “Прыдумай слова”; “Назіраем, расказваем, апісваем”, “Чароўныя акуляры”, “Лішні, таму што…”, “Да слова сімвал падбяры”, “У мяне ёсць, а ў вас — не”, “Адгадай па апісанні”;
— на фарміраванне паняцця пра тое, што любое выказванне мае пачатак, сярэдзіну, канец, значыць, асноўваецца на пэўнай схеме: “Называй — не пазяхай…”, “Заварым суп”.
Да такіх гульняў-практыкаванняў давала схему выказванняў, а дзеці запаўнялі яе розным зместам. Разам складзены расказ замацоўвалі пытаннямі, якія паўтараліся, каб дзеці змаглі вызначыць асноўныя сувязі паміж яго часткамі, напрыклад: “Куды пайшла кошачка? Чаму кошачка крычыць? Ці прыйшоў хто-небудзь да яе на дапамогу?”.
Гэтыя гульні навучылі дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі расказваць пра змест кожнай сюжэтнай карцінкі, звязваючы іх у адну гісторыю; паслядоўна, лагічна звязваць адну падзею з другой; асвоіць апавядальную структуру, у якой ёсць пачатак, сярэдзіна і канец.
Для навучання звязнаму маўленню выкарыстоўвала схематычныя выявы персанажаў і дзеянні, якія яны выконвалі. Стварала карцінна-схематычны план сэнсавай паслядоўнасці частак праслуханых тэкстаў мастацкіх твораў. Паступова фарміравала ў дзяцей абагульненыя ўяўленні пра лагічную паслядоўнасць тэксту, на якія яны абапіраліся ў самастойнай моўнай дзейнасці.
На розных этапах заняткаў выкарыстоўвала фальклор, мастацкае слова, вершы, песні. Гульні-драматызацыі падахвочвалі дзяцей да маналогу і дыялогу. Для гэтага выкарыстоўвала разнастайныя тэатры, такія як “Калабок”, “Рэпка”, “Церамок”, “Тры мядзведзі”, “Тры парасяці”.
Аналіз вынікаў праведзенай работы дае магчымасць зрабіць выснову, што выкарыстанне схем для складання апісальных расказаў аблягчае дашкольнікам авалоданне звязным маўленнем. Наяўнасць візуальнага плана робіць расказы дакладнымі, звязнымі і паслядоўнымі, што ў далейшым дасць дзіцяці магчымасць лягчэй выкладаць свае думкі і ў штодзённым жыцці, і пры навучанні ў школе.
Святлана НІСКОЎСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 114 Магілёва.