Смачная перамога: полацкія педагогі трыумфальна дэбютавалi на спаборнiцтве кандытараў у Санкт-Пецярбургу

- 17:26Новости

Майстры Полацкага дзяржаўнага хіміка-­тэхналагічнага каледжа адзначаны медалямі V Міжнароднага чэмпіянату па рэстаранным спорце Saint­Petersburg Open імя А.С.Масарскага. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Чэмпіянат серыі WFRS World Cap сёлета сабраў у Санкт-Пецярбургу прадстаўнікоў 15 краін. Палачане ўдзельнічалі ўпершыню, і дэбют атрымаўся ўдалы. Кожную з прадстаўленых работ высока ацанілі аўтарытэтныя эксперты, і ў выніку камандную скарбонку папоўнілі чатыры медалі.

Як паведаміла загадчыца аддзялення грамадскага харчавання ПДХТК Жанна Бурэнь, залаты медаль у намінацыі “Шакалацье” і асабістыя парады ад журы па далейшым развіцці атрымала майстар вытворчага навучання Вера Дубнель. Яе калега Алена Дзіева ў гэтай намінацыі была ўзнагароджана сярэбраным медалём і асабістым падарункам ад члена журы Наталі Ві. У намінацыі “Малюнкі на тартах” сярэбраны медаль уручылі выкладчыцы Марыне Лышко, а ў “Кандытарскай фларыстыцы” “бронзай” адзначана майстар вытворчага навучання Валерыя Галаўко.

Цікава, што з чатырох пераможцаў чэмпіянату толькі трое непасрэдна ажыццяўляюць пад­рыхтоўку кадраў для сферы грамадскага харчавання. Марына Лышко выкладае на будаўнічым аддзяленні інжынерную графіку і чарчэнне. Разам з тым педагог любіць кандытарскую справу і многага дасягнула ў сваім захапленні, што пацверджана шматлікімі ўзнагародамі прэстыжных конкурсаў. Гэтага ёй удалося дасягнуць у тым ліку дзякуючы падтрымцы кале­джа, дзе яна прайшла курсы кандытараў і настойліва ўдасканальвае свой узровень. Паўдзельнічаць у Saint-Petersburg Open Марыне Уладзіміраўне дазволіў адкрыты статус чэмпіянату: згодна з правіламі, да спаборніцтва аматары дапускаюцца на роўных умовах з дыпламаванымі прафесіяналамі, галоўны крытэрый — майстэрства.

— Рэгулярны ўдзел у падобных буйных конкурсных мерапрыемствах неабходны найперш для прафесійнага росту нашых педагогаў, — падкрэсліла Жанна Бурэнь. — Каб адкрываць для сябе і, адпаведна, для навучэнцаў новыя далягляды, не зацыклівацца на звыклым, вучыцца, натхняцца і далей эксперыментаваць. Дзякуючы рэспубліканскім і міжнародным чэмпіянатам, якія праходзяць на тэрыторыі нашай краіны (напэўна, самы папулярны з іх праводзіцца ў рамках міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашу “Прадэкспа”), нам дастаткова добра вядомыя беларускія кандытары. Штогод мы бачым іх работу, развіццё, вывучаем напрацоўкі і прафесійныя падыходы. Аднак хацелася паглядзець іншае, адрознае, пачарпнуць новыя арыгінальныя ідэі. І мы іх знайшлі. Дарэчы, пасля знаёмства з канкурсантамі прапанавалі ім разам сустрэцца ў Беларусі на “Прадэкспа”. Наколькі мне вядома, некаторыя калегі з Арменіі і Расіі цяпер збіраюцца ў Мінск. А мы рыхтуемся паехаць на чэмпіянат у Маскву ў наступным кастрычніку. На жаль, ва Уладзівасток наўрад ці атрымаецца з’ездзіць, бо далекавата, але туды нас таксама запрасілі. Некаторыя знаходкі і ідэі, прывезеныя з Санкт-Пецярбурга, дома мы ўжо прымянілі на практыцы. На маю думку, яны вельмі перспектыўныя.

Таццяна БОНДАРАВА

Фота прадастаўлена Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжам