Малады прафесіянал

- 10:12Людзі адукацыі

Не ў кожнага чалавека атрымліваецца выбраць прафесію так, каб работа потым прыносіла задавальненне. Настаўнік фізікі і астраноміі клічаўскай сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Аляксей Лапатчанка ў свой час зрабіў правільны выбар. Педагогіка стала для яго сапраўдным жыццёвым прызначэннем.

Парадаксальна, але Аляксей Сяргеевіч не марыў пра настаўніцкую працу. А вось фізікай і матэматыкай ён захапляўся сур’ёзна. Тэхнічныя спецыяльнасці юнака не цікавілі, таму пасля атрымання школьнага атэстата адукацыю ён працягнуў у МДУ імя А.А.Куляшова.

— Адразу планаваў атрымаць спецыяльнасць настаўніка матэматыкі. Аднак ужо ва ўніверсітэце мне прапанавалі выбраць фізічны профіль. Я пагадзіўся і з цягам часу ніколькі пра тое рашэнне не пашкадаваў, — расказаў Аляксей Лапатчанка.

Не пашкадаваў ён і ўвогуле пра тое, што стаў педагогам. Па размеркаванні Аляксей Сяргеевіч трапіў у сярэднюю школу № 1 Клічава імя П.А.Крываноса. Настаўнічае тут ён ужо трэці год і пакі­даць прафесію не плануе. У школе ён аказаўся на сваім месцы, а выкладанне, работа з дзецьмі кожны дзень прыно­сяць яму задавальненне і радасць.

Нягледзячы на маладосць, Аляксей Лапатчанка ўжо выпрацаваў сваю сістэму эфектыўнага навучання. Па першым часе яго прафесійнаму станаўленню вельмі дапамог педагагічны калектыў школы. Акрамя падтрымкі з боку калег, прафесійнаму росту маладога настаўніка спрыяла і асабістае імкненне.

— Калі бярэшся за нешта, рабіць гэта трэба якасна і добрасумленна. Толькі так атрымаецца дасягнуць станоўчага выніку, — упэўнены Аляксей Лапатчанка.

Урокі гэтага настаўніка — ­су­купнасць індывідуальнага і дыфе­рэнцыраванага падыходу, сучасных і традыцыйных адукацыйных методык. Заняткі Аляксей Сяргеевіч будуе так, каб на іх было цікава кожнаму вучню. А яшчэ ён перакананы, што любыя атрыманыя веды неабходна выкарыстоўваць у канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Таму галоўнае — не проста даць вучням веды, а ­навучыць іх прымяняць атрыманыя навыкі ў рэальнасці. Гэта дазваляе дзецям зразумець, што фізіка і астраномія акружаюць іх усюды ў штодзённым жыцці.

Па меркаванні Аляксея Лапатчанкі, на паспяховасць дзяцей у вучобе вельмі ўплывае іх узаемадзеянне з настаўнікам. Таму ён імкнецца знай­сці свой ключык да кожнага вучня, фарміруе ў іх упэўненасць ва ўласных сілах і магчымасцях. Менавіта цёплыя, шчырыя адносіны, стварэнне ў навучанні сітуацыі поспеху забяспечваюць максімальнае развіццё дзіцячай асобы.

— Малады спецыяліст, але ўжо выдатны прафесіянал. Сапраўды неардынарны, вельмі творчы педагог. Шырока выкарыстоўвае на ўроках інавацыйныя сродкі навучання, што станоўча ўплывае на якасць вучэбнага працэсу. Працуе многа, упарта, і гэта дае адпаведны вынік, — так гаворыць пра Аляксея Лапатчанку намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы Алена Коўрык.

У сваім прафесійным самаразвіцці Аляксей Сяргеевіч значнае месца адводзіць пошуку эфектыўных метадаў выяўлення і развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў. Працуючы з адоранымі дзецьмі, малады настаўнік усімі сіламі стараецца раскрыць іх таленты. Робіць гэта праз удзел вучняў у алімпіядным руху, даследчых конкурсах.

Каб дзеці змаглі выдатна праявіць сябе, педагог амаль штодня сустракаецца з імі на факультатывах, індыві­дуальных занятках. Такая карпатлівая праца не праходзіць дарма. Ужо ў першы год работы ў школе вучні Аляксея Сяргеевіча сталі прызёрамі трэцяга
этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і абласнога конкурсу работ даследчага характару па прадмеце “Астраномія”. Летась яго навучэнцы праявілі сябе на трэцім этапе алімпіяд па фізіцы і астраноміі, а яшчэ сталі пераможцамі абласнога конкурсу даследчых работ сярод школьнікаў, абласнога конкурсу “Энергамарафон”. У гэтым годзе вучнёўскіх дасягненняў у алімпіядах і конкурсах стала яшчэ больш.

Плённая праца Аляксея Лапатчанкі не застаецца незаўважанай. Два гады назад ён стаў лаўрэатам трэцяга этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Неаднаразова Аляксей Сяргеевіч быў адзначаны дыпломамі і граматамі мясцовых выканаўчых улад. Высокая ацэнка педагагічнай дзейнасці дае яму сілы для таго, каб працягваць рух наперад у прафесійным удасканаленні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.