Малая радзіма — астравок зямлі…

Загадчыца ДЦРД “Сонейка” № 64 Бабруйска Наталля Віктараўна Індзюхіна з гордасцю гаворыць пра свой калектыў, у якім большая палова педагогаў мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці, а таксама вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Прыярытэтнымі кірункамі дзейнасці ўстановы з’яўляюцца патрыятычнае выхаванне, фарміраванне асноў бяспечнай жыццядзейнасці, выхаванне экалагічнай культуры.

У мінулым годзе ў рамках святкавання Года малой радзімы дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 64 Бабруйска стаў пераможцам гарадскога конкурсу на лепшы лэпбук “Малая радзіма — астравок зямлі…” і ўзнагароджаны дыпломам I ступені ўпраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама. Гэты дыдактычны дапаможнік уяўляе сабой папку фармату А4 (у разгорнутым выглядзе — А3) з разнастайнымі развіццёвымі элементамі. На яго старонках ёсць заданні і гульні, якія дазваляюць дзіцяці, гуляючы, замацоўваць уяўленні аб сваім горадзе, прыродзе роднага краю. На тытульнай старонцы размешчаны магнітная візітная картка Бабруйска і фатаграфіі (у скрынцы) усіх помнікаў бабру. На развароце прадстаўлены беларускія лялькі на магніце, дыдактычныя гульні “Знайдзі беларускі арнамент”, “Складзі карцінку” (на магніце), “Прадпрыемствы горада”, гульнявыя заданні “Раз­гледзь слайды”, “Стары горад. Новы горад”, кніжкі-гармонікі “Вядучыя прадпрыемствы Бабруйска”, “Прырода роднага краю”, кніжкі-
раскладушкі “Знакамітыя бабруйчане”, “Гісторыя назваў вуліц Бабруйска”, “Гісторыя герба Бабруй­ска”, віктарына аб родным горадзе (на катушцы), макеты прыродных аб’ектаў. На задняй старонцы лэпбука прадстаўлены рознакаляровыя пластыкавыя канверты з дыдактычнымі гульнямі “Складзі карту”, “Знайсці на карце Бабруйск”, з вершамі і песнямі пра горад, прыказкамі і прымаўкамі пра радзіму. Сярод іншых цікавых элементаў дыдактычнага дапаможніка — круг, які верціцца, шкатулкі, празрыстыя каробкі, бочачкі, магнітныя фігуры, слайды, лупы, рознакаляровыя прышчэпкі і г.д. Лэпбук рэкамендуецца для выкарыстання ў рабоце з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту — як у індывідуальнай, так і ў групавой рабоце, у нерэгламентаванай, гульнявой дзейнасці.

У групах дашкольнага цэнтра аформлены беларускія куткі, у якіх прадстаўлены гульні на патрыятычную тэматыку, альбомы з дзяржаўнай сімволікай, сімваламі Беларусі, прысвечаныя нацыянальным святам, стравам, вядомым людзям краіны, нацыянальным героям, прадпрыемствам, славутасцям Мінска, Магілёва, Бабруйска. Ёсць куткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У кніжных кутках арганізоўваюцца выставы беларускай кнігі для дзяцей, аўтарскія выставы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Бацькі выхаванцаў афармляюць тэматычныя насценгазеты, сямейныя партфоліа, буклеты. У рамках супрацоўніцтва з бабруйскім краязнаўчым музеем у дашкольным цэнтры былі арганізаваны выязныя тэматычныя заняткі з выкарыстаннем сродкаў ІКТ. Педагог-псіхолаг цэнтра Алена Юр’еўна Аўчыннікава прыняла ўдзел у раённым фестывалі беларускай мовы, правяла круглы стол для бацькаў “Мая мова”, падчас якога прагучаў аўтарскі верш намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталлі Мікалаеўны Дзегцяровай з аднайменнай назвай.

У дашкольным цэнтры функцыянуе экалагічны пакой, у якім размешчаны “Жывы куток”, дзе жывуць водныя чарапахі, трус, марскія свінкі і рыбкі. На паліцах знаходзяцца макеты з прыроднымі супольнасцямі, гербарыі. Аформлены падворак, дзе прадстаўлены свойскія жывёлы. На сцяне — вялікая карта жывёльнага і расліннага свету. З мэтай фарміравання ў выхаванцаў элементарных уяўленняў аб космасе прадстаўлена Сонечная сістэма, глобус. У экалагічным пакоі выхаванцы назіраюць за аб’ектамі прыроды, выконваюць працоўныя даручэнні па доглядзе жывёл з “Жывога кутка”, праводзяць доследы і эксперыменты. У рабоце з дзецьмі педагогі выкарыстоўваюць метад праектаў, праблемна-гульнявыя і эўрыстычныя метады работы.

У рамках дзейнасці педагагічнага калектыву па праблеме фарміравання беражлівасці, патрэбы ў захаванні прыродных багаццяў сумесна з бацькамі ў групах арганізоўваюцца творчыя выставы, акцыі, ствараюцца лістоўкі, партфоліа і інш. Станоўчым вынікам работы ў гэтым кірунку стаў удзел у I этапе Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” у намінацыі “Дзіця і прырода”. На конкурс была прадстаўлена работа “Другое жыццё полі­этыленавага пакета”, выкананая выхаванкай старшай групы Лізаветай Афяронак і выхавальніцай Раісай Васільеўнай Грыгаровіч з удзелам сям’і дзяўчынкі. Даследчая работа была адзначана дыпломам I ступені. Вынікам работы стала выстава вырабаў “Другое жыццё поліэтыленавага пакета”, выраб экасумачак і кошыкаў для сюжэтна-ролевай гульні і калекцыя ўбораў, якія дзяўчынкі з задавальненнем дэманстравалі на святах, для мадэлінгу. Гэтая даследчая работа прадстаўлялася на гарадскі конкурс “Зялёная аптэка”, дзе была адзначана дыпломам III ступені ў намінацыі “Адходы ў даходы”.

Ва ўстанове аформлены пакой бяспекі, у якім праводзяцца тэматычныя гутаркі, экскурсіі, прайграюцца праблемна-гульнявыя сітуацыі з дзецьмі па тэмах пажарнай бяспекі, бяспекі дарожнага руху. У пакоі прадстаўлены элементы касцюма работніка службы МНС, макеты скрыжавання, пажарнай тэхнікі, машыны ДАІ, хуткай дапамогі, лялькі ў абліччы пажарнага, доктара Айбаліта, развіццёвыя гульні і гульнявыя атрыбуты, ілюстрацыі. Размешчаны стэнды “Прылады працы службы МНС”, “Пажарны шчыт”, стэнд з сямейнымі фотаздымкамі “Бяспечнае сэлфі” і дарожныя знакі. У групах цэнтра таксама аформлены “Куткі бяспекі”. Бацькі выхаванцаў ствара­юць партфоліа “Бяспека дома”, а педагогі вырабляюць лэпбукі, дываналіны, дыдактычныя гульні па тэматыцы фарміравання навыкаў пажарнай бяспекі, правіл дарожнага руху і здаровага ладу жыцця. Ладзіцца конкурс карысных кніг-самаробак “Бяспечны свет” з удзе­лам дзяцей і бацькоў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.