Аб чым марыць маленькі чалавек, калі ідзе ў першы клас? Мабыць, аб тым, што ў школе яго чакаюць. Чакаюць дзівосныя адкрыцці, цікавыя сустрэчы, новыя знаёмствы і першыя ўрокі. Малы яшчэ не ведае, што такое ўрок, але ён думае, што гэта штосьці цікавае. А што думаюць бацькі, выпраўляючы дзіця ў школу? Яны вераць нам, педагогам, што мы дапаможам іх дзецям стаць паспяховымі. Менавіта якасная адукацыя і выхаванне пракладуць шлях да поспеху і дазволяць іх дзецям рэалізаваць сябе.
Як зрабіць так, каб дзеці і бацькі не расчараваліся, каб педагогі не скардзіліся, што сучасныя дзеці не хочуць вучыцца, не чытаюць мастацкія творы, не разумеюць фізікі, не ведаюць роднай мовы? Я не ўпэўнена, што магу даць рэкамендацыі ці прапісаць нейкія правілы. Мы працуем з дзецьмі, і кожнае дзіця — гэта цэлы свет са сваімі марамі і жаданнямі. Проста спадзяюся, што мае думкі дапамогуць калегам усвядоміць, што мы
робім добрую справу. Немагчыма быць настаўнікам 18 ці 20 гадзін у тыдзень. Настаўнік — гэта прызванне. Мы не проста даём веды па прадмеце, мы выхоўваем асобу.
І ў гэтай найважнейшай справе выхавання дзіцяці не павінна быць процістаяння бацькоў і педагогаў. Мы робім агульную справу, і таму так важна ўзаемаразуменне бакоў. Сям’я часта проста не ў стане ў адзіночку процістаяць магутнаму ўплыву вуліцы і інтэрнэту на асобу, якая фарміруецца, таму так важна даць зразумець бацькам, што і мы, педагогі, зацікаўлены ў кожным канкрэтным дзіцяці. Трэба ўмець знаходзіць у кожным дзіцяці штосьці добрае, дзяліцца гэтым добрым, заахвочваць кожнага да пошуку таго, што можна зрабіць цікавага і карыснага для свайго класа, для іншых людзей. Выпрацоўваць у дзяцей звычку клапаціцца пра іншых людзей і думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых, імкнуцца да таго, каб усім было добра і цікава.
Знаёмства з сям’ёй, сумесныя мерапрыемствы, традыцыі класнага калектыву — найважнейшыя складнікі выхаваўчага працэсу. Ад канструктыўнага ўзаемадзеяння сям’і і школы ў істотнай ступені залежыць і развіццё выхаваўчых магчымасцей, характар усяго працэсу сацыялізацыі маладога пакалення ў цэлым, а значыць, і будучыня нашай краіны.
І вось урок. Якім ён павінен быць? Змест сучасных вучэбных праграм валодае значным выхаваўчым патэнцыялам. Яго рэалізацыя залежыць ад мэтанакіраванага адбору зместу вучэбнага матэрыялу, які падае навучэнцам узоры сапраўднай маральнасці, патрыятызму, духоўнасці, грамадзянскасці, гуманізму. Прафесіяналізм настаўніка заключаецца не толькі ў метадычным уменні, але і ва ўменні выбіраць матэрыял да ўрока, вызначаць яго адукацыйныя і выхаваўчыя магчымасці. Вельмі важна даваць навучэнцам выказваць сваю пазіцыю і не крытыкаваць, а ўмела накіроўваць у патрэбнае рэчышча. Я выкладаю рускую мову і літаратуру і бачу велізарныя магчымасці свайго прадмета ў фарміраванні маральных, інтэлектуальных, валявых, эмацыянальных якасцей асобы. Упэўнена, што і выкладчыкі іншых дысцыплін таксама ўмеюць выхоўваць ведамі. У гэтым і заключаецца талент педагога.
Вялікі выхаваўчы патэнцыял мае пазакласная работа. Цікавы мой вопыт у правядзенні вэбінара “Яны змагаліся за Радзіму…” (Мінск — Бішкек — Душанбэ) у рамках фестывалю рускай славеснасці і культуры ў Кыргызстане, прысвечанага 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць у правядзенні такіх інтэрнацыянальных мерапрыемстваў. Дзеці расказвалі пра подзвігі сваіх суайчыннікаў, чыталі вершы, спявалі песні ваенных гадоў. Нягледзячы на тое, што дзеці былі так далёка адно ад аднаго, яны зразумелі, што блізкія яны ў сваім жаданні жыць у мірнай краіне. Менавіта ад выхавання патрыятызму і павагі да гісторыі сваёй краіны залежыць будучыня.
На працягу некалькіх гадоў я кірую тэатральным гуртком. Спектакль мае велізарны выхаваўчы патэнцыял. Гаворка ідзе не аб падрыхтоўцы да прафесійнай акцёрскай кар’еры, а аб праверцы дзеяннем мноства міжасобасных узаемадзеянняў: я і сябры, я і бацькі. Удзел у спектаклях садзейнічае карыснаму баўленню вольнага часу, дысцыплінаванасці, уменню правільна размяркоўваць час. Сумесная дзейнасць фарміруе камунікатыўныя якасці, развівае фантазію, памяць, увагу, вучыць узаемадзеянню.
Тут кожны паспяховы, таму што ў кожнага — свая роля. Так і ў жыцці — кожны можа рэалізаваць свае магчымасці. Трэба толькі нам, педагогам, даць зразумець дзецям, што маленькіх перамог не бывае, што мы ганарымся нашымі дзецьмі. І тады абавязкова збудуцца мары першакласнікаў і іх бацькоў.
Таццяна КВЯЦІНСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Мінска.