Маленькія хрыстаславы

- 16:54Нам пішуць

Добрай традыцыяй Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці стала дарыць падарункі да Калядаў і віншаваць са святам жыхароў пасёлка і пажылых людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Маленькія калядоўшчыкі прыбраліся ў адпаведнасці з традыцыямі і абрадамі святкавання беларусамі Каляд, апрануўшы кажушкі ды хусткі. Да свята дзеці з выхавальнікамі падрыхтавалі Калядную васьміканцовую зорку як сімвал свята Раства Хрыстова.

Са святочнай канцэртнай праграмай — песнямі і вершамі, якія славяць Хрыста, і святочнымі віншаваннямі гаспадароў — дзеці прайшлі па пасёлку, а таксама наведалі бальніцу сястрынскага догляду. Дзецям вельмі хацелася падзяліцца радасцю Раства Хрыстова і падарыць частачку душэўнага цяпла, што ў іх і атрымалася. У час выканання трапара і песні “Раство Хрыстова” пажылыя людзі падпявалі дзецям, на вачах некаторых з іх былі слёзы радасці і падзякі за праяўленую ўвагу дашкольнікаў да іх.

Людзі старэйшага пакалення шчыра дзякавалі дзецям, бо святкаванне Калядаў прыносіць радасць не толькі малым, але і дарослым і дае магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, самім адчуць усю красу народных святаў і гулянняў.

Ала ГІРЫС,
выхавальніца Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.