Маленькія зорачкі на “Каляднай зорцы”

- 13:39Нам пішуць

Вось нарэшце і споўнілася! Падведзены вынікі ХІХ рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. Прыемна, што сярод запрошаных у ліку пераможцаў і прызёраў былі навучэнцы і педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы Гродзенскай вобласці. Сярод больш 600 індывідуальных і калектыўных работ, прадстаўленых на заключны этап, у ліку лепшых журы адзначыла і дзве работы юных зэльвенак.

Першая, “Нараджэнне Хрыста”, выкананая навучэнкамі гуртка “Вясёлка фарбаў” пад кіраўніцтвам маладога педагога Ірыны Антонаўны Лойка, на першы погляд стварае ўражанне маляванай карціны. Але, прыгледзеўшыся, разумееш, што матэрыялам для яе стварэння стала звычайная папера, а работа выканана ў тэхніцы выцінанкі. Сюжэт перадае падзеі, якія, паводле Бібліі, адбыліся некалькі тысячагоддзяў назад у Віфлееме.
Другая работа, “Калядная козачка”, выканана з выкарыстаннем натуральных матэрыялаў – звычайнай льняной тканіны і льняной ніткі. Аўтары работы – навучэнкі гуртка “Майстэрня рукадзелля” Наталля Арочка і Дар’я Гарбун пастараліся перадаць калядны настрой, змясціўшы на баках каляднай козачкі ўсё тое, што асацыіруецца ў дзяцей з Калядамі – падарункі, бабулін дом у вёсцы, зімовыя пейзажы.
“Калі Алена Уладзіміраўна Жук (педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы) прапанавала прыняць удзел у конкурсе, гаворыць Наталля Арочка, – мы з сяброўкай Дашай адразу “загарэліся” зрабіць нешта незвычайнае. Нам здалося, што было б цікава выканаць сімвал Калядаў у тэхніцы джутавай філіграні. Наша праца над козачкай працягвалася амаль месяц. Але мы вельмі задаволены, што ў нас атрымалася. Канечне, вельмі прыемна, што рэспубліканскае журы ацаніла нашу работу”.

Алена ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Зэльвы.