Малюнкі юных Малевічаў

- 14:55Навіны рэгіёнаў

“Мы гаворым “Так!” дзіцячай мары” — з такім дэвізам па творчым шляху ідуць работнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна. Гэтую ўстанову ведаюць і любяць усе жыхары Дзяржыншчыны. Вось ужо 70 гадоў тут працуюць сапраўдныя майстры, якія заўсёды гатовы натхніць і навучыць шматлікім відам мастацтва — ад традыцыйнага ткацтва да экстрэмальнага катання на матацыклах.

У ЦТДіМ дзеці не толькі цікава і творча бавяць час за арыгамі, фларыстыкай ці LEGO-канструяваннем, але і перамагаюць на конкурсах і выставах рознага ўзроўню. Мноства перамог прынесла ў скарбонку цэнтра народная аматарская студыя “Арт-лялька”. Выхаванцы гуртка займаюцца сувенірнай лялькай, пап’е-машэ, роспісам па шкле і тканіне. З апошніх дасягненняў аб’яднання — 2-е месца на Рэспубліканскім адкрытым конкурсе дзіцячага малюнка “АРХ-навацыя-2016”, дыплом І ступені на абласным этапе Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Я малюю Пецярбург”, 1-е месца і прыз глядацкіх сімпатый на Міжнароднай выставе дзіцячага малюнка “Мы дзеці адной планеты”. Таксама калектыў перамог на Рэспубліканскім конкурсе праектаў “Размова з Малевічам”.

Нельга сказаць, што маляваць лягчэй, чым, напрыклад, вышываць. Любая творчасць патрабуе цярпення, уседлівасці і любові. Калі аддаеш кавалачак душы вялікаму свету мастацтва, справа становіцца асалодай. Атрымліваць задавальненне ад творчага працэсу, дасягаць поспехаў, а таксама змагацца з цяжкасцямі дзяцей вучыць кіраўнік студыі “Арт-лялька” Аксана Вайкшнарыс.

— Адзін з самых складаных для дзяцей праектаў — “Размова з Малевічам”, — адзначае Аксана Аляксандраўна. — Па-першае, саму творчасць Казіміра Севярынавіча нялёгка ўспрымаць як маленькім, так і дарослым, а тым больш спрабаваць маляваць у тэхніцы знакамітага мастака. Па-другое, у рамках праекта мы выбралі вельмі сур’ёзную тэму — “Постмадэрнісцкі погляд: бежанцы”.

Адзін з дзесяці малюнкаў — дзяўчынка, якая стаіць у полі. Твар яе нельга дэталёва разглядзець, але на адной руцэ ў яе — домік у выглядзе падарунка, а на другой — белы голуб. Другі малюнак — кот на акне, які глядзіць у пустату. Яго забылі забраць з сабой гаспадары…

— Зараз мы робім праект “Беларускія музыкі адкрываюць чароўны свет народнай лялькі”: серыю лялек з музычнымі інструментамі, намаляванымі на непрыдатным матэ-рыяле, — расказала Аксана Аляксандраўна. — Такая праца дапамагае не толькі навучыць лепей маляваць, але і знаёміць дзяцей з народнымі музычнымі інструментамі.

Напрыклад, навучэнцы думалі раней, што дуда — гэта дудачка, а насамрэч гэта інструмент, падобны да валынкі. Акрамя новых спазнанняў, у дзяцей развіваецца маторыка, мяняецца ўспрыманне навакольнага асяроддзя. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца бачыць прыгажосць звычайных рэчаў, яны становяцца спагаднымі, назіральнымі, больш добрымі і вясёлымі.

Праектная дзейнасць — любімая справа і вялікі козыр цэнтра. Педагогі і выхаванцы студыі ажыццявілі праект “Мой город”. На кожнай рабоце калектыў намаляваў памятны аб’ект горада: Дом культуры, вакзал, бібліятэку. Атрымалася своеасаблівая экскурсія па Дзяржынску ў тэхніцы гратаж.

У цэнтры працуе бізнес-кампанія, якая весела называецца “Пазітыў”. І нездарма: тут ствараюць для душы і продажу сувеніры, дэкаратыўныя свечкі, мыла, магніты і інш. Аднак часцей тут робяць прадукцыю па індывідуальным заказе. Вясёлыя свінкі-скарбонкі, упрыгожаныя яркімі кветачкамі, аказаліся запатрабаваным таварам. Іх размалёўвалі выхаванцы студыі “Арт-лялька”.

— Мы ўжо амаль усе скарбонкі прадалі на ярмарках. Плануем зрабіць яшчэ. Кошт такіх сувеніраў — прыкладна 10 рублёў, — расказвае кіраўнік студыі.

Трэба адзначыць: ужо вучні 4—5 класаў думаюць не толькі пра тое, што падарыць, але яшчэ і як прадаць свой выраб. Што казаць, ХХІ стагоддзе…

— Хацелася б дапамагчы дзецям дасягнуць новых перамог, бо гэта натхніць іх на далейшую справу і поспехі, — ласкава ўсміхнулася Аксана Вайкшнарыс. — Хочацца, каб вырасла дастойная змена. Ведаеце, заўсёды вельмі прыемна чуць ад дзетак: “Мы будзем як вы!”

Вікторыя ГОМЗА,
Фота аўтара.