Студэнты і выкладчыкі ўніверсітэтаў, навучэнцы каледжаў, неабыякавыя гродзенцы сабраліся на дабрачынны канцэрт, які завяршаў мерапрыемствы марафону “Усе колеры жыцця — для цябе!”, які арганізаваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Акрамя БРСМ, яго арганізатарамі сталі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, дзе і адбыліся фінальныя мерапрыемствы марафону.
Як сказаў прарэктар па выхаваўчай рабоце медыцынскага ўніверсітэта Ігар Багдановіч на адкрыцці дабрачыннага канцэрта, прафесія ўрача заснавана на прынцыпах спагадлівых адносін да чалавека, клопаце пра яго, будучыя медыкі выхоўваюцца на гэтых традыцыях і таму актыўна ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях. Першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Эліна Брага адзначыла, што асаблівасць марафону і дабрачыннага канцэрта ў тым, што сабраныя падчас яго сродкі, канцылярскія тавары будуць перададзены адной установе, на гэты раз — Ашмянскай школе-інтэрнату для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Прадстаўнікі БРСМ пабывалі ў Ашмянах, пазнаёміліся з выхаванцамі і педагогамі школы-інтэрната. Тут створаны добрыя ўмовы для жыцця, вучобы і развіцця дзяцей. Сярод выпускнікоў нямала людзей, якія дасягнулі поспехаў у жыцці. Гэта ваенны камандзір авіяцыйнай эскадрыллі Антон Сасонка, мастак кінастудыі “Беларусьфільм” Іван Рагацень, бронзавы прызёр Еўропы член зборнай каманды Беларусі па паўэрліфтынгу Ігар Юзапчук. Аб жыцці школы-інтэрната расказаў відэафільм, які ўбачылі гледачы дабрачыннага канцэрта.
Але не толькі грашовыя сродкі адправяцца ў Ашмяны. Удзельнікі марафону падзяліліся цёплымі і шчырымі пажаданнямі з выхаванцамі школы-інтэрната, якія яны напісалі на папяровых сэрцах.
Марафон стартаваў у Гродзенскай вобласці на пачатку лістапада. У рамках яго адбыліся дні дабрыні. Валанцёры збіралі канцылярскія тавары і школьныя прылады. Так, у Лідскім раёне дні дабрыні прайшлі ў 39 установах адукацыі, а ўсе сабраныя прылады будуць перададзены ў Лідскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.