На інжынерна-эканамічным факультэце БДТУ лепшым выкладчыкам, па меркаванні студэнтаў, стала Таццяна Брацянкова, якая прадстаўляе кафедру эканамічнай тэорыі і маркетынгу. Кандыдат эканамічных навук, яна спецыялізуецца ў галіне стратэгічнага маркетынгу.
“Для мяне ацэнка студэнтаў — найвышэйшая ацэнка. Правядзенне спаборніцтва, калі лепшага выкладчыка вызначаюць студэнты, лічу карысным для нашага ўніверсітэта”, — адзначыла Таццяна Брацянкова.
Выкладчыцу ведаюць усе студэнты факультэта — лекцыі яна чытае для цэлых патокаў.
“На лекцыях абавязкова ўстанаўліваю зваротную сувязь. Часам гэта бывае няпроста — адчуваецца ментальнасць беларускіх студэнтаў: мы прыйшлі на лекцыю, значыць, можна і расслабіцца. Аднак устанавіць зносіны ў мяне ўсё ж такі атрымліваецца”, — адзначыла Таццяна Брацянкова.
Студэнтам лепшы выкладчык інжынерна-эканамічнага факультэта чытае эканамічныя дысцыпліны, сярод якіх эканамічная тэорыя, тэорыя галіновых рынкаў, мікраэканоміка. Аднак любімымі для яе самой сталі “Стратэгічны маркетынг” і “Маркетынг у галіне”, па якіх яна ўвесь час павышае кваліфікацыю.
“Каб быць добрым спецыялістам, недастаткова чытаць навуковыя публікацыі. Выкладчыку проста неабходна праходзіць стажыроўкі, курсы па павышэнні кваліфікацыі”, — адзначыла Таццяна Брацянкова.
Так, лепшы выкладчык інжынерна-эканамічнага факультэта стажыравалася на кафедры маркетынгу ў Санкт-Пецярбургскім эканамічным універсітэце, навучалася ў бізнес-школе ІПМ.
“Вялікая каштоўнасць такога навучання ў тым, што ты, з аднаго боку, атрымліваеш сучасныя веды, з другога, наладжваеш кантакты. Разам з табой у групе абавязкова будуць вучыцца спецыялісты па маркетынгу з розных кампаній, якія і ўзнімаюць рэальныя праблемы прадпрыемстваў”, — заўважыла Таццяна Брацянкова.
Цесныя кантакты з прадстаўнікамі кампаній спрыяюць таму, што ў даследчых работах студэнтаў і магістрантаў, як курсавых, так дыпломных і магістарскіх, якімі кіруе выкладчык кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу, аналізуецца рэальная праблематыка кампаній.
“Такія работы ў партфоліа студэнтаў дазваляюць ім прадэманстраваць на субяседаванні свае ўменні, што павышае іх шансы на добрае працаўладкаванне”, — расказала Таццяна Брацянкова.
Пастаянныя зносіны з работадаўцамі даюць магчымасць выкладчыку інжынерна-эканамічнага факультэта прапаноўваць здольным студэнтам стажыроўкі ў вядучых кампаніях краіны, сярод якіх, напрыклад, “Мостра-груп”, “Ладэ”. Нярэдка яны застаюцца там працаваць.
“Прадстаўнікі кампаній з задавальненнем да мяне звяртаюцца, каб я параіла ім добрых студэнтаў. Яны разумеюць, што па субяседаванні нялёгка знайсці добрага спецыяліста”, — адзначыла суразмоўца.
Прадстаўнікі кампаній, студэнты і выкладчыкі інжынерна-эканамічнага факультэта добра ведаюць Таццяну Брацянкову яшчэ па адной прычыне. Яна рыхтуе студэнтаў да ўдзелу ў міжнародным конкурсе па маркетынгу BigGame by Marketorium (праходзіць у Санкт-Пецярбургу), на якім яе каманда паказвае добрыя вынікі. Сёлета ў конкурсе, у якім, акрамя самога даследавання, ацэньваецца і яго прэзентацыя, каманда Таццяны Брацянковай заняла 2-е месца.
Дасягаць у гэтым рэчышчы добрых вынікаў дапамагае гурток “Майстар прэзентацый”, дзе Таццяна Брацянкова вучыць студэнтаў граматна прэзентаваць свае праекты. Адзначым, што спецыяльныя курсы па гэтым некалі наведвала і яна сама.
“Нярэдка моцныя работы ў сферы таго ж стратэгічнага маркетынгу не атрымліваюць высокіх ацэнак менавіта таму, што іх аўтары не ўмеюць прэзентаваць свае работы, правільна расстаўляць у іх акцэнты. Менавіта таму ў рамках дысцыплін, якія я чытаю, прапаноўваю заданні, па якіх студэнты не толькі рыхтуюць праекты, але і абавязкова іх прэзентуюць”, — рэзюмавала Таццяна Брацянкова.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.