Адрозніваць арганічную прадукцыю ад неарганічнай у Беларусі стане прасцей. Гэта прадугледжана законапраектам “Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі”, які рыхтуецца да разгляду ў парламенце ў першым чытанні, паведаміў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Сяргей Літвін.
Законапраект, аб якім ідзе размова, распрацаваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання. Дакумент рэгламентуе адносіны, якія ўзнікаюць пры вытворчасці і абарачэнні ў краіне арганічнай прадукцыі, якія цяпер спецыяльнымі заканадаўчымі актамі не рэгулююцца.
У прыватнасці, прапануецца ўвесці сертыфікацыю арганічнай прадукцыі і яе вытворчасці. “Гэтай работай будуць займацца спецыяльныя акрэдытаваныя органы. Пасля гэтага заяўніку будзе выдавацца сертыфікат адпаведнасці арганічнай прадукцыі і працэсаў яе вытворчасці”, — расказаў Сяргей Літвін.
Плануецца, што на такую прадукцыю будзе наносіцца знак “Арганічны прадукт”. Узор, апісанне і парадак яго нанясення будзе вызначаць Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі. “Гэта дасць магчымасць спажыўцам адрозніваць арганічную прадукцыю ад неарганічнай”, — растлумачыў парламентарый. Маркіроўка будзе ажыццяўляцца з улікам міжнародна-прававых актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.
Дэпутат звярнуў увагу, што развіццё вытворчасці арганічнай прадукцыі прадугледжана праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады і будзе садзейнічаць захаванню харчовай бяспекі краіны, адкрые новыя магчымасці для гандлю з іншымі дзяржавамі. Так, ужо цяпер аб’ём рэалізацыі арганічнай прадукцыі на сусветным рынку вырас з $17,9 млрд да $100 млрд — больш як у пяць разоў. Яна вырабляецца ў 140 краінах свету і налічвае больш як 700 тысяч вытворцаў, а на сусветным рынку яе доля займае каля 7—10 працэнтаў ад агульнага аб’ёму.
Сяргей Літвін адзначыў, што пры падрыхтоўцы законапраекта ў Беларусі ўлічваецца замежны вопыт, у тым ліку постсавецкіх краін — Расіі, Малдовы і Украіны, дзе дзейнічае адпаведнае заканадаўства.
Праект закона “Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі” плануецца разгледзець у першым чытанні на вясенняй сесіі ў красавіку 2018 года, рэзюмаваў дэпутат.