Пра важнасць інфармацыйнай работы з маладымі кадрамі, членства ў палітычнай партыі “Белая Русь” карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала загадчыца дзіцячага сада № 10 Ліды Марына Грынюк.
— 25 лютага ў Беларусі ўпершыню пройдзе адзіны дзень галасавання. На выбарах будзе сфарміраваны новы склад парламента, таксама грамадзяне выберуць дэпутатаў мясцовых Саветаў розных узроўняў. Для мяне гэта вельмі адказнае мерапрыемства. Як кіраўнік лічу сваім абавязкам праводзіць адпаведную інфармацыйную работу ў працоўным калектыве. Хачу данесці людзям, наколькі гэта важны перыяд у жыцці краіны, як ён будзе ўплываць на наш дабрабыт. Асаблівую ўвагу ўдзялю рабоце з моладдзю.
З юных гадоў трэба арыентаваць маладых людзей на тое, што іх місія — не толькі стаць прафесіяналамі сваёй справы, але і працаваць на карысць Радзімы.
Моладзь — гэта наша будучыня, і варта арыентаваць яе на самаразвіццё як у прафесійным, так і ў грамадзянскім аспекце з моманту, калі яны пераступаюць парог дашкольнай установы. Сярод 30 педагогаў нашага дзіцячага сада, якія кожны дзень узаемадзейнічаюць з дзецьмі, 8 — гэта маладыя спецыялісты ва ўзросце да 30 гадоў.
Добра развіты ў нас інстытут настаўніцтва: за кожным маладым работнікам замацаваны вопытны. Грамадзянскай актыўнасці шмат у чым садзейнічае ўдзел маладых педагогаў у разнастайных мерапрыемствах. Так, у раённым маладзёжным форуме “Праслаўляю Беларусь” сёлета атрымалі тры дыпломы. З асаблівым пачуццём рыхтавала сваіх маладых калег да ўдзелу ў інтэлектуальнай гульні “Маладыя выбаршчыкі — будучыня Беларусі”. У маі яна праходзіла ў лідскім Палацы культуры і аб’яднала моладзь самых розных прафесій. Прадстаўнікі нашай установы выглядалі вельмі годна і прадэманстравалі добры ўзровень ведаў у галіне права. Увогуле, сістэму адукацыі рэгіёна на інтэлектуальным спаборніцтве прадстаўлялі толькі дзве ўстановы адукацыі.
З вялікім задавальненнем наш калектыў у верасні прыняў удзел у рэспубліканскім патрыятычным сямейным фестывалі “Час”, які праводзіўся на Міншчыне. А ў раённым конкурсе на лепшую сацыяльную рэкламу “Лідчына для жыцця” наш плакат заняў 1-е месца.
З’яўляюся членам партыі “Белая Русь”. Ганаруся, што прадстаўляла Лідчыну на ўстаноўчым з’ездзе. Удзел у такім адказным і важным мерапрыемстве стаў выдатнай магчымасцю не проста пагутарыць з людзьмі розных прафесій, але і выказаць сваю жыццёвую пазіцыю, праявіць палітычную актыўнасць.
Увогуле, актыўная грамадзянская пазіцыя — гэта тое, без чаго немагчыма будаваць планы. Прычым гэта актуальная тэма для кожнага чалавека і без прыналежнасці да такіх маштабных аб’яднальных падзей, як выбары. І ўсё ж напярэдадні электаральнай кампаніі яна набывае асаблівае гучанне і значнасць. Лічу, што, праявіўшы сваю грамадзянскую пазіцыю і прыняўшы актыўны ўдзел у адзіным дні галасавання, кожны з нас стане на абарону нацыянальных інтарэсаў і будзе спрыяць умацаванню дабрабыту нашай моцнай, квітнеючай і незалежнай Беларусі.