Масленіца: весела і смачна

- 15:22Нам пішуць

У Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшла гульнёва-пазнавальная праграма «Масленіца: Добро пожаловать, Сардэчна запрашаем, Zapraszamy!». Праграма складалася з трох блокаў і прадугледжвала работу адпаведна трох пляцовак.

Першы блок — пазнавальна-інфармацыйны. На гэтай пляцоўцы навучэнцы мелі магчымасць даведацца аб традыцыях святкавання Масленіцы ў розных краінах свету. Для многіх стала адкрыццём, што Масленіца — гэта свята не толькі ўсходніх славян. Яно адзначаецца многімі народамі, толькі мае іншыя назвы і традыцыі святкавання.

Другі блок — гульнёва-забаўляльны. Заўсёды лічылася, што смех і весялосць падчас Масленіцы прынясуць людзям багацце, шчасце і дабрабыт. Таму работа пляцоўкі праходзіла пад дэвізам «Шчыра смяяцца, весяліцца самому і весяліць іншых». «Вядома, што смех працягвае жыццё. Сёння мы ўсе аздаравіліся і працягнулі сваё жыццё на добры дзясятак гадоў», — паведаміла Вольга Навумік, навучэнка аб’яднання «Амплуа».

Трэці блок — частавальны. Якая ж Масленіца без бліноў! Яны, як сонейка, якое з кожным днём свеціць усё ярчэй. Удзельнікі свята з задавальненнем частаваліся блінамі на розны густ: бульбянымі і пшанічнымі, са смятанай, маслам, варэннем і мёдам.

Напрыканцы мерапрыемства было прапанавана пакінуць свае ўражанні, пажаданні, прапановы ў «скарбонцы шчырых слоў». Колькі прыемных выказванняў прачыталі ў свой адрас арганізатары! Пасля такой весялосці на Масленіцу, згодна з народнымі традыцыямі, ніякія беды і няшчасці нам не пагражаюць.

Алена ГАНЧАРЫК,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета
Слонімскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.