Масленічны тыдзень

- 14:44Нам пішуць

Спакон веку нашы продкі ў апошнія дні лютага праводзілі свята Масленіца, падчас якога развітваліся з зімой і гукалі вясну, частавалі адзін аднаго блінамі, вадзілі карагоды, спявалі песні, здзяйснялі абрад спалення пудзіла. Гэтыя традыцыі жывыя ў нашай школе. Ужо на працягу пяці гадоў у нашай установе праводзіцца мерапрыемства «Масленічны тыдзень».

Падрыхтоўка да мерапрыемства зацікавіла вучняў, іх бацькоў, педагогаў і абслугоўваючы персанал. Адкрыццё мерапрыемства адбылося ў панядзелак на школьнай лінейцы, дзе навучэнцам было абвешчана аб пачатку святкавання. На працягу шасці дзён дзеці маглі зарабіць жэтоны, якія потым можна было выкарыстоўваць на святочным кірмашы. Жэтоны вучні зараблялі на ўроках: кожная адзнака адпавядала пэўнай колькасці жэтонаў. Таксама атрымаць гэтыя бонусы можна было, калі здасі другасную сыравіну, прымеш удзел у прадметных конкурсах, спартыўных спаборніцтвах.

Кульмінацыяй стаў кірмаш, які прайшоў у шосты школьны дзень. Тут не абышлося без народных абрадаў. Старшакласнікі былі скамарохамі, яны прапанавалі ўсім пакаштаваць розныя прысмакі. Стравы школьнікі падрыхтавалі дома сумесна са сваімі бацькамі, бабулямі і дзядулямі. Галоўнай стравай свята былі бліны: з мёдам, з грыбамі, з сырам. Вельмі крэатыўна падышлі прадстаўнікі кожнага класа да афармлення сваіх гандлёвых месцаў. У навучэнцаў першага класа на стале стаяў самавар, класны кіраўнік і самі дзеці апрануліся ў прыгожыя хусткі, а замест бусаў у іх віселі пляцёнкі з абаранкамі. Вучні трэцяга класа частавалі варэннем: кабачковым, абрыкосавым, малінавым, журавінавым, грушавым. Навучэнцы 11 класа надзелі арыгінальныя кепкі, якія сімвалізавалі сустрэчу вясны.

Усе з задавальненнем удзельнічалі ў гульнявой праграме. «Кіданне валенка», «Бой пеўнікаў», «Пераадолець перашкоду» і мноства іншых конкурсаў, у якіх трэба было прадэманстраваць сваю хуткасць і кемлівасць.
Галоўным вынікам мерапрыемства стала далучэнне як навучэнцаў, так і іх бацькоў да сумеснай дзейнасці, і фарміраванне станоўчых адносін да спадчыны беларусаў.

Ганна САЛКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гарбавіцкага ясляў-сада – базавай школы.