Прыйшла Масленіца да нас у школу не толькі з блінамі, а прынесла з сабою вясёлыя песні, народныя забаўкі і гульні, спартыўныя спаборніцтвы і конкурсы. Наша Масленка-прыгажуня прыбралася ў прыгожую хустку, апранула паліто, намалявала ружовыя шчокі і вусны. Хоць на подыум адпраўляй! І прыйшла да нас яна не адна. У яе свіце былі цётухна Лянота, дзядзька Стрэс, бабуля Сварка, дзядуля Гультай. З імі ў навучальным годзе пасябраваць некаторыя вучні, а на свята вырашылі з гэтымі “сябрамі” развітацца.
Школьны кірмаш прысмакаў засведчыў, што не перавяліся на вольнаўскай зямлі яшчэ руплівыя гаспадынькі і шчодрыя гаспадары. Былі на сталах пірагі і сырнікі, блінцы і пернікі, дыміліся самавары з гарачым чаем. Запрашалі пачаставацца прысмакамі са свайго стала гаспадыні з кожнага класа, а Вераніка Андрушкевіч і Ганна Дубешка раздавалі прызы ўсім тым, хто прачытаў верш, праспяваў песню ці ўспомніў цікавую гісторыю з жыцця. Журы конкурсу “Масленіца-гаспадыня” было цяжка вызначыць лепшых гаспадынь, якія прыгатавалі смачныя стравы. Усе класы пастараліся і за гэта былі адзначаны прызамі.
Вядучыя свята Дар’я Налівайка і Раман Грыгаран тым часам запрашалі ўсіх гасцей прыняць удзел у народных забавак: пахадзіць на хадулях, вызначыць лепшую каманду па перацягванні каната, перамагчы ў “Пеўневых бойках”, надзець сапраўдны хамут на шыю. Весялілі ўсіх на свяце нашы скамарохі. У іх ролі выступілі Мікіта Паўлючэнка і Іван Дораш. Яны забаўлялі прысутных народнямі прыказкамі, прымаўкамі, загадвалі загадкі, прасілі дзяцей пракукарэкаць, памяўкаць і пагаўкаць. У выкананні школьных артыстаў гучалі на свяце вясёлыя масленічныя песні, пад якія дзеці і дарослыя прытанцоўвалі.
А якая ж Масленіца без гарачых бліноў! І тут пастараліся мамы і бабулі нашых вучняў. Якіх толькі бліноў тут не было! З мёдам, з грыбамі, маслам, варэннем, згушчаным малаком. Якія ж яны смачныя з гарачым чаем ды яшчэ на свежым паветры! Ніхто не застаўся і без падарунка. Для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства працавала гульнявая пляцоўка. Кульмінацыяй свята стала спальванне чучала Масленіцы і ўсіх тых заганаў, ад якіх вучні школы хацелі б пазбавіцца.
Святлана КАРПЮК,
вучаніца 11 класа Вольнаўскай сярэдняй школы
Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.