Рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі: «Веру, што голас — гэта адлюстраванне чалавечай душы»

- 9:45Моя школа

Залаты век дыктарскага слова скончыўся, але наперадзе нас чакае нешта кардынальна новае — усё залежыць ад моладзі, на якую артыст і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі ўскладае свае спадзяванні.

Не так даўно я зайшоў у новы магазін “Букініст”, які адкрыўся ў Мінску, — гаво­рыць ён. — Прыемна здзівіўся, даведаўшыся, што вялікая колькасць яго наведвальнікаў — маладыя людзі ва ўзросце каля 30 гадоў. Яны шукаюць рэдкія кнігі, фарміруюць свае дамашнія бібліятэкі. Гэта ўсяляе надзею, што цікавасць да прыгожага літаратурнага слова будзе жыць, яшчэ не ўсё страчана. Магчыма, зараз ідзе новая хваля адраджэння культурнага маўлення. 

Падчас нашай гутаркі Алег Аляксандравіч — майстар пастановачнага чытання, які дасканала валодае інструментам мастацкага слова, расказвае пра тое, што яго хвалюе сёння, пра веру, захапленні і расчараванні, успамінае сваіх знакамітых педагогаў і ўласны раман са словам, разважае пра новыя праекты, будучыню радыё­вяшчання.

Страчаны інстытут

Тое, што агульная культура маўлення страціла свае высокія пазіцыі, рэжысёр лічыць вынікам знікнення ўнікальнага інстытута дыктарства, які ў савецкія часы быў вельмі моцным. На яго развіццё працавалі прафесіяналы: артысты, журналісты, педагогі — гэта была ўсесаюзная скарбніца мастакоў слова. Дабрацца да радыйнага мікрафона было няпроста: выбіралі лепшых з лепшых — з крыштальна чыстым маўленнем, талентам слова, якое можа дайсці да сэрца слухачоў.

Зараз такога, на жаль, няма, — заўважае Алег Вінярскі. — З прыходам у свой час  FM-станцый да слова нібыта перасталі ставіцца з павагай, гэты перыяд супаў і з росквітам інтэрнэту — на людзей абрынулася лавіна інфармацыі, сацсеткі сталі зручным сродкам зносін. Але вядома, што слова лепш гучыць у цішыні. Культура маўлення не толькі не палепшылася, а стала больш прымітыўнай. Гэта не абышло і радыёвядучых, якія сёння з сапраўдным дыктарствам часта нават не знаёмы. На самай справе, дыктараў, якія прайшлі адпаведную школу, на радыё засталося толькі два — я і мая калега Маргарыта Захарыя. Гэта вельмі сумна. На радыё я пачаў працаваць у 1986 годзе. Памятаю, калі прыйшоў у Дзяржаўны камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні БССР (як ён тады называўся), яго кіраўніком быў наш вядомы паэт Генадзь Бураўкін. Гэта было шчасце для ўсіх! Ён быў чалавек вялікай культуры маўлення, цалкам адданы роднай мове, слову. Пад яго кіраўніцтвам кожнае слова, сказанае на радыё, несла ў сабе сэнс. А ці нясе яно сэнс сёння? Скажам шчыра, не заўсёды. З развіццём тэхналогій чалавек амаль пазбавіў сябе жывых зносін, звузіў свой макракосмас да маленькага экрана смартфона. Бог даў нам вялікі свет, а мы самі звялі яго да маленькага пункта. 

Алег Аляксандравіч Вінярскі — вядомы акцёр і рэжысёр Беларускага радыё, дзе працуе больш за 30 гадоў. Пастаноўшчык радыёспектакляў, вядучы радыйных праграм. Агучыў мноства твораў беларускай і замежнай класікі, лаўрэат і дыпламант беларускіх і міжнародных радыё- і кінафестываляў. Уладальнік унікальнага голасу, ён прымае ўдзел у літаратурна-паэтычных канцэртах, музычных праграмах. Творчая энергія дапамагае аўтару ажыццяўляць усё новыя праекты, самы свежы з іх — радыёфільм “Вогненная па­мяць”. Планаў яшчэ шмат.

Рэжысёр гаворыць пра гэта напружана — бачна, што ў яго баліць. Але ён не пяе дыктарству развітальную песню — наадварот, лічыць, што менавіта зараз культура слова можа аднавіцца. І паспрыяць гэтаму могуць тэхналогіі. Раней немагчыма было на­сіць з сабой вялікі радыёпрыёмнік, а сёння ён, вобразна кажучы, змяшчаецца ў кішэні. Нават у дзяцей заўсёды ў вушах навушнікі — а гэта шлях, па якім да іх можна данесці культурнае мастацкае слова. Важна, каб яны былі да яго ўспрымальныя.

Дзецям з маленства трэба чы­таць казкі і вучыць іх лагічнаму, асэнсаванаму чытанню, — упэўнены Алег Вінярскі. — Гэта задача бацькоў і педагогаў. Дзіця павінна менш глядзець тэлевізар, які фарміруе ў чалавека кліпавае, хуткае ўспрыманне рэчаіснасці, а больш слухаць. Разважаць, фантазіраваць. Усяму гэтаму вучыць кніга. Спачатку казкі, потым радыёпастаноўкі. Зараз іх вялікае мноства, ёсць выдатныя спектаклі для дзяцей. Наша пакаленне выхоўвалася на такіх пастаноўках, вечаровых радыёчытаннях. І мы выраслі добрымі людзьмі, уважлівымі да слова. Само слуханне робіць з дзіцяці творцу: яму не даецца гатовая карцінка, як на тэлебачанні, яно павінна само ў сваёй галаве стварыць вобраз. Навучыцца распазнаваць дабро і зло. Вучоныя-псіхолагі даказалі, што аб’ём інфармацыі, якая перадаецца чалавекам з дапамогай слыху і вуснай гаворкі, у тры разы перавышае інфармацыю з візуальных крыніц. Дык давайце карыстацца гэтым! 

Вельмі важна, на думку Алега Аляксандравіча, каб у школе дзіцяці трапіўся доб­ры, зацікаўлены настаўнік — па мове, літаратуры. Ён нават прапануе ўвесці дадатковыя заняткі, накшталт знаёмства з філалогіяй.

Добра, калі педагог здольны выйсці за рамкі фармальнага выкладання, зрабіць дзяцей бліжэй да слова, — гаво­рыць рэжысёр. — Не проста “прайсці” з імі твор, а глыбей разабрацца ў характарах герояў, можа, пачытаць кнігу па ролях, стварыць міні-спектакль. Даць ім адчуць сябе маленькімі акцёрамі. Ці журналістамі — папрасіць напісаць свае думкі па тэме. Працаваць са словам, гуляць з ім. Важна навучыць школьнікаў размаўляць чыста, правільна. Як казаў адзін з маіх любімых паэтаў Вільям Блэйк, стварэнне маленькай кветкі — праца стагоддзяў. Так і з дзецьмі трэба працаваць змалку. Калісьці я вёў курс сцэнічнага маўлення для студэнтаў і маладых журналістаў, вучыў іх адчуваць мелодыку слова, правільна ставіць націскі, карыстацца слоўнікамі. Такія курсы вельмі патрэбныя, але, як я заўсёды кажу, галоўнае навучанне пачынаецца тут, на радыё. Практычнае, што­дзённае. 

І зброя, і скальпель, і мёд

Гэта ўсё пра слова: яно можа балюча параніць, а можа выле­чыць ці супакоіць. 

Каб карыстацца гэтым тонкім інструментам, патрэбен не толькі навык, але і талент, — сцвярджае Алег Вінярскі. — Вядома, не ва ўсіх ёсць такі дар, як, скажам, у Юрыя Левітана, які адным сваім голасам наводзіў жах на ворагаў, але яго можна развіць. Я не перастаю ўспамінаць сваіх выдатных педагогаў, сапраўдных прадстаўнікоў інстытута дыктарства, з якімі звёў мяне лёс. Гэта Ілья Львовіч Курган — дыктар Беларускага радыё, тэатральны педагог, акцёр; Лілія Яфрэмаўна Стасевіч — актрыса, дык­тар радыё, і інш. Прыгажосць беларускага слова для мяне адкрылі вядомы дыктар, крытык, журналіст і заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Юрэвіч — вядучы і аўтар праграмы “Жывое слова”, якая 35 гадоў выходзіла ў эфір. А таксама легендарная дыктар Любоў Якаўлеўна Бацвіннік — вось гэта была моц, іх галасы і зараз гучаць у маёй памяці. Яны не пераставалі працаваць і ў ваенныя часы ў найцяжэйшых умовах — у эвакуацыі. Вяшчанне тады ішло з Масквы. Наогул, каб стаць дыктарам у тыя часы, патрэбны былі моцныя нервы: усе перадачы ішлі не ў запісе, таму што яго тады не было, а ў прамым эфіры. Патрэбны быў і гучны ад прыроды голас. Прыемны, які хочацца слухаць і не выключаць прыёмнік. Я веру, што голас — гэта адлюстраванне чалавечай душы. А слова — гэта лепшы сродак, каб дапамагчы блізкаму. Супакоіць, суцешыць. Асабліва гэта патрэбна пажылым адзінокім людзям, для якіх радыё часам апошні суразмоўнік.

Закрыццё радыёкропак — паслугі праваднога радыёвя­шчання, якое адбылося некалькі гадоў назад, Алег Аляксандравіч лічыць вялікай памылкай. Нават бядой для тых жа адзінокіх старых. Знікаюць такія сродкі — падае, на жаль, і аўтарытэт радыё­вяшчання. 

Слова лепш за ўсё гучыць у цішыні. З прыходам інтэрнэту на людзей абрынулася лавіна інфармацыі, але культура маўлення не толькі не палепшылася — стала больш прымітыўнай. Гэта не абышло і радыёвядучых. Сёння сапраўдных дыктараў, якія прайшлі адпаведную школу, на радыё засталося толькі два — я і мая калега Маргарыта Захарыя.

Цікава, што пра радыё я спачатку нават і не марыў, хацеў працаваць у тэат­ры, — успамінае Алег Вінярскі. — Па гэтай дарожцы і крочыў, паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, гэта быў канец 1970-х. Там мне таксама трапіліся педагогі ад Бога, якіх і зараз успамінаю з любоўю і ўдзячнасцю: народны артыст БССР Георгій Андрэевіч Волкаў, актрыса і педагог Галіна Пятроўна Вішкарова-Старкоўская (яна, дарэчы, дачка артыста легендарнага Меерхольдаўскага тэатра ў Маскве Пятра Старкоўскага). Маімі настаўнікамі таксама былі Ала Шагідзевіч (сцэнічнае маўленне), Людміла Сямашка (яна вучыла цікаваму майстэрству сцэнічнага бою), заслужаны артыст БССР акцёр Беларускага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы Мацвей Федароўскі, народны артыст Беларусі Аўгуст Мілаванаў — такая тэатральная скарбонка. Пасля заканчэння ВНУ пайшоў працаваць у Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. Але пасля вяртання са службы ў арміі трапіць у тэатр не ўдалося. Мой аднакурснік працаваў тады дыктарам у Мінску і запрасіў мяне паспрабаваць сябе на радыё. Гэта было для мяне нешта зусім новае, бо я бачыў сябе толькі ў тэатры. Але ж прайшоў сур’ёзны конкурс і стаў радыйшчыкам: так пачалася мая кар’ера дыктара. Праз 10 гадоў такой работы я, як ка­жуць, дасягнуў сваёй прафесійнай вышыні — стаў дыктарам вышэйшай катэгорыі, і мне ўжо было ў гэтай дзейнасці цесна. Я ўспомніў, што я ж яшчэ і акцёр! Так у 1996 годзе пачаў працаваць рэжысёрам рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання. Як рэжысёра мяне ўпершыню заўважыў Ігар Васільевіч Лапцінскі, заслужаны артыст Беларусі, рэжысёр радыё, — ён стаў хросным бацькам маёй новай дзейнасці. Таксама я вельмі ўдзячны гукарэжысёру Віктару Красоўскаму, які са мной тады працаваў. Адна з маіх першых роляў — хлопчык Антон у радыёспектаклі па рамане Альберта Ліханава “Мой генерал” — была для мяне сімвалічнай. Як Антось уваходзіць у дарослае жыццё праз іспыты і расчараванні, так і я ўвайшоў у новую дзейнасць.

Як кажуць, майстэрства збіраецца па кроплі, а як разальецца — няма яму канца. З тых часоў было пастаўлена мноства радыёспектакляў, агучана шмат аўдыякніг, не пакідаў Алег Вінярскі і ніву радыёвядучага, дзе яго непаўторны голас гучаў у перадачах “Акно ў свет”, “Вясёлы эфір”, “Помні імя сваё” і інш. А ў планах — яшчэ многае. 

Сказаць на ўвесь свет

Праект, які толькі што завяршыўся і пра які Алег Вінярскі расказвае з асаблівым пачуццём гордасці, — радыёфільм “Вогненная памяць”. Гэта дакументальная пастаноўка-рэквіем, якая стваралася спецыяльна да Года гістарычнай памяці, але прызвана жыць у стагоддзях. За аснову праекта ў чатырох частках узяты аповеды відавочцаў жудасных падзей Вялікай Айчын­най вайны, асаблівых зверстваў фашыстаў, якія здзекаваліся з нашага народа, — рэальныя гісторыі са знакамітай кнігі “Я з вогненнай вёскі” А.Адамовіча, Я.Бры­ля, У.Калесніка. 

Як гэтая пастаноўка актуальна менавіта зараз! — гаворыць рэжысёр. —  А кніга-трагедыя, па якой мы працавалі, такой больш няма нідзе ў свеце. Хацелася б, каб наш радыёфільм пачулі ва ўсіх краінах свету, спа­дзяёмся на вялікі рэзананс. Над ім працавалі 28 акцёраў, прычым рабіць гэта спакойна было немагчыма: увесь час мы знаходзіліся пад вялікім уражаннем, цяжкім уплывам вечнай кнігі — гэта быў проста жах. Прэм’ера адбылася 15 снежня, так што праект зусім свежы. Дарэчы, для яго агучвання мы запрасілі цэлы аркестр, аўтар музыкі — вядомы беларускі кампазітар Уладзімір Саўчык. У гэтым го­дзе, які Прэзідэнт абвясціў Годам міру і стварэння, думаю, шмат увагі будзе сканцэнтравана вакол мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. 

Хацелася б, каб наш новы радыёфільм “Вогненная памяць” пачулі ва ўсіх краінах свету — ён вельмі актуальны менавіта зараз. Над праектам працавалі 28 акцёраў, спакойна рабіць гэта было немагчыма, увесь час мы знаходзіліся пад уплывам вечнай кнігі.

Большасць радыёпастановак, акрамя аўдыякніг, Алег Аляксанд­равіч запісвае на беларускай мове. Вёў на ёй і радыёперадачы. Матчыну мову ён пяшчотна любіць, яго голасам агучаны многія творы беларускіх класікаў — У.Караткевіча, К.Чорнага, З.Бядулі, Я.Бры­ля, М.Гарэцкага. На мову перакладзены і некаторыя творы замежных аўтараў, якія ён чытае. Беларускае слова ў Алега Вінярскага гучыць прыгожа, таму што ідзе з самага сэрца. Яшчэ адно слова, якое адлюстравалася ў ім, — слова Божае. 

Яго ў сваім жыцці я пачуў не адразу, у савецкія часы мы былі ў цэлым адвернуты ад Божай тайны, — расказвае мой сураз­моўнік. — Бацька мой быў ваенным лётчыкам, маці ўрачом. Дапамагло тое, што тата быў усё ж такі з рэлігійнай сям’і — веруючай была мая бабуля, яна нават спявала ў царкоўным хоры. Дарэчы, такіх лю­дзей, якія, як яна, хавалі сваю веру, у тыя часы было шмат. Нейкім чынам гэтая вера перадалася майму бацьку, якога бабуля навучыла маліцца простымі малітвамі. А потым і мне. Хрышчоны я быў яшчэ ў дзяцінстве, а сапраўднае жаданне паслужыць Богу прыйшло да мяне з часам. Цікава, што некаторыя важныя для майго далучэння да веры сустрэчы адбыліся менавіта на радыё. Лічу, гэта было невыпадкова. Тут мне трапіліся і пэўныя кнігі, якія прымусілі шмат разважаць, напрыклад, “Выбраныя месцы з перапіскі з сябрамі” М.Гогаля. А потым мяне выбралі і для вядзення праваслаўнай перадачы. Усё ішло, нібыта запланавана. Зараз я знаходжуся ў цесным кантакце з нашым мінскім Домам міласэрнасці, храмам-помнікам Усіх Святых і яго кіраўніком протаіерэем Фёдарам Поўным. Дарэчы, я агучваў некаторыя экспазіцыі ў музеі храма, вёў мерапрыемствы, напрыклад, на Вадохрышча. 

У студыі Свята-Елісавецінскага манастыра рэжысёр запісаў кнігу І.Ільіна “Я ўглядаюся ў жыццё”, пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы ажыццявіў грандыёзны праект — агучыў Чац­вёраевангелле. 

Колькі ў нас было кансультантаў, вучоных, якія дапамагалі нам у рабоце са старажытнымі тэкстамі! — заўважае Алег Аляксандравіч. — На ўсё жыццё запала мне ў душу і сустрэча з мітрапалітам Філарэтам, які прыязджаў да нас сюды, на радыё, падчас запісу Евангелля. Спадзяюся і далей паслужыць сваім голасам — і Богу, і лю­дзям. Веру ў патэнцыял нашага радыё, у моладзь. Упэўнены, не згіне культура слова гучнага — не для таго яна стваралася. На тое і працуем. 

Лізавета МІЦКЕВІЧ