Матэматыка — гэта не проста лічбы

- 14:54Навіны рэгіёнаў

Ці могуць быць нясумнымі лічбы, а матэматычныя прыклады і задачы цікавымі для звычайнага вучня? Могуць, калі за справу бяруцца прафесіяналы — педагогі, якія гатовы пастаянна займацца метадычнымі вынаходніцтвамі і вучыцца самі.

Крыху крэатыўнасці

На Гомельшчыне такіх педагогаў шмат. Апошнім часам яны пачалі актыўна наладжваць супрацоўніцтва, каб трансліраваць свой вопыт не толькі ў межах пэўнага рэгіёна, а больш шырока. Што тычыцца настаўнікаў абласнога цэнтра, іх узаемадзеянне амаль бесперапыннае. І матэматыкі тут у першых радах. Лакаматывам жа іх руху з’яўляецца метадыст па матэматыцы гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама Валянціна Ягораўна Чванькова.
— Час патрабуе ад настаўніка няспынна займацца самаадукацыяй, сачыць за развіццём тэхналогій, якія прымяняюцца ў педагагічнай дзейнасці, шукаць новыя метады выкладання прадмета — толькі такі настаўнік будзе цікавы сённяшняму вучню, — упэўнена Валянціна Ягораўна.
Ахапіць неабсяжнае немагчыма. Але калі дзяліцца сваімі ідэямі, думкамі, методыкамі, распрацоўкамі, можна сабраць вялізны багаж педагагічных ведаў. Гэтаму добра спрыяе правядзенне семінараў-практыкумаў. Адзін з такіх семінараў для настаўнікаў матэматыкі пад назвай “Рэалізацыя асноўных кампанентаў прадметнай матэматычнай адукацыі” прайшоў нядаўна на базе гомельскай сярэдняй школы № 45. Работа пачалася з абмеркавання сучасных метадычных патрабаванняў да рэалізацыі прадметнага зместу на вучэбных занятках па матэматыцы, пра якія ўдзельнікам мерапрыемства паведаміла В.Я.Чванькова.
Далей уласным вопытам па ўкараненні мадэлі стварэння крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя па павышэнні фінансавай граматнасці навучэнцаў падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Гомеля Святлана Міхайлаўна Цыганок.
І.А.Даманнікава, кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі і інфарматыкі, настаўніца матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 45 Гомеля, выступіла з прэзентацыяй вопыту “Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій у выкладанні матэматыкі”. Ірына Аляксандраўна таксама правяла адкрыты ўрок у 9 “Б” класе па тэме “Арыфметычная і геаметрычная прагрэсіі”. А яе калега настаўніца матэматыкі першай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталля Леанідаўна Марозава — урок па тэме “Дзеянні з рацыянальнымі дробамі” ў 7 “Б” класе.
— Усе адкрытыя ўрокі былі праведзены з дзейнасным падыходам і на высокім метадычным узроўні, — канстатавала В.Я.Чванькова. — Удзел у семінары дазволіў настаўнікам матэматыкі не толькі пазнаёміцца з вопытам сваіх калег, але і зацвердзіцца ва ўласных поглядах, штосьці ўзяць на заметку для сваёй далейшай працы.

Больш дапамогі

Што да матэматыкаў, якія толькі робяць першыя крокі ў сваёй настаўніцкай дзейнасці, то пра іх таксама не забываюць. Пры вучэбна-метадычным кабінеце створана “Школа маладога настаўніка” па матэматыцы, якая аб’ядноўвае маладых педагогаў. Яны пакуль не дасягнулі высокага ўзроўню майстэрства, бо ён прыходзіць з вопытам і гадамі працы. Таму ім вельмі патрэбна дапамога старэйшых калег.
У апошні дзень сакавіка адбылося чарговае пасяджэнне гарадской “Школы маладога настаўніка” па матэматыцы. “Тэхналогія мэтапастаноўкі. Актуалізацыя ведаў вучняў” — так акрэслілі тэму сустрэчы арганізатары. Моладзі была прапанавана прэзентацыя аб патрабаваннях да пастаноўкі мэты ўрока: актуальнасць, рэалістычнасць, дыягнастычнасць, часавая пэўнасць, канчатковы вынік, аўтарам якой выступіла метадыст па матэматыцы гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета В.Я.Чванькова.
Пасяджэнне праходзіла на базе сярэдняй школы № 37 Гомеля, і за аснову браўся вопыт педагогаў менавіта гэтай установы. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Мікалаеўна Гукава правяла майстар-клас па тэме “Займальны і творчы пошук на ўроках матэматыкі”. Кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі Вольга Міхайлаўна Галалобава выступіла з прэзентацыяй свайго педагагічнага вопыту “Актуалізацыя апорных ведаў і ўменняў вучняў па матэматыцы”, а таксама правяла адкрыты ўрок у 7 “А” класе па тэме “Пераўтварэнне рацыянальных выразаў”.
Педагагічны вопыт, формы і метады работы з навучэнцамі, асабістыя распрацоўкі, праекты настаўнікаў сярэдняй школы № 37 Гомеля стануць для пачынаючых педагогаў-матэматыкаў добрай дапамогай. Аб гэтым яны гаварылі пры падвядзенні вынікаў пасяджэння і прызналіся, што адна справа — чуць ці чытаць пра пэўны вопыт ці методыку, зусім іншая — убачыць гэта ў дзеянні.

Вынікі пакажа карусель

Згадзіцеся, колькі б мы ні гаварылі пра вопыт, а вынік усёй працы могуць паказаць толькі вучні — сваёй зацікаўленасцю прадметам і ведамі. Такая праверка мае месца. Згодна з загадам аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама, ужо чацвёрты раз праводзілася адкрытая гарадская інтэлектуальная гульня “Матэматычная карусель”.
Сёлета яна праходзіла на базе сярэдняй школы № 24 Гомеля. У гульні прынялі ўдзел 128 каманд са школ, гімназій і ліцэяў абласнога цэнтра. Па выніках трох тураў дыпломамі пераможцаў узнагароджаны 19 каманд. Лідзіруючую пазіцыю занялі ўстановы адукацыі Савецкага раёна. У пераможцах апынуліся 8 каманд: каманда сярэдняй школы № 17 і гімназій №№ 46, 58, тры каманды гімназіі № 51 і дзве — гімназіі № 71. На дзве каманды менш пераможцаў з ліку ўстаноў адукацыі Цэнтральнага раёна. Лепшымі сярод іх сталі тры каманды з сярэдняй школы № 24, каманды сярэдняй школы № 11, гімназій №№ 10, 56. На трэцім месцы па колькасці пераможцаў, дзякуючы намаганням каманд сярэдніх школ №№ 30, 44 і 45, — Чыгуначны раён. Сярод каманд устаноў адукацыі Навабеліцкага раёна лепш згулялі ў матэматычныя гульні каманды сярэдніх школ №№ 15 і 31. А найбольш высокую выніковасць удзелу ў інтэлектуальных гульнях прадэманстравала гімназія № 51, якая папоўніла свае дасягненні трыма дыпломамі. Столькі ж дыпломаў у сярэдняй школы № 24 і на адзін менш — у гімназіі № 71.
— Мы лічым вельмі важнай такую ўзаемасувязь у нашай рабоце, — гаворыць метадыст В.Я.Чванькова. — Мы вучымся, дапамагаем і можам назіраць вынікі сваёй працы. У дзяцей сапраўды ёсць інтарэс да прадмета. Ім падабаецца тое, што прапаноўваюць сёння настаўнікі — тыя настаўнікі, якія сочаць за развіццём тэхналогій, каб выкарыстоўваць іх у сваёй рабоце, якія займаюцца вынаходніцтвам у плане методыкі выкладання прадмета.

Наталля ЛУТЧАНКА.