Медаль за веданне правіл

- 16:36Нам пішуць

У яслях-садзе № 2 Астраўца адбылося спартыўнае свята “Азбука бяспекі”, падчас якога выхаванцы сярэдняй групы прадэманстравалі, што яны добра ведаюць, як правільна паводзіць сябе на дарозе.

На працягу двух тыдняў дзеці ў гульнявой форме вывучалі і замацоўвалі правілы дарожнага руху, вучылі вершы, малявалі, гулялі ў дыдактычныя гульні. З выхаванцамі праводзіліся тэматычныя гутаркі, віктарыны, была арганізавана экскурсія ў аўтамабільны парк і да святлафора. Дзеці разам з бацькамі малявалі, рабілі плакаты, макеты вуліц і іншыя атрыбуты дарожнага руху — атрымалася сапраўдная выстава творчых работ.

А фінальным акордам стала спартыўнае свята “Азбука бяспекі”. Да выхаванцаў у госці завітаў Нязнайка, які не вельмі добра ведаў, як паводзіць сябе на дарозе. Таму ўсе разам паўтарылі асновы правіл дарожнага руху: пераходзілі дарогу па пешаходным пераходзе, паказалі, як добра яны ведаюць сігналы святлафора, і нават спусціліся ў падземны пераход па імправізаваным тунэлі. Дзеці спявалі, расказвалі вершы пра дарожныя знакі, удзельнічалі ў вясёлай віктарыне.

Напрыканцы выступіла інспектар Дзяржаўтаінспекцыі Т.І.Бабовіч і ўручыла медаль кожнаму маленькаму знаўцу дарожнага руху.

Вольга ПАЛОНСКАЯ
выхавальнік;
Настасся БУЦЬКО
кіраўнік фізвыхавання ясляў-сада № 2 Астраўца.