Медыяпрадукты для развіцця лексічнага запасу

- 10:46Медыяадукацыя

Нядаўна пачула цікавыя факты. 60 працэнтаў поспеху вучня залежыць ад асяроддзя, у якім ён знаходзіцца, а настрой настаўніка — гэта 30 працэнтаў поспеху вучня. Калі слухала і аналізавала гэтыя лічбы, успомніла настаўніцу пачатковых класаў гімназіі № 2 Пінска Алёну Васільеўну Кандрацюк. Мы з ёй пазнаёміліся на фестывалі педагагічных ідэй “Медыяадукацыя ў сучаснай школе: вопыт, праблемы, перспектывы”, які праводзіўся ў пачатку сакавіка ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

На фестывалі Алёна Васільеўна прадстаўляла свой вопыт “Выкарыстанне медыяпрадуктаў для развіцця лексічнага запасу вучняў на вучэбных занятках па беларускай мове на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. У канцы яна сарвала апладысменты, а пасля да яе стаяла чарга з жадаючых перакінуць пачуты і ўбачаны вопыт на флэшкі. Настаўніца з радасцю падзялілася ім з усімі.

Менавіта падчас канферэнцыі, дзе былі агучаны лічбы і ўмовы для поспеху вучняў, я і ўсмомніла гэтую пінскую настаўніцу, якая штодзень стварае асяроддзе для поспеху сваіх выхаванцаў і дорыць сваім пазітыўным настроем ім не 30, а ўсе 50 працэнтаў прыемных уражанняў ад навучання. Алёна Васільеўна любіць сваю прафесію, сваіх вучняў і, натуральна, не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Яна альтруіст, галоўная яе якасць — цікавасць да таго, чым займаецца.

Пасля школы мая сённяшняя суразмоўніца паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна, затым у 1995 годзе стала студэнткай факультэта народнай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і атрымала спецыяльнасць настаўніка сусветнай і айчыннай культуры. Дыпломную працу “Анталогія і семантыка вобраза хлеба ў беларускай культуры” пісала ў вядомага прафесара Аляксея Уладзіміравіча Рагулі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта па накіраванні трапіла ў другую гімназію Пінска, дзе працуе і зараз. Але тады выкладала сусветную мастацкую культуру — да таго часу, пакуль прадмет не прыбралі (да 2008 года). Затым, як заўважыла Алёна Васільеўна, папрацаваць давялося ў розных месцах і на розных пасадах: кіраўніком этнаграфічнага музея “Спадчына”, сацыяльным педагогам, кіраўніком гімназічнага тэатральнага гуртка “Маналог”, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. А ў верасні 2012 года настаўніца вярнулася ў гімназію і пачала сваю педагагічную дзейнасць ужо ў пачатковых класах. Адзін выпуск ужо адбыўся. Цяпер працуе ў другім класе свайго другога набору.

Да медыяадукацыі прыйшла свядома і з цікавасцю. На базе гімназіі № 2 Пінска рэалізоўваецца інавацыйны праект па медыяадукацыі “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”, у якім удзельнічае і Алёна Васільеўна. Яна займаецца развіццём беларускамоўнага лексічнага запасу сваіх вучняў, але пры дапамозе медыяадукацыі, праз якую настаўніца пашырае межы сваёй дзейнасці.

“Неяк на медыяадукатары я прачытала вельмі трапнае выказванне Йана Джукса: “Нам трэба рыхтаваць вучняў да іх будучыні, а не да нашага мінулага”. Гэтая думка падштурхнула да высновы: сучасныя дзеці ўспрымаюць беларускую мову тады, калі вывучаюць яе пры дапамозе блізкіх і зразумелых для іх рэчаў, якімі на сёння з’яўляюцца гаджэты — тэлевізар, камп’ютар, планшэт, тэлефон. І паколькі ў дзяцей вельмі малы беларускамоўны слоўнікавы запас, то мая праца па яго напаўненні пачалася з арганізацыі адзін раз у тыдзень цалкам беларускамоўнага дня.

Па чацвяргах мы з вучнямі, вучні паміж сабой, з бацькамі, я з бацькамі пачалі гаварыць выключна па-беларуску. Канечне, атрымлівалася не ўсё і не адразу, але мы стараліся. У нас была старонка “УКантакце”, дзе мы таксама выкарыстоўвалі беларускую мову. Спачатку не маглі знайсці ў сваіх гаджэтах беларускамоўную клавіятуру, але потым усё ж зразумелі, як яе спампаваць. На гэтай старонцы я давала сваім вучням некаторыя заданні на беларускай мове, напрыклад, уставіць пэўныя літары, знайсці часткі беларускага касцюма, рашыць крыжаванку. Яны іх выконвалі, а калі нешта не разумелі, пыталіся.

Затым мы падхапілі ідэю ранішняй перадачы (якую на Беларускім тэлебачанні вёў Андрусь Такінданг (“Наша раніца” на АНТ). Вучні з задавальненнем слухалі вядучага праграмы, які ў цікавай і даступнай форме знаёміў гледачоў з этымалогіяй прапанаваных слоў, тлумачыў іх сэнс, прыводзіў прыклады выкарыстання. Карыснымі для школьнікаў былі і каментарыі навуковых супрацоўнікаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Ім так спадабалася, што мы вырашылі таксама вывучаць па адным цікавым слове. Канечне, так далёка, як Андрусь, мы не заходзілі, больш засяроджваліся на сучаснай лексіцы, якая не менш цікавая. У выніку кожны чацвер разам з дзецьмі вывучалі адно новае беларускае слова. Гэта адбывалася або на вялікім перапынку, або на факультатыве па беларускай мове. Звярталіся да гэтага слова і на ўроку беларускай літаратуры. Дамашнім заданнем было замацаваць (скласці сказ, словазлучэнне і інш.) гэтае слова”, — расказала Алёна Васільеўна.

Адна справа — размаўляць па-беларуску з настаўнікам, бацькамі і сябрамі, а зусім іншая — са знакамітасцю. У класе настаўніцы вучылася дзяўчынка, мама якой сябруе з вядомай тэле- і радыёвядучай Ганнай Гардзеевай. Многія яе ведаюць па перадачы “Справа смаку”. “Мы запрасілі яе да нас на сустрэчу, падчас якой пытанні маглі задавацца толькі па-беларуску. Але напярэдадні дзеці не ведалі, што Ганна да нас прыйдзе. Я захоўвала інтрыгу да апошняга. Толькі распаўсюдзіла фота гераіні, папрасіла вучняў знайсці пра яе інфармацыю і падумаць, якія пытанні можна было б задаць пры сустрэчы. Дзеці адгукнуліся адразу і ўзяліся за працу. Вельмі актыўна дапамагалі бацькі”, — адзначыла настаўніца.

Калі адбылася сустрэча з Ганнай Гардзеевай, пачаткоўцы Алёны Васільеўны, нягледзячы на вялікае ўражанне, прадэманстравалі сапраўдны прафесіяналізм: і пытанні цікавыя задавалі, і беларускую мову выкарыстоўвалі. Таксама ў класе Алёны Васільеўны вучылася дзяўчынка Варвара Каленік, брат якой, Аляксей Мжачык, рыхтаваўся да Алімпійскіх гульняў 2016 года. Для яго дзеці таксама рыхтавалі пытанні і пажаданні поспеху ў спаборніцтвах.

Для пашырэння слоўнікавага запасу вучні А.В.Кандрацюк рабілі відэаролікі пра сваіх хатніх гадаванцаў, хобі, стваралі віртуальныя слоўнікі, аналізавалі змест артыкула часопіса з мэтай знаходжання слоў на вывучанае правіла або з мэтай знаходжання незразумелых слоў. Рабілі тэлеінтэрв’ю з казачным персанажам, разгадвалі рэбусы, выпраўлялі памылкі на скрыншотах перапіскі (настаўніка і вучняў, падчас выканання заданняў).

“У мяне сабралася ўжо шмат заданняў. Гэта “Стоп-кадр” — дэманстрацыя аднаго кадра з папярэднім заданнем (здагадацца, з якога твора ўзяты фрагмент, прыгадаць яго змест), “Што было далей?” — неабходна прыдумаць працяг адлюстраваных падзей на прапанаваным малюнку (з наступным абмеркаваннем), “Выкажы падзяку сябру” — ужываючы ветлівыя выразы ў маўленні, трэба выказаць падзяку сябру з наступным праглядам і абмеркаваннем (правільнае артыкуляванне, інтанацыя, націск і інш.). Гутарка “Правы і абавязкі” — правілы паводзін у інтэрнэце, размяшчэння і пампавання фотаздымкаў і іншай інфармацыі. Стварэнне відэаролікаў “Чытаем вершы беларускіх аўтараў” з наступным праглядам у класе і абмеркаваннем”, — падзялілася настаўніца.

Цяперашнія вучні Алёны Васільеўны больш мэтанакіраваныя і на пашырэнне ведаў па беларускай мове, і на медыяадукацыю, бо працу з імі настаўніца пачала з першага класа. Яна пастаяна прапаноўвае дзецям розныя заданні. Актыўнымі памочнікамі і паплечнікамі педагога з’яўляюцца бацькі, таму праца не спыняецца і з’яўляюцца новыя ідэі.

“Магчыма, я занадта замахваюся, але ў планах — паспрабаваць разгледзець беларускі народны ручнік як медыятэкст. Некаторыя дзеці з бацькамі атрымаюць першыя заданні ўжо на гэтае лета. Калі я працавала настаўніцай сусветнай мастацкай культуры, кіравала нашым гімназічным музеем “Спадчына”, мы з дзецьмі спрабавалі зрабіць расшыфроўку ткацкіх вырабаў — ручнікоў і посцілак. Цяпер вяртаюся да гэтай ідэі. Не ведаю, што ў нас атрымаецца, але мы паспрабуем. Безумоўна, у пачатковай школе вучацца яшчэ малыя дзеці, каб рабіць сур’ёзнае даследаванне, таму мы не будзем замахвацца на нешта вялікае. Мы спросцім задачу, але яе эмацыянальнае ўздзеянне будзе не менш значнае.

Мяркую, што ў наступным навучальным годзе са сваімі вучнямі, ужо трэцякласнікамі, будзем збіраць матэрыял. Дзеці зробяць фотаздымкі ручнікоў сваіх бабуль і дзядуляў, пасля мы разам будзем вывучаць гэтыя прадметы. Дарэчы, я і сама некалі працавала на ткацкім станку (вучыла гэтаму родная цётка Галя з вёскі Сошна Пінскага раёна). А калі вучылася на факультэце народнай культуры БДПУ імя Максіма Танка, то пісала курсавую работу ў вядомага этнографа Віктара Цітова. Даследавала каравайны абрад на прыкладзе роднай вёскі Сошна, у якім ручнікі адыгрывалі немалаважную ролю. Такім чынам, тэма ручнікоў мне дастаткова блізкая”, — падзялілася Алёна Васільеўна.

Медыяадукацыя для маёй гераіні стала прафесійным інтарэсам. Яна прысутнічае на многіх яе ўроках. Настаўніца заўсёды з інтэрнэтам, на яе ўроках у ход ідуць тэлефон, ноўтбук і тэлевізар: “Здараецца ўсякае. Напрыклад, падчас заняткаў нечакана можа высветліцца, што дзіця не разумее сэнс нейкага слова. Я патлумачу яго значэнне, а каб упэўніцца, што мяне пачулі і зразумелі, папрашу знайсці яго рускамоўныя адпаведнікі ў інтэрнэце”.

Гаворыць са сваімі вучнямі Алёна Васільеўна і пра слоўнікі, тлумачыць іх значэнне ў адукацыйным працэсе. А каб было больш зразумела, навучэнцы знаходзяць у інтэрнэце артыкулы, фотаздымкі, малюнкі і відэаролікі да слоўнікавага слова. Для яшчэ большага эфекту дзеці прадставілі самаробныя слоўнікі, у якіх малюецца (робіцца аплікацыя, выразаецца патрэбная карцінка з часопіса) значэнне слова.

Такія слоўнікі прыдатныя і для ўрокаў замежнай мовы, бо побач з беларускім словам можна напісаць англамоўны адпаведнік. Гэтыя словы абавязкова дзеляцца на склады, для пераносу, у іх лічацца літары, гукі, галосныя, зычныя. Да слоў падбіраюцца фразеалагізмы, аднакаранёвыя словы, шукаюцца паралелі з вуснай народнай творчасцю, вызначаецца род, лік, склон.

Ёсць у другой гімназіі Пінска шыкоўная “Слоўнікавая скарбонка для вучняў пачатковых класаў”, складальнікамі якой з’яўляецца група настаўнікаў пачатковых класаў гімназіі, у якую ўвайшлі В.М.Макеўніна, В.А.Дзмітрук, Л.Р.Бібіцкая, М.В.Лосіч, А.Д.Лінкевіч. Выданне ўяўляе сабой руска-беларускі, беларуска-рускі слоўнік, словы якога найбольш часта сустракаюцца ў тэкстах падручнікаў, дыктантах пачатковай школы і прадстаўлены па тэмах “Школьныя прылады”, “Цацкі, гульні, забавы”, “Дні тыдня”, “Назвы месяцаў”, “Чалавек, людзі, прафесіі”, “Дзеянні, пачуцці, стан”, “Адзенне, абутак”, “Дом, мэбля”, “Інструменты і матэрыялы” і інш. На занятках такая скарбонка дапамагае пашыраць лексічны запас. Прапанаваныя словы можна вывучаць асобна, групамі, можна складаць з іх сказы, словазлучэнні. Калі, напрыклад, дзеці вывучылі поры года і назвы месяцаў, то ім будзе лягчэй і на ўроку літаратуры.

Алёна Васільеўна і сама выдатна гаворыць на беларускай мове, таму, думаю, вучні слухаюць яе з задавальненнем. Дарэчы, экскурсіі ў гімназічным музеі яна некалі праводзіла і на пінскім дыялекце. Моўны дыялог з другакласнікамі дапамагаюць падтрымліваць беларускія пісьменнікі, найперш сучасныя. Нядаўна навучэнцы чыталі “Шэрую курачку”, “Гузак” Паўла Ткачова, “Насцечку” Барыса Сачанкі, “Чароўную котку” Анатоля Бутэвіча. Гэта творы пазакласнага чытання, якія вельмі дапамагаюць з успрыманнем беларускай літаратуры і, вядома, пашыраюць слоўнікавы запас вучняў.

Так, крок за крокам, настаўніца і фарміруе паспяховае асяроддзе, якое спрыяе лепшаму засваенню мовы. “Багаты слоўнік чалавека дае яму магчымасць выбару больш дакладнага і выразнага афармлення думкі, таму важна навучыць дзяцей актыўна і стылістычна апраўдана выкарыстоўваць новыя словы”, — пераканана Алёна Васільеўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.