У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшоў III Рэспубліканскі фестываль-конкурс “Медыясфера-2021”.
Фестываль праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.
На конкурс, што прымеркаваны да Года народнага адзінства, было прадстаўлена больш за 300 работ. Студэнты УВА прынялі ўдзел у катэгорыі “Профі”, а навучэнцы каледжаў і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — “Юніёры”. Журы, у склад якога ўвайшлі журналісты, кіраўнікі СМІ, спецыялісты па рэкламе і сувязях з грамадскасцю, прэс-сакратары, выкладчыкі ўніверсітэтаў, адабралі для фіналу 116 медыяпраектаў у 6 намінацыях: “Друкаваны СМІ”, “Электронны СМІ (ТБ)”, “Электронны СМІ (радыё)”, “Фотапраект”, “Інтэрнэт-праект”, “Камунікацыйны праект”. Фіналісты і сталі ўдзельнікамі двухдзённага фестывалю “Медыясфера-2021”.
Прарэктар па выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько падкрэсліў, што ўдзел у фестывалі “Медыясфера”, безумоўна, пакіне значны след у жыцці маладых людзей, дапаможа ім развіваць свае праекты і далей дасягаць пастаўленых мэт. Фестываль стаў яшчэ адной візітнай карткай Купалаўскага ўніверсітэта.
— Сёлета фестываль “Медыясфера-2021” праводзіцца ў рамках цыкла мерапрыемстваў “Гродна — маладзёжная сталіца Беларусі”, яго важная асаблівасць — рэкордная колькасць удзельнікаў, — падкрэсліла загадчык кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Іна Мінчук. — Мы падрыхтавалі для ўдзельнікаў насычаную праграму, майстар-класы, сёлета правесці іх запрасілі не толькі журналістаў рэгіянальных СМІ, але і калег з Мінска. Вельмі важна, што нашу ініцыятыву падтрымалі прафесійныя журналісты.
Удзельнікам было прапанавана выканаць маладзёжныя разнажанравыя медыяпраекты аб сумеснай рабоце беларусаў, іх поспехах і дасягненнях, а таксама аб маладых людзях, якія рэалізуюць свае ініцыятывы — творчыя, валанцёрскія, прадпрымальніцкія, даследчыя.
— Члены журы адзначылі, што ўзровень работ з кожным годам становіцца ўсё вышэйшым, — дадала Іна Мінчук. — Магчыма, гэта звязана з тым, што ёсць нямала пастаянных удзельнікаў фестывалю. Атрымаўшы аднойчы рэкамендацыі спікераў на майстар-класах, яны з кожным годам стараюцца палепшыць свае праекты. Акрамя традыцыйных пераможцаў у шасці намінацыях, сёлета члены журы прапанавалі заснаваць шэраг спецыяльных дыпломаў для праектаў, якія крыху недабралі балаў, каб стаць прызёрам, але ў іх ёсць арыгінальнае рашэнне або яны прыцягваюць вялікую аўдыторыю ў інтэрнэце.
Лідарам па колькасці работ як сярод студэнтаў, так і сярод школьнікаў стала намінацыя “Інтэрнэт-праект”. Гэта акаўнты ў Instagram або ў сацыяльных сетках, каналы ў месенджарах, YouTube-каналы ўстаноў адукацыі і асобныя інтэрнэт-праекты. Моладзь вельмі актыўна асвойвае інтэрнэт-камунікацыю, і гэта адлюстроўваецца ў заяўках, якія яны дасылаюць на фестываль.
Студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Алена Юхно не ўпершыню прымае ўдзел у фестывалі. Праект гэтага года каманды аўтараў — студэнцкі інтэрнэт-часопіс VSUONLINE.
— Гэта інтэрнэт-праект, у якім сабраны артыкулы, напоўненыя графікай, відэаматэрыяламі пра жыццё студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта, — расказала Алена Юхно. — Добры дызайн, зручнасць карыстання, зваротная сувязь — перавагі нашага праекта. Ён аб’яднаў студэнтаў розных факультэтаў, над яго стварэннем працавалі мастакі, дызайнеры, журналісты, нават матэматыкі-праграмісты дапамагалі нам у напісанні платформы для праекта. Мы стараемся кожны год прымаць удзел у фестывалі і заўсёды атрымліваем новыя веды і вопыт. Гэты конкурс — выдатная пляцоўка для пачынаючых журналістаў.
Васьмікласніца гімназіі № 10 Гродна Валерыя Седнева разам з камандай аднадумцаў прадстаўлялі сайт “Дзеці адукоўваюць дзяцей”.
— Мы ствараем адукацыйныя відэаролікі, ёсць і забаўляльны кантэнт, розныя прэзентацыі. Зайсці на наш сайт можа кожны жадаючы. Плануем развіваць яго і напаўняць новымі цікавымі матэрыяламі, — расказала Валерыя.
Цікавай старонкай фестывалю стала серыя майстар-класаў у пяці секцыях: “СМІ і прэс-служба ў глабальным свеце”, “Асоба журналіста і яго індывідуальны стыль”, “Кейсы і антыкейсы”, “Стратэгіі поспеху ў медыяпрасторы”, “Стратэгіі прасоўвання праектаў”. У якасці спікераў выступілі журналісты рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, кіраўнікі прэс-службаў.
Фінальным і доўгачаканым момантам стала цырымонія ўзнагароджання. Члены журы называлі лаўрэатаў I, II, III ступені і ўладальнікаў спецыяльных дыпломаў. У ліку фіналістаў фестывалю — студэнты з 10 УВА краіны, навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў і каледжаў.
У намінацыі “Электронны СМІ (ТБ)” у катэгорыі “Юніёры” 1-е месца за праект “Жыццё шматграннае — выберы правільную грань” заняў Віталь Пецюн (Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну), у катэгорыі “Профі” — медыяцэнтр Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта за праект “Як вывучыць англійскую?”. У намінацыі “Электронны СМІ (радыё)” перамаглі Аляксандра Яскавец і Валерыя Сахно (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Калінкавіч) з праектам “Ведай нашых” і Ягор Рудачэнка (БДУ) з праектам “Грамадзянская сталасць пісьменніка і рэдактара: да 85-годдзя Барыса Сачанкі”. У намінацыі “Друкаваны СМІ” лепшымі сталі Ангеліна Дзярнейка, Аліна Стурэйка і Соф’я Міронава (сярэдняя школа № 11 імя генерала А.І.Антонава Гродна) з праектам “11 балаў!” і аўтарскі калектыў ГрДУ імя Янкі Купалы з праектам PROF1. У намінацыі “Інтэрнэт-праект” пераможцамі сталі аўтарскія калектывы вучняў гімназіі № 10 Гродна, якія прадставілі адукацыйны сайт “Дзеці адукоўваюць дзяцей”, і студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы, якія стварылі праект “ПОТОК”. У намінацыі “Фотапраект” лепшыя з лепшых Іван Казянкоў (Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну), які прадставіў праект #МОЛАДЗЬ#ТРАДЫЦЫI#РАДЗIМА, Ганна Федасюк (Валеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа) з праектам “Свіцязь… ноты маёй душы” і Настасся Шынкевіч (ГрДУ імя Янкі Купалы”) з праектам “Мы ўсе розныя, але мы адзіныя”. У намінацыі “Камунікатыўны праект” перамаглі Дар’я Папко (гімназія № 1 Зэльвы) з праектам “PR ПУНКТ FRESH-STARTUP” і Аляксандра Халадкова і Валерыя Самусева (ГрДУ імя Янкі Купалы”) з праектам “PR-кампанія для ЦТДіМ “Спектр”.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара