Мелодыя ззяння

- 13:24Выхаваўчая прастора

Сёлета ўзорны ансамбль цымбалістаў “Слонімскія зорачкі” сярэдняй школы № 2 Слоніма пабіў асабісты рэкорд: са студзеня па май стаў лаўрэатам 1-­й ступені розных конкурсаў 12 разоў. Яго кіраўнік Вольга Рамейка расказала пра гісторыю калектыву і паступовае пакарэнне творчых вяршынь.

На конкурсе “Прывітанне, свет!” у 2019 годзе.

Улюбіць у сябе

Вольга Паўлаўна вучылася ў музычнай школе па класе цымбалаў. Аднак першапачаткова яна хацела авалодаць фартэпіяна. Калі дзяўчынка з мамай прыйшлі запісвацца ў музычную школу, іх папярэдзілі, што на фартэ­піяна трэба займацца 7 гадоў, а на цымбалах — 5. Інструмент, пра які марыла, не падыходзіў па часе навучання, таму вырашыла паспрабаваць другі варыянт. “Шчыра кажучы, я тады нават не ведала, што такое цымбалы, як яны выглядаюць. Памятаю, прыйшла ў клас да Галіны Мікалаеўны Рукша крыху засмучанай, але яна мяне зачаравала, яна так умела размаўляць з дзецьмі. Калі Галіна Мікалаеў­на села за інструмент, пачала пра яго расказваць, іграць на ім, я не магла адарваць вачэй ад яе рук. Я ўлюбілася не ў інструмент, а ў настаўніка. Зараз гэта маё правіла: спачатку трэба ўлюбіць у сябе”. Фартэпіяна, дарэчы, Вольга Паўлаўна пазней асвоіла ў Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

“Чаму я прыйшла ў гэтую прафесію? Самая першая прычына — вельмі любіла свайго педагога Галіну Мікалаеўну. Менш, чым праз месяц, будзе 27 гадоў, як я сама педагог. Без гэтага ўжо не ўяўляю свайго жыцця”, — прызнаецца Вольга Паўлаўна.

У 2010 годзе пад эгідай Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў прайшоў першы форум цымбалістаў “Сярэбраны звон цымбалаў”. Заяўку вырашыла па­даць і Вольга Рамейка. Яе ансамбль (дзе пераважна займаліся дзяўчынкі 9 гадоў) паспяхова прайшоў адбор у Гродне, потым перамог у Гродзенскай вобласці і па­ехаў заваёўваць рэспубліку. Атрымалася. Калектыў стаў лаўрэатам форуму. У той момант у беларускіх цымбалістаў з’явіўся новы моцны сапернік — ансамбль “Зорачкі”. У 2017 годзе ён атрымаў званне ўзорнага і новую назву — “Слонімскія зорачкі”.

Выпускніцы-2020.

У творчым працэсе

Зараз у Вольгі Рамейка займаюцца дзеці ад 6 да 15 гадоў. Ёсць малодшая група (да 4 класа), сярэдняя (да 6 класа) і старшая (да 9 класа). Сустрэчы прахо­дзяць ад зін раз у будны дзень на працягу гадзіны (вучаць асобныя партыі) і адзін раз у суботу на працягу дзвюх гадзін (робяць сумесныя конкурсныя рэпетыцыі). Ёсць яшчэ індывідуальныя ўрокі, дзе для кожнага дзіцяці адведзена 2 гадзіны.

Самае першае, што робіць педагог на занятках, — знаёміць дзяцей з інструментам, з яго месцам у беларускай культуры. Вольга Паўлаўна ўпэўнена, што без гісторыі не можа быць сучаснасці, гэта аснова.

“Для малодшых заняткі праходзяць пераважна ў гульнявой форме, дзеці вучацца, гледзячы на педагога. Нядаўна мы бралі для развучвання п’есу “Вясёлыя гусі” ў апрацоўцы Юліі Боўбель, нашай беларускай цымбалісткі, педагога і кампазітара. Спачатку я паказала дзецям савецкі мультфільм пра гусей, пасля пачала перакладаць матэрыял на нашу музычную мову, але адразу дзіцяці гэта складана зразумець.Часам я ваджу старэйшых выхаванцаў у больш малодшую групу, таму што ў ансамблі павінен быць лідар, які павядзе за сабой іншых”.

Лаўрэаты конкурсаў Кацярына Санюк і Кіра Крупіца.

Вольга Паўлаўна называе сябе строгім педагогам, хаця ў гэта цяжка паверыць, чуючы яе мяккі голас і мілагучнае маўленне. Аднак усё становіцца зразумела, калі даведваешся пра галоўнае правіла на занятках — цішыня. Музыка любіць цішыню, лічыць кіраўнік. Выхаванцы ўжо ведаюць, што на ўроку трэба выконваць дысцыпліну, старанна працаваць, хаця, канечне, часам можна і адцягнуцца, і пасмяяцца, гэта ж творчы працэс.

“Больш за ўсё дзецям на занятках падабаецца, калі ўсё атрымліваецца, калі я іх хвалю. Калі мы вучым новы матэрыял, то гэта не ў кожным адгукаецца, бо трэба добра працаваць, развучваць з нуля кожную фразу. Але калі яны вывучылі твор, у іх усё добра атрымліваецца, калі ідзе работа з канцэртмайстрам, ім падабаецца. Я сама больш люблю працаваць над фразамі, “амузычваць” твор, даводзіць яго да дасканаласці. Вывучыць тэкст — гэта проста, а вось зрабіць з яго “цукерку” — складаней і цікавей. Самае цяжкае для педагога — пастаноўка. Ёсць праўшы, ёсць ляўшы, для ўсіх патрэбен свой падыход, плюс нельга забываць пра разняволенне рук. Калі іх правільна паставіць, можна зрабіць усё што заўгодна”, — дзеліцца Вольга Рамейка.

Здаецца, працаваць з ансамблем, які складаецца з 5—12 чалавек, — гэта ў 5—12 разоў цяжэй, чым займацца з дзецьмі індывідуальна. Але “Слонімскія зорачкі” — прыклад адваротнага. Педагог настолькі прывыкла быць у камандзе, што гэта здаецца ёй натуральным і простым. “Для мяне ансамбль як арганізм, адно цэлае. Безумоўна, бы­ваюць складанасці, да кожнага дзіцяці трэба знайсці асаблівы падыход. Ёсць тыя, хто імгненна схоплівае, а ёсць тыя, хто больш павольна. Пры неабходнасці з некаторымі індывідуальна дапрацоўваю матэрыял. Для мяне важна мець зносіны з дзецьмі на іх узроўні. Некаторыя прама ка­жуць, што ім не падабаецца, што хочацца паспраба­ваць нешта іншае. Я зга­джаюся, часам бачу, што атрымліваецца няправільна, крыху недарэчна, але ўсё роўна іх падтрымліваю. Гэта вельмі важна, каб дзіця ў працэсе заняткаў тварыла. Я не павінна пастаянна навязваць сваё”. Быць у ансамблі — гэта ведаць, што ў цябе ёсць апора, што побач партнёр па ігры, што страху тут месца няма (усё ж вывесці саліста на сцэну значна складаней, чым калектыў). Амаль з самага пачатку Вольга Паўлаўна прывучае дзяцей быць разам. Першыя месяцы чатыры яны знаёмяцца, пазней вучацца працаваць у дуэце. У канцы першага класа яны спакойна іграюць дуэтамі, а ў канцы другога — квартэтамі. Дзеці 8—9 гадоў амаль без хвалявання  ззяюць на сцэнах міжнародных конкурсаў.

“Самае важнае, што я зразумела за сваю практыку: няздольных вучняў няма. Ёсць дзеці, якіх зацікавілі, і дзеці, якіх яшчэ не паспелі зацікавіць. Я вельмі спяшаюся, бо хачу паспець зацікавіць кожнага ў сваім класе. І гэта ў мяне атрымліваецца. Без любові да сваёй справы і да дзяцей немагчыма быць добрым педагогам. Педагог без любові да дзіцяці ўсё роўна што спявак без голасу, музыкант без слыху, жывапісец без пачуцця колеру”. 

Малодшая група.

Заваёўваючы сцэну

Рэпертуар ансамбля ў асноўным складаюць творы беларускіх кампазітараў: Іосіфа Жыновіча, Віктара Войціка, Яўгена Глебава, Леаніда Захлеўнага, Генадзя Ермачэнкава, Валерыя Іванова, Ігара Лучанка, Віктара Малых і інш. Малодшыя больш вучаць танцавальныя мелодыі, дзеці сярэдняга ўзросту могуць узяць нешта старадаўняе. “У цымбалістаў, дарэчы, праблема з рэпертуарам. Нам часта даводзіцца браць скрыпічныя творы, класіку. Праўда, дзецям гэта складана даецца, такія творы больш падыходзяць старэйшым. Пазалетась мы ўзялі 1­е месца на радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, дзе якраз дуэт іграў Вівальдзі “Канцэрт для дзвюх скрыпак”.

За 10 гадоў “Слонімскія зорачкі” склалі вялікую карту сваіх выступленняў. Ансамбль з радасцю прымалі ў Маскве, Бялградзе, Сочы, Севастопалі, Уфе і родных Слоніме, Гродне, Мінску, Баранавічах і іншых гарадах. Заўсёды з ахвотай ідуць паслухаць ігру на цымбалах у Польшчы. “Больш за ўсё нам запомніўся мінулагодні конкурс “Прывітанне, свет!”. Мы ішлі да перамогі 9 гадоў, да рэспубліканскага этапу шлях складаны, бо ў нашай краіне ёсць шмат таленавітых цымбалістаў. Мы выступалі на гала­канцэрце, рабілі гадзінную праграму ў холе. Шмат хто падыходзіў да нас сфатаграфавацца, аказваецца, нас ведаюць! Пыталіся, дзе яшчэ можна пазнаёміцца з нашай творчасцю. Многія бацькі цяпер прыходзяць, каб аддаць дзяцей менавіта на цымбалы, раней такога ажыятажу не было”.

Цяжка забыць лёсавызначальнае і таму любімае мерапрыемства — форум цымбалістаў “Сярэбраны звон цымбалаў”, які прахо­дзіць раз на тры гады. Туды з’язджаюцца знакамітыя музыканты з усёй Беларусі, выступаюць сольна і ансамб­лем. Атрымаць узнагароду там — значыць атрымаць самую высокую ўзнагароду ў краіне, асабліва для “Слонімскіх зорачак”, якія пачалі з гэтага форуму сваю гісторыю.

“Дзеці перад выступленнем, канечне, хвалююцца. З маленькага ўзросту я іх рыхтую, супакойваю, калі трэба. Я па другой адукацыі псіхолаг, таму ўстанавіць з імі сувязь мне няцяжка. Кажу ім, што ўсе іх перажыванні забяру, прашу выйсці і сыграць для сябе. Калі ім самім падабаецца тое, што яны робяць, то абавязкова спадабаецца і іншым”, — упэўнена Вольга Паўлаўна.

Узнагароды на дзяцей дзейнічаюць, як на футбольных фанатаў перамога любімай каманды: яны моцна радуюцца і хочуць гэта паўтарыць. Таму самыя частыя словы, якія чуе Вольга Рамейка пасля паспяховага конкурсу: “Давайце яшчэ, давайце яшчэ!” Ніякага страху не застаецца, з’яўляецца толькі новае жаданне працаваць і выступаць. На жаль, з­за каранавіруса коль­касць выхадаў на сцэну значна скарацілася. Але педагог знайшла альтэрнатыву — удзел у міжнародных анлайн­конкурсах. Нельга сказаць, што гэта давалася лягчэй за жывыя выступленні. Трэба было іграць перад пустой залай, без падтрымкі гледачоў, запісваць усё на відэа. Добра, што новыя выклікі даюць новы вопыт, гэта было недарэмна.

“Для мяне важна не столькі падзяліцца ведамі, якія я маю, колькі дапамагчы дзецям убачыць і раскрыць той творчы патэнцыял, які закладзены ў іх прыродай. Без розніцы, якую дарогу выбера кожнае з іх, калі стане дарослым, галоўнае — не пагасіць іх унутраную іскру зараз. У гэтым і заключаецца прафесіяналізм педагога. Я думаю, вучыць і вучыцца трэба не для таго, каб перамагчы ў чарговым конкурсе, паступіць у музычную УВА, а для радасці дзяцей, для зносін і любові да мастацтва, да культуры, да навакольнага свету”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва “Слонімскіх зорачак”.