Аддзел адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама на чале з Т.М.Лаўрэенка пастаянна працуе над пытаннямі павышэння майстэрства і ўзроўню прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў, сістэматычна вывучае, абагульняе і распаўсюджвае перадавы вопыт лепшых педагогаў, шукае новыя прагрэсіўныя формы і метады работы для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Гэтаму садзейнічаюць розныя мерапрыемствы. Адно з іх прайшло на базе сярэдняй школы № 2 Маларыты — раённы фестываль метадычных матэрыялаў “Сучасная адукацыя: ад педагагічнага майстэрства — да якасці”.
У 5 секцыях былі заслуханы 107 выступленняў, якія ўключалі метадычныя распрацоўкі вучэбных заняткаў (52), пазакласных мерапрыемстваў (23), майстар-класаў (10), педагагічных праектаў (9), прэзентацый да вучэбных заняткаў (6) і заняткаў у рамках пазаўрочнай дзейнасці па прадмеце (7). Некаторыя педагогі падрыхтавалі не адну распрацоўку, а некалькі. Сярод іх — І.П.Аксянюк, Н.А.Асіпук, І.І.Сацюк і Т.А.Мартынюк з Маларыцкай раённай гімназіі, Г.А.Курганюк з Гвозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Н.Г.Бірыла з Хаціслаўскай сярэдняй школы, К.Я.Алесік з Олтушскай сярэдняй школы, В.С.Пацук з Лукаўскай сярэдняй школы, Л.І.Курдзюк з Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы і В.Ю.Рабчынская з Чарнянскай сярэдняй школы.
Урок — гэта самы важны элемент педагагічнай дзейнасці кожнага настаўніка, паколькі з’яўляецца асноўнай формай арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Менавіта ад праведзеных урокаў залежаць якасць адукацыі і ступень навучанасці выпускнікоў школ. Усё самае важнае і самае галоўнае для вучняў адбываецца на ім. Пра гэта ў сваіх выступленнях гаварылі настаўнікі пачатковых класаў В.М.Галюк і А.В.Струнец, настаўніца інфарматыкі А.В.Ляўковіч і настаўніца англійскай мовы Л.В.Алесіюк з Маларыцкай раённай гімназіі, настаўніца пачатковых класаў Н.П.Мрочка з Хаціслаўскай сярэдняй школы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры І.В.Каралюк з Олтушскай сярэдняй школы і настаўніца рускай мовы і літаратуры А.В.Бурда з Пажэжынскай базавай школы.
Асабліва папулярнымі і запатрабаванымі апошнім часам з’яўляюцца майстар-класы, якія праводзяць вопытныя і высокакваліфікаваныя настаўнікі. Першыя майстар-класы на Маларытчыне былі дадзены ў 2006/2007 навучальным годзе.
— Мы тады сумняваліся, ці патрэбна такая форма работы, — гаворыць загадчыца Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.П.Краўчанка. — Але хутка пераканаліся ў яе неабходнасці, бо новае і прагрэсіўнае, вартае ўвагі і ўкаранення ў практыку, адразу даносіцца да многіх педагогаў. Настаўнік-майстар перадае вопыт шляхам прамога і каменціраванага паказу дзеянняў, метадаў, прыёмаў і форм педагагічнай творчасці.
Павышаную цікавасць на фестывалі выклікалі майстар-класы “Развіццё звязнай мовы выхаванцаў другой малодшай групы сродкамі тэатральна-гульнявой дзейнасці” (выхавальніца В.С.Карабейка з ясляў-сада № 2 Маларыты), “Метад замены множніка” (настаўніца матэматыкі Т.М.Дацык з Маларыцкай раённай гімназіі), “Выкарыстанне мнематэхнічных прыёмаў пры вывучэнні мікраскапічнай будовы элементаў эпідэрмісу ліста” (настаўніца біялогіі Н.А.Шпетная з Маларыцкай раённай гімназіі), “Выкарыстанне інтэрактыўных метадаў у выкладанні гісторыі і грамадазнаўства” (настаўнік гісторыі В.М.Касцючык з Ланской сярэдняй школы), “Выкарыстанне магчымасцей інтэрактыўнай дошкі на ўроках геаграфіі” (настаўніца геаграфіі Т.А.Мартынюк з Маларыцкай раённай гімназіі) і інш. Майстар-класы дазволілі хутка і дэталёва азнаёміцца з сутнасцю работы вопытных педагогаў, метадамі, прыёмамі і сродкамі, якія павышаюць якасць адукацыі.
— Педагагічны праект — гэта распрацаваная сістэма дзеянняў настаўніка, накіраваная на рэалізацыю канкрэтнай задачы; пры гэтым удакладняюцца роля і месца ўсіх дзеянняў, удзельнікі працэсу, час і ўмовы, якія спатрэбяцца для эфектыўнага вырашэння праблемы, — расказвае метадыст Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.У.Леўчанка. — Праекты бываюць розныя: даследчыя, творчыя, гульнявыя, інфармацыйныя, практыка-арыентаваныя і інш. Але ўсе накіраваны на адно — выніковасць адукацыйнага працэсу.
Падчас фестывалю былі прэзентаваны праекты “Мова руху як сродак развіцця танцавальнай творчасці на музычных занятках у старшай групе” (музычны кіраўнік І.С.Хатынюк з ясляў-сада № 1 Маларыты), “Як зрабіць вучэбныя заняткі эфектыўнымі” (настаўнік хіміі В.С.Пацук з Лукаўскай сярэдняй школы) і інш.
Метадычная работа сёння — адна з асноўных частак адзінай сістэмы бесперапыннай адукацыі педагагічных кадраў, павышэння іх прафесійнай кваліфікацыі. Метадычная работа ўяўляе сабой цэласную сістэму, заснаваную на дасягненнях псіхолага-педагагічнай навукі, канкрэтным аналізе індывідуальнай дзейнасці і накіраваную на ўсебаковае павышэнне прафесійнага майстэрства кожнага педагога, узбагачэнне і развіццё яго творчага патэнцыялу. Галоўнае ў такой рабоце — аказанне практычнай дапамогі педагогам. Гэтаму якраз і паспрыяе раённы фестываль метадычных матэрыялаў.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.