Метадычная служба заўсёды падставіць плячо

- 16:21Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Сусветная грамадскасць, і наша краіна таксама не з’яўляецца выключэннем, знаходзіцца ў стане змены адукацыйнай парадыгмы: веды як такія, іх атрыманне перастае быць асноўнай мэтай адукацыі. Па-першае, сёння веды, дзякуючы інтэрнэту, сталі даступныя ўсім, у тым ліку вучням, іх бацькам, і настаўніку цяжка канкурыраваць з інфармацыйнымі рэсурсамі. Па-другое, веды мяняюцца вельмі хутка. Таму асноўныя змены адукацыйнай парадыгмы заключаюцца ў тым, што адукацыя зводзіцца не толькі да якаснага засваення ведаў, але і да выпрацоўкі адпаведных адносін да іх у навучэнцаў, якія выяўляюцца ў тым, каб вучні ўмелі набываць гэтыя веды, знаходзіць іх, асвойваць, крытычна ацэньваць інфармацыю і прымяняць для вырашэння тых задач, якія ставіць жыццё. У сувязі з гэтым перад настаўнікам стаіць вялікая задача: самому асвоіць такі падыход і пастаянна ўдасканальвацца ў яго межах. Бесперапынная адукацыя педагогаў становіцца найважнейшым фактарам забеспячэння якасці адукацыі. У гэтым кантэксце ўзрастае роля метадычнай службы ў забеспячэнні бесперапыннай адукацыі педагогаў і, адпаведна, у забеспячэнні якасці адукацыі. А, як вядома, бесперапынная адукацыя педагогаў ажыццяўляецца ў розных фарматах і на розных узроўнях: ва ўстанове адукацыі, у раёне, рэгіянальным інстытуце развіцця адукацыі, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, іншых рэспубліканскіх інстытутах, а таксама ў працэсе самаадукацыі.

Днямі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў круглы стол па пытаннях арганізацыі дзейнасці метадычнай службы. Якая дапамога патрэбна сёння настаўніку-практыку? Наколькі эфектыўна працуе метадычная служба? Які ўклад яна ўносіць у бесперапынную адукацыю педагогаў? Чаму апошнім часам чуецца крытыка работы метадычнай службы? Якімі бачацца шляхі ўдасканалення яе дзейнасці? Па гэтых пытаннях выказаліся спецыялісты сістэмы адукацыі.

Інеса Уладзіміраўна ЗУБРЫЛІНА, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска, старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МДЛУ:

— Мне падаецца, што ключавая функцыя метадычнай службы заключаецца ў тым, што яна з’яўляецца сувязным звяном паміж сённяшняй сучаснай педагагічнай навукай і практыкай, усім тым вопытам, які вырошчваецца і акумулюецца ў розных установах адукацыі, і выхадам на практыцы. Сувязь гэтая і напрамкі шматвектарныя. Настаўнік павінен ведаць, што адбываецца сёння ў свеце, якімі праблемамі жыве педагагічная навука, якія пытанні ставяцца і як гэта павінна быць рэалізавана. І метадычная дапамога павінна быць першачарговай: і фасілітатарства, і асобаснае суправаджэнне, і выхад на трансліраванне вопыту і… З іншага боку, гэта не што іншае, як вырошчванне кадраў, бо ўбачыць цудоўных педагогаў ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны дапамагае таксама метадыст. Гэта не толькі правядзенне розных прафесійных конкурсаў, але і рэалізацыя вопыту на ўзроўні раёна і рэспублікі. Дзякуючы аналітычнаму падыходу, вопытнаму воку эксперта-спецыяліста, мы можам сёння вылучаць і знаходзіць людзей, рабіць іх вопыт здабыткам грамадскасці.

Метадыст — гэта своеасаблівы пасрэднік паміж навукай і практыкай, які на месцах рэалізоўвае цэлы шэраг функцый, бо вельмі складана не толькі маладому, але і вопытнаму настаўніку, які сёння пастаўлены ў пэўныя рамкі: рэалізацыі ідэалагічных задач, выканання нарматыўных функцый, работы з бацькамі. І калі ты імкнешся дагадзіць усім і, самае галоўнае, вырашыць асноўную задачу эфектыўнага навучання і выхавання, тут, безумоўна, патрэбен чалавек, які працягне табе руку дапамогі, акажа падтрымку, дапаможа знайсці адказы на пытанні. І тая выбудаваная метадычная вертыкаль — ад метадычнай службы ў школе да Акадэміі паслядыпломнай адукацыі — мне падаецца, вельмі прадуманая. Яе можна параўнаць з навагодняй ёлкай. Мы яе не ўяўляем без іголак, цацак і ўпрыгажэнняў. Усё гэта дае адчуванне і свята, і цэласнасці, і сістэмы. І ўявіць сабе сучасную сістэму адукацыі без метадычнай службы вельмі складана.

Калі ўсё ж такі паспрабаваць гэта зрабіць, то будзе хаос. У любым выпадку нам прыйдзецца вынаходзіць нейкую пасаду, своеасаблівую праслойку паміж школай і навуковай дзейнасцю. Не бачу сэнсу гэтага рабіць. Асабліва ўлічваючы, што ёсць назапашаны вопыт і шматгадовыя напрацоўкі, традыцыі і дасягненні. І гэта трэба браць на ўзбраенне, каб рухацца наперад.

Што тычыцца некаторай крытыкі дзейнасці метадычных службаў, то якасная крытыка з’яўляецца штуршком і стымулам для росту. У сістэме адукацыі мы не паспяваем за тэмпамі развіцця ведаў, часам праблемы ў быце падштурхоўваюць людзей да таго, што яны праяўляюць сваё незадавальненне. Мяркую, метадычнай службе трэба пераасэнсаваць свае функцыі, бо задачы, якія ставяцца перад ёй, вельмі шматгранныя, і вырашыць усе аднаму ці некалькім чалавекам часам бывае складана. Варта адчуць свае моцныя бакі, выкарыстоўваць новыя формы рэалізацыі метадычнай дзейнасці: сеткавае ўзаемадзеянне, дзейнасць рэсурсных цэнтраў. Не варта забываць пра тое, што сам настаўнік перш за ўсё павінен задумацца аб павышэнні прафесіяналізму. Ні адзін настаўнік-метадыст, метадыст на месцах ніколі не зможа дасягнуць поспеху, калі няма жадання і імкнення ў настаўніка да прафесійнага росту і развіцця. Таму роля метадыста і заключаецца ў тым, каб аналізаваць, акумуляваць, выявіць лепшы вопыт, убачыць яго ўнікальнасць і зрабіць з традыцыйнага вопыту інавацыйны. Толькі разам, толькі з асобасным пасылам можна дасягнуць поспеху.

Яўген Анатольевіч ГРЫГОР’ЕЎ, дырэктар сярэдняй школы вёскі Тамашоўка Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці:

— Паспяховыя адукацыйныя сістэмы ў іншых краінах вялікую ўвагу ўдзяляюць прафесійнай падтрымцы маладых настаўнікаў, рабоце з імі вопытных педагогаў, якія дапамагаюць ім стаць сапраўднымі настаўнікамі.

Наша метадычная служба адыгрывае вельмі важнае значэнне менавіта для маладых настаўнікаў, для іх станаўлення, развіцця. Нездарма кітайская народная мудрасць гаворыць: “Раскажы мне — і я забуду, пакажы мне — і я запомню, дай мне зрабіць — і я навучуся”. Прыходзячы ў школу, малады настаўнік валодае пэўнымі тэарэтычнымі ведамі, аднак у яго няма ўменняў, разумення таго, як свае веды ўвасобіць на практыцы. І ён сутыкаецца з шэрагам праблем, пытанняў і неабходнасцю далейшага развіцця і самаўдасканалення, усведамлення сябе ў ролі настаўніка, разумення, як дыферэнцыраваць пэўныя формы работы і як вылучыць з іх тыя, якія падыходзяць менавіта яму. Педагогу неабходна навучыцца самарэгуляцыі, самааналізу для вызначэння сваіх далейшых напрамкаў развіцця. З аднаго боку, тут дапамагае сістэма настаўніцтва. Яна дазваляе педагогам вырашаць іх праблемы на месцах. Аднак калі школа невялікая, то не заўсёды ёсць магчымасць замацаваць за маладым спецыялістам вопытнага настаўніка адпаведнага прадмета, бо ў школе толькі адзін настаўнік-прадметнік. І тут важна разумець, што любая работа з маладымі спецыялістамі павінна быць сістэмнай: далейшы працэс самаадукацыі настаўніка не можа быць бескантрольным, хаатычным. Як паказвае практыка, такую сістэму можа прадаставіць вопытны метадыст. Так, наш раённы вучэбна-метадычны кабінет арганізоўвае работу школ маладога настаўніка. І гэтыя школы працуюць прадукцыйна, бо метадыст валодае больш шырокімі магчымасцямі, спектрам ведаў і інструментарыем, чым намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце пэўнай школы. Ён ведае рэсурсны патэнцыял усяго раёна, можа найбольш паўнацэнна яго выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы маладых спецыялістаў. Менавіта сістэмная работа з маладымі спецыялістамі дазваляе сфарміраваць індывідуальны стыль педагога, зразумець сваю ролю ў прафесіі, пастаянна развівацца і рухацца наперад, каб адпавядаць тэмпу росту ведаў, развіцця інфармацыйнага поля навучэнцаў. Прафесійная дапамога маладым настаўнікам забяспечвае паспяховы пачатак іх дзейнасці. Я сам прайшоў школу маладога настаўніка, і магу сказаць, што маладыя спецыялісты зацікаўленыя, і з кожным годам расце працэнт маладых настаўнікаў, якія пасля адпрацоўкі застаюцца ў школе. І ў гэтым вялікая заслуга метадычнай службы.

Я кірую невялікай сельскай школай, але, паверце, колькасць пытанняў, якія ўзнікаюць перад педагогамі, ніколькі не меншая, чым колькасць пытанняў, якія ўзнікаюць, напрыклад, у гімназіі. І раён складаецца з шэрага такіх школ. Калі школа самастойна будзе займацца вырашэннем метадычных праблем на месцах, то гэты працэс зацягнецца на дзесяцігоддзі. Арганізацыя метадыстамі на раённым узроўні сеткавага ўзаемадзеяння дазваляе правільна размеркаваць функцыі: асобныя школы займаюцца вырашэннем канкрэтных метадычных пытанняў. І ты ведаеш, куды можна звярнуцца па кожным канкрэтным пытанні і як вырашыць яго найхутчэй, каб рухацца наперад, а не таптацца на месцы.

Іна Аляксандраўна ХАМІЦЭВІЧ, загадчык сектара агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Віцебскай вобласці:

— У нас у раёне таксама паспяхова працуе школа маладога настаўніка замежнай мовы. Так здарылася, што найбольшая колькасць маладых спецыялістаў, якія зараз працуюць у раёне, менавіта настаўнікі англійскай мовы. Дзейнасць нашых метадыстаў — гэта не проста суправаджэнне маладых спецыялістаў на працягу года, але і арганізацыя шматлікіх мерапрыемстваў. Так, на пачатку года праходзіць тыдзень маладога спецыяліста, калі намеснікі дырэктара, спецыялісты аддзела наведваюць урокі, глядзяць, якія праблемы сустракаюцца ў запаўненні журналаў, падчас правядзення ўрокаў і інш., каб потым на занятках вырашыць. Напрыканцы навучальнага года ладзіцца бенефіс маладога настаўніка замежнай мовы. Гэтая работа дае свой плён. У нашым раёне замацаванне маладых спецыялістаў складае 87% (71% па вобласці). І школа маладога настаўніка адыгрывае тут станоўчую ролю.

Вельмі часта на супрацоўнікаў вучэбна-метадычных кабінетаў ускладаюцца функцыі, якія яны не павінны выконваць, напрыклад, фіксуючая, кантралюючая, і менавіта гэта выклікае незадавальненне педагогаў. Аднак калі ўявіць, што са структуры аддзела адукацыі знікнуць ВМК, то парушыцца ўся сістэма. Спецыялісты аддзела адукацыі як орган кіравання абавязаны рэалізоўваць дзяржаўныя праграмы, сачыць за выкананнем нарматыўных заканадаўчых актаў, якія вельмі хутка мяняюцца. Як данесці ўсё гэта да настаўніка без метадычнай службы на месцах, я не ўяўляю. Акрамя таго, як арганізаваць работу педагога ў міжкурсавы перыяд? Любую работу трэба накіроўваць і ёй кіраваць. І гэтую ролю выконвае метадыст. Метадысты арганізоўваюць шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў, сярод якіх — дні адкрытых дзвярэй, дні ДРК, калі яны выходзяць на ўрокі, глядзяць дакументацыю, праводзяць дыягностыку, у якім напрамку педагогу неабходна працаваць. На больш чым 2000 педагогаў у нас усяго 8 метадыстаў.

І яшчэ, у апошнія гады наборы ў педагагічныя ВНУ былі не самыя моцныя, а падрыхтоўка абітурыентаў пакідала жадаць лепшага. Думаю, у найбліжэйшы час значнасць метадычнай работы толькі ўзрасце.

Алена Мікалаеўна АСКІРКА, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці:

— На сёння ў кожнай установе адукацыі існуе свая метадычная служба, свая структура метадычнай работы. Аднак колькі б структурных кампанентаў ні было, мы не можам гаварыць аб асобным існаванні ўстановы адукацыі без метадыстаў раёна, вобласці, рэспублікі. На прыкладзе сваёй установы адукацыі хочацца расказаць пра арганізацыю метадычнай работы. Асаблівая ўвага ў нас удзяляецца маладым спецыялістам. Гэта і настаўніцтва, і школа маладога настаўніка. Аднак калі б мы замыкаліся толькі ў межах сваёй установы, то нашы педагогі не атрымлівалі б таго развіцця, якое ім неабходна. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці пад эгідай інстытута развіцця адукацыі і клуба творча працуючых педагогаў функцыянуе летняя школа маладога настаўніка. Лепшыя педагогі вобласці маюць магчымасць выехаць у школу санаторнага тыпу, дзе на працягу тыдня наведваюць майстар-класы, трэнінгі, практыкумы ад лепшых педагогаў не толькі вобласці, але і ўсёй рэспублікі. Акрамя таго, у нас існуе сеткавая суполка — “Школа маладога педагога Гродзеншчыны”, і кожны жадаючы можа атрымаць кансультацыю, пэўную інфармацыю кваліфікаванага спецыяліста ІРА і вопытных педагогаў раёна і вобласці.

Наступная катэгорыя педагогаў — педагогі са стажам работы больш за 5 гадоў. Для іх існуюць розныя структурныя падраздзяленні метадычнай работы: школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства, творчыя, праблемныя групы. І тут мы таксама не замыкаемся ў сваёй установе. Нам дапамагаюць метадысты раёна, ствараючы творчыя групы паміж установамі адукацыі. Напрыклад, для намеснікаў дырэктараў існуе творчая група, якую ўзначальвае загадчыца ВМК. Мы атрымліваем усю аператыўную інфармацыю, кансультацыі, своечасовыя тлумачэнні па нарматыўных дакументах, праблемных пытаннях, цяжкасцях, якія ўзнікаюць у працэсе работы. Метадысты дапамагаюць вызначыць самы істотны вопыт для раёна, вобласці. Для такіх людзей ВМК арганізоўваюць фестывалі, конкурсы педмайстэрства. Педагогі ўдзельнічаюць у выставах, выступаюць з майстар-класамі перад іншымі педагогамі, маюць магчымасць наведваць семінары, якія сапраўды цікавыя. Калі гаварыць у цэлым аб сістэме метадычнай работы ўстановы адукацыі, то яна складваецца ў многім дзякуючы дапамозе ВМК, бо метадысты дапамагаюць убачыць тое самае каштоўнае, што назапашана, і зрабіць гэта здабыткам грамадскасці.

Якое б метадычнае мерапрыемства ні праходзіла, метадысты заўсёды наперадзе. Яны настолькі актыўна прымаюць удзел ва ўсіх справах упоравень з настаўнікамі, што дзіву даешся. Часта яны, як флагман, вядуць за сабой тых, хто хоча адсядзецца, прамаўчаць. Гэта форма прафесійнага росту і метадыста.

Іван Віктаравіч ФЁДАРАЎ, начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— Ролю метадыста нельга пераацаніць і пры рэалізацыі інавацыйнай палітыкі, у прыватнасці інавацыйных праектаў, пры выкарыстанні інавацыйнага вопыту як канкрэтнага настаўніка, так і ўстановы адукацыі ў цэлым. Гэта і ўзгадоўванне педагагічнай эліты, якая прадстаўляе нашу рэспубліку на розных узроўнях: канферэнцыях, педагагічных чытаннях, конкурсах. Тут неацэнны ўклад метадыстаў раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Дарэчы, у 2016 годзе пачынаецца новы конкурс педагагічнага майстэрства, і правядзенне гэтых спаборніцтваў на ўзроўні ўстановы адукацыі, раёна будзе ўскладзена на плечы метадыстаў, якія будуць дапамагаць пры арганізацыі конкурсу, выяўленні вопыту.

Метадысты ўяўляюць сабой эксклюзіўны ўзор. Пра іх часта гавораць, што гэта настаўнікі настаўнікаў. Настаўнікам складана быць, а настаўнікам настаўнікаў — складаней удвая ці нават утрая. Тым больш што для метадыста сферай дзейнасці з’яўляецца адукацыйная практыка. Сучасны метадыст — гэта ўжо зусім іншы метадыст, не той, хто правярае, кантралюе. Гэта арганізатар лепшай адукацыйнай практыкі, дарадца, натхняльнік, які аб’ядноўвае, згуртоўвае, накіроўвае. Дарэчы, там, дзе за абагульненнем педагагічнага вопыту стаіць метадыст, педагогі паспяхова здаюць экзамен на прысваенне ці пацвярджэнне педагагічнай катэгорыі. Ды і любы педагог быць метадыстам не зможа: у яго павінны быць яшчэ пэўныя асобасныя якасці.

Да таго часу пакуль метадычная служба адчувае сябе неабароненай, на яе будуць сыпацца нападкі з розных бакоў. У далейшым трэба працаваць над умацаваннем аўтарытэту метадычнай службы, што ў многім у руках саміх метадыстаў, над павышэннем кваліфікацыі метадыстаў. А для гэтага патрэбны адпаведныя распрацоўкі, развіццё новых форм метадычнай работы.

Р.S. Як бачым, разуменне неабходнасці дзейнасці метадычнай службы пераважае ў сістэме адукацыі як сярод кіраўнікоў, так і сярод настаўнікаў-практыкаў. Відавочна, без гэтага звяна арганізаваць бесперапынную адукацыю немагчыма. Там, дзе метадыст нацэлены на прафесійнае развіццё педагогаў, на арганізацыю плённай работы ўстановы адукацыі ў цэлым, назіраюцца значныя дасягненні і поспехі. А ў нашых педагогаў ёсць велізарны патэнцыял, які і дапаможа рэалізаваць метадычная служба.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.