Дзень Канстытуцыі — адно з галоўных дзяржаўных свят Рэспублікі Беларусь. У Канстытуцыі замацавана права на працу, адукацыю, медыцынскае абслугоўванне і многія іншыя. Канстытуцыя вызначае і абавязкі грамадзян перад дзяржавай. Строгае іх выкананне — галоўная ўмова росквіту Рэспублікі Беларусь, нашай Іўеўшчыны, паспяховага руху наперад у эканоміцы і сацыяльнай сферы.
Напярэдадні гэтага дзяржаўнага свята ў Геранёнскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”. Галоўны інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Іўеўскага раённага аддзела ўнутраных спраў Андрэй Валер’евіч Шэмяка ўручыў навучэнцам установы адукацыі, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, пашпарты, а начальнік фінансавага аддзела Іўеўскага райвыканкама Франц Вацлававіч Марцінкевіч — памятныя падарункі.
Таксама ў гэты ўрачысты дзень першы сакратар Іўеўскага камітэта БРСМ Юлія Уладзіміраўна Дабраловіч уручыла шаснаццаці навучэнцам 9 класа білеты членаў БРСМ.
На мерапрыемстве таксама прысутнічалі ганаровыя госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Іванавіч Маркевіч, намеснік старшыні Іўеўскага райвыканкама Таццяна Віктараўна Хінская, старшыня Геранёнскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Эдвардавіч Вершаловіч, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце пагранічнага паста аграгарадка Геранёны Павел Алегавіч Краўцоў.
Падчас мерапрыемства гучалі вершы і песні пра нашу Радзіму, навучэнцы 5—8 класаў падрыхтавалі флэш-моб “Мая Беларусь”.
На працягу ўсяго тыдня ва ўстанове адукацыі праводзіліся мерапрыемствы, прысвечаныя Канстытуцыі нашай краіны. У бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава “Мая Радзіма — Беларусь”, якую падрыхтавала бібліятэкар Алена Баляславаўна Калясінская.
Тарэса ГІЛІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.