Як і кожны год, у гімназіі № 6 Гродна праходзіў тыдзень, прысвечаны матэматыцы, інфарматыцы і фізіцы. Асноўны акцэнт настаўнікі рабілі на тое, каб паказаць усю глыбіню і непаўторнасць прадметаў, адкрыць іх з іншага боку для вучняў.
Кожны дзень тыдня быў прысвечаны асаблівай падзеі. Напрыклад, у панядзелак гімназія рушыла ў падарожжа па гісторыі развіцця “МІФ”. Вучні рыхтавалі вусныя выказванні пра цікавыя і незвычайныя звесткі з гісторыі развіцця матэматыкі і фізікі, якія затым прадставілі на гімназічнай канферэнцыі. На перапынках былі прадстаўлены прэзентацыі “Вядомыя матэматыкі” і “Залатое сячэнне ў архітэктуры Гродна”, якія зрабілі вучні старшых класаў.
Аўторак быў прысвечаны рэбусам. Вучням прапанавалася паспрабаваць свае сілы ў складанні рэбусаў на тыя тэрміны, якія яны ўжо вывучалі па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы ў гэтым навучальным годзе. Вучні 5-х класаў нават зашыфравалі табліцу простых лікаў! Гэтая работа выклікала найбольшую цікавасць.
У сераду дзве каманды вучняў старшай школы паспаборнічалі ў конкурсе “Збяры камп’ютар” на хуткасць. А наступная пара вучняў разбірала яго. Шмат гледачоў сабраў гэты конкурс. З асаблівай цікавасцю назіралі за ім вучні пачатковай школы. 3-я і 4-я класы ўдзельнічалі ў майстар-класах па зборцы і праграмаванні LEGO-робатаў, а 5-я і 6-я працавалі з наборамі LEGO wedo. Яны збіралі робата-алігатара, які адкрываў і закрываў пашчу пры пападанні ў яе прадмета.
Чацвер быў прысвечаны фізіцы і прыродным з’явам. На працягу дня працавала выстава лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па фізіцы. Пад кіраўніцтвам настаўніка пасля ўрокаў вучні 5-х і 6-х класаў змаглі ўбачыць займальныя доследы па фізіцы, а некаторыя нават прынялі ўдзел у іх. Колькі захаплення было ў вачах вучняў! Старшыя класы паспрабавалі свае сілы ў віктарыне “Фізіка вакол нас”.
У пятніцу праходзіў конкурс малюнкаў з геаметрычных фігур, а на другім паверсе ўсе жадаючыя змаглі парашаць галаваломкі і заданні на логіку. На працягу ўсяго тыдня вучні 11-х класаў праводзілі навукова-даследчую работу пра наш мікрараён “Дзевятоўка ў лічбах”. Акрамя гэтага, 10-я класы кожны дзень на перапынках паказвалі матэматычныя фокусы для вучняў пачатковай школы.
Скончыўся тыдзень “МІФ” у суботу сінхронным чэмпіянатам “Што? Дзе? Калі?”, у якім прынялі ўдзел чатыры каманды з 4-га па 9-ы клас. У журы былі лепшыя знаўцы матэматыкі, інфарматыкі і фізікі з 10-х і 11-х класаў. Каманда пераможцаў атрымала граматы, а затым усе разам удзельнічалі ў флэшмобе “Графікі функцый”. Найлепшым вынікам праведзенага тыдня сталі словы вучняў “МІФ” у гімназіі — гэта не міф, а вельмі цікавая рэальнасць”.
Ірына ЦЕРАХАВА,
настаўніца матэматыкі гімназіі № 6 Гродна.