Міністр адукацыі наведаў “Настаўніцкую газету”

- 13:24Актуально, Апошнія запісы

Больш цеснае супрацоўніцтва і папулярызацыя ініцыятыў галіновага міністэрства былі ў цэнтры ўвагі падчас наведвання міністрам адукацыі краіны Міхаілам Жураўковым рэдакцыі “Настаўніцкай газеты”.

Фармат сустрэчы прадугледжваў знаёмства з калектывам рэдакцыі, а таксама з вытворчым працэсам выпуску газеты. Галоўны рэдактар выдання асветнікаў Рэспублікі Беларусь Вадзім Кнышаў пазнаёміў міністра з канцэптуальнымі аспектамі развіцця газеты, а таксама засяродзіў увагу на перспектыўных планах.
— Сёння “Настаўніцкая газета” — шматпрофільнае выданне. Мы стараемся задавальняць патрэбы ўсіх прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, прычым як прафесійныя, так і агульначалавечыя, культуралагічныя. Безумоўна, самымі запатрабаванымі з’яўляюцца падзейныя матэрыялы, таму журналісты выдання імкнуцца данесці да чытачоў самую неабходную інфармацыю. А пасля адкрыцця ва ўсіх рэгіёнах карэспандэнцкіх пунктаў “Настаўніцкай газеты” нашы інфармацыйныя магчымасці значна пашырыліся.
Разам з тым у цэнтры ўвагі нашай газеты — педагог: яго метадычныя, выхаваўчыя здабыткі, імкненне да самаразвіцця і ўдасканалення, а таксама праблемы і перажыванні. І трэба адзначыць, што доля аўтарскіх матэрыялаў на старонках газеты ўвесь час павялічваецца, — адзначыў Вадзім Кнышаў.
Міністр адукацыі падтрымаў традыцыі выдання ў папулярызацыі педагагічнай прафесіі і адзначыў, што інфармацыйная падтрымка сістэмы адукацыі заўсёды будзе карыснай і актуальнай. Тым больш сёння, калі імідж педагога, якасць адукацыі так актыўна абмяркоўваюцца ў грамадстве. Разам з тым, на думку Міхаіла Жураўкова, Міністэрства адукацыі павінна быць вызначальным ва ўсіх дыскусіях і пытаннях.
— Многія лічаць, што ў Міністэрстве адукацыі працуюць людзі, далёкія ад рэальнасці, якія быццам бы не ведаюць, што адбываецца ў сістэме адукацыі. Насамрэч гэта не так. У найбліжэйшай перспектыве ў “Настаўніцкай газеце” з’явіцца праект, прысвечаны непасрэдна дзейнасці прадстаўнікоў міністэрства, — зазначыў Міхаіл Жураўкоў.
Пасля размовы з калектывам “Настаўніцкай газеты” міністр правёў сустрэчу з галоўнымі рэдактарамі часопіса “Народная асвета” Алай Маславай і газеты “Переходный возраст” Жаннай Шчурок.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.