Місія — жыць!

- 14:56Выхаванне

“Як жыць сёння, каб убачыць заўтра” — пад такім дэвізам прайшоў першы раённы злёт антынаркатычных атрадаў на Бераставіччыне, арганізаваны па ініцыятыве дэпутатаў раённага маладзёжнага парламента і актывістаў антынаркатычнага руху ў рамках традыцыйнай вясенняй акцыі “Місія — жыць!”

Не сакрэт, што наркаманія — сур’ёзная праблема сучаснасці. І асабліва насцярожвае той факт, што наркотыкі становяцца часткай маладзёжнай субкультуры, адным з кампанентаў зносін у падлеткава-маладзёжным асяроддзі. Каб стварыць у моладзі негатыўную ўстаноўку да ўжывання наркатычных рэчываў і папулярызаваць здаровы лад жыцця, ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна створаны і вядуць актыўную дзейнасць 10 антынаркатычных атрадаў, якія аб’ядноўваюць больш як 120 вучняў. Удзельнікі антынаркатычнага руху з’яўляюцца прыкладам для равеснікаў у адносінах да жыцця, да тых з’яў, якія ў гэтым жыцці адбываюцца, імкнуцца паказаць і даказаць, што жыццё цудоўнае, шматграннае, поўнае яркіх фарбаў.

Злёт антынаркатычных атрадаў — гэта магчымасць абмену станоўчым вопытам работы па прафілактыцы шкодных звычак, арыентацыя на пазітыўныя каштоўнасці, папулярызацыя маральных і культурных дасягненняў моладзі.

Прэамбулай злёту стала тэатралізаваная мініяцюра “Маналог душы”, падрыхтаваная вучнямі Алекшыцкай сярэдняй школы, якая не пакінула раўнадушнымі прысутных і падкрэсліла важнасць закранутай праблемы. Увазе ўдзельнікаў злёту была прадстаўлена выстава фотакалажаў “Трымайся за жыццё!”, якая адлюстроўвае работу антынаркатычных атрадаў ва ўстановах адукацыі, прадэманстраваны відэаролікі “Які цудоўны гэты свет!”, якія заклікаюць цаніць жыццё.

У рамках злёту прайшла прэс-канферэнцыя “Даведайся ў таго, хто ведае”, падчас якой вучні змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць, работнікам групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі РАУС, урачу-псіхатэрапеўту, прадстаўнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму. Спецыялісты не толькі адказалі на пытанні, якія цікавяць удзельнікаў злёту, але і расказалі пра ўсю небяспеку, якую нясуць наркотыкі здароўю людзей, грамадству, папярэдзілі аб адказнасці за іх ужыванне.

У рамках злёту інструктары “роўнага навучання” са школ раёна правялі трэнінгавыя заняткі “Дызайнерскія наркотыкі”, “Каштоўнасці здароўя”, “Наркотыкі: не лезь, заб’е!”, накіраваныя на прафілактыку шкодных звычак і фарміраванне негатыўнага стаўлення да наркотыкаў.

Усе вучні і дарослыя — удзельнікі злёту былі аднадушныя ў сваім жаданні і далей прапагандаваць здаровы і актыўны лад жыцця сярод равеснікаў і дарослых, быць заўсёды разам, каб тварыць, сябраваць, займацца спортам, атрымліваць задавальненне ад прыгажосці прыроды, ставіць перад сабой вялікія мэты і дасягаць іх. Таму што ў моладзі ХХІ стагоддзя асаблівая і важная місія — “Місія — жыць!”.

Таццяна ТАБЕРКА,
намеснік дырэктара Бераставіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі,
куратар маладзёжнага парламента.