“Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход, і разам ім не сысціся”, — так сказаў калісьці Кіплінг, і гэта дакладна для многіх выпадкаў. Але вось у адным канкрэтным месцы, у Магілёве, яны ўсё ж сышліся. І сышліся вельмі плённа.
У лістападзе ў Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў сустракалі японскі і самы восеньскі фестываль “Японская восень у Беларусі”. Пяты па ліку фестываль праводзіўся ў рамках святкавання 25-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Японіяй. Арганізатарам і ідэйным натхняльнікам традыцыйна выступіла Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь.
У рамках юбілейнага фестывалю ў гімназіі-каледжы мастацтваў адбыўся літаратурна-музычны вечар “Японія — музычнае адлюстраванне ў Беларусі”. На канцэрце прысутнічалі Ала Аляксандраўна Галушка, намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама, і Асамура Такаа, першы сакратар Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь.
Фестываль “Японская восень у Беларусі” падарыў навучэнцам і педагогам гімназіі-каледжа ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з багатай і разнастайнай культурай Японіі, пашырыць музычны рэпертуар юных выканаўцаў, а нашым краінам — стаць бліжэй. Да літаратурна-музычнага вечара навучэнцы і выкладчыкі гімназіі-каледжа рыхтаваліся не адзін дзень. Перад канцэртам госці пазнаёміліся з выставай дзіцячых малюнкаў, прысвечаных Японіі, і выставай фатаграфій “Фотамасты Беларусь — Японія”.
З прывітальным словам у адрас удзельнікаў і гасцей канцэрта выступілі Асамура Такаа і дырэктар гімназіі-каледжа Аляксандр Яўгенавіч Курсакоў.
Навучэнцы выканалі каля 20 кампазіцый. На канцэрце ў выкананні салістаў і творчых калектываў гімназіі-каледжа прагучала музыка японскіх і беларускіх кампазітараў. Вакальны ансамбль пад кіраўніцтвам В.Галуза выканаў песню “Птушкі над узмор’ем”, а ўзорны харэаграфічны ансамбль “Вяснушкі” (кіраўнік І.Смірнова) паказаў харэаграфічную кампазіцыю “Сакура”. Завяршылі канцэрт удзельнікі ўзорнага канцэртнага хору і камернага аркестра гімназіі-каледжа.
Арыгінальную палітру японскіх музычных жанраў навучэнцы ўвасобілі праз разнастайныя інструменты: фартэпіяна, скрыпку, флейту, трубу. Многія самабытныя творы прагучалі ў Беларусі ўпершыню.
Канцэрт атрымаўся цікавым і яркім і стаў па-сапраўднаму незабыўнай падзеяй. Удзельнікі і госці свята атрымалі ўнікальную магчымасць бліжэй пазнаёміцца з чароўнай культурай Японіі.
Сустрэчы ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва навучальнай установы працягнуліся і ў гэтым месяцы. Так, 12—14 снежня гімназія-каледж прымала сваіх сяброў, гасцей з Латвіі, якія прыбылі на форум “Беларусь — Латвія. Музычныя паралелі”. Форум праходзіў у рамках пяцігадовага дагавора аб міжнародным супрацоўніцтве Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў і Науенскай музычнай і мастацкай школы (Латвія).
Латвійскую дэлегацыю прадстаўлялі Сподрыс Качанс, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі музычных школ Con Anima, арганізатар Міжнароднага конкурсу салістаў-акардэаністаў “Науене”, Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў на духавых інструментах Naujene Wind, член Міжнароднай канфедэрацыі акардэаністаў (CIA); Руслан Маргевіч — дырэктар Науенскай музычнай і мастацкай школы; Глеб Бяляеў — педагог Науенскай музычнай і мастацкай школы, піяніст.
У рабоце форуму прыняла ўдзел Ірына Леанідаўна Новікава, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама.
У межах форуму з поспехам прайшоў канцэрт навучэнцаў гімназіі-каледжа, адбылася прэзентацыя навучальнай установы.
Сур’ёзная размова аб падрыхтоўцы музыкантаў-выканаўцаў, асаблівасцях арганізацыі навучання дзяцей у музычных школах Еўропы адбылася ў рамках круглага стала “Праблемы прафесійнай падрыхтоўкі музыкантаў-выканаўцаў на сучасным этапе”. Абмяркоўваліся і перспектывы супрацоўніцтва, і пытанні арганізацыі творчых конкурсаў, і планы па правядзенні міжнародных майстар-класаў. У рабоце круглага стала прынялі ўдзел госці, адміністрацыя і старшыні цыклавых камісій навучальнай установы. Размова атрымалася цікавай, жывой і карыснай для ўсіх.
Пасля заканчэння сустрэчы ўсе — і госці, і дырэктар гімназіі-каледжа Аляксандр Яўгенавіч Курсакоў, і педагогі — прыйшлі да адзінага меркавання, што супрацоўніцтва паміж краінамі садзейнічае ўзбагачэнню і збліжэнню нацыянальных культур, умацаванню творчых і культурных сувязей, прафесійнаму росту навучэнцаў.
Напрыканцы госці пазнаёміліся з гісторыяй горада, наведалі музей гісторыі Магілёва. У велічнай канферэнц-зале Ратушы адбылася заключная прэс-канферэнцыя, на якой карэспандэнты гімназічнай газеты “Камертон” змаглі задаць гасцям пытанні, якія цікавяць усіх навучэнцаў. Сподрыс Качанс, Руслан Маргевіч і Глеб Бяляеў з радасцю пагутарылі з навучэнцамі і адказалі на ўсе іх пытанні.
Міжнародныя сустрэчы ствараюць мост для знаёмства і сяброўства народаў. Мост музычны, які мацнейшы, чым які-небудзь іншы, і разбурыць яго больш складана, чым любыя матэрыяльныя сувязі. Упэўнены, што супрацоўніцтва гімназіі-каледжа мастацтваў з прадстаўнікамі культуры розных краін будзе працягнута і прадаставіць навучэнцам і педагогам багатыя культурныя рэсурсы і больш насычанае культурнае жыццё.
Наталля КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў.