“Млын моды”: гімн свабодзе, пяшчоце, прыгажосці

- 14:48Культура

16—17 мая ў Мінску адбыўся фінал ХХVI Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2017”. Гэты праект, які некалькі гадоў назад узяло пад сваё крыло Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і зрабіла яго найперш адукацыйным праектам, і сёлета ярка заявіў пра сябе, адкрыўшы знаўцам фэшн-мастацтва дзясяткі новых яркіх імён, падарыўшы яго ўдзельнікам незабыўныя хвіліны хвалявання, адчування самасцверджанасці і рэалізаванасці, сапраўднага творчага шчасця. А фінальныя мерапрыемствы “Млына моды — 2017” у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і ў Палацы спорту сталі адной цудоўнай двухдзённай дзеяй і, безумоўна, падзеяй у жыцці краіны. Найперш — у жыцці нашых крэатыўных юных і маладых людзей ды іх педагогаў.

* * *

Сваё прывітанне ўдзельнікам ХХVI Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2017” накіраваў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка, які, у прыватнасці, адзначыў: “Гэты агульнанацыянальны культурна-адукацыйны праект для навучэнскай моладзі, педагогаў, спецыялістаў, якія працуюць у сферы моды, дызайну, фатаграфіі, цырульніцкага майстэрства, дае цудоўную магчымасць маладым і крэатыўным людзям прадставіць сваю творчасць і майстэрства… Развіццё праекта “Млын моды” звязана з вялікай адукацыйнай дзейнасцю ў рэгіёнах краіны: семінары, трэнінгі, майстар-класы, а таксама адукацыйныя выезды прызёраў і пераможцаў фестывалю за мяжу з наведваннем творчых школ, удзел у міжнародным конкурсе маладых дызайнераў “Рускі сілуэт” і многае іншае. Усё гэта садзейнічае ўмацаванню міжнародных сувязей, творчаму пошуку і абмену вопытам, выхаванню будучых майстроў індустрыі прыгажосці ў нашай краіне. Дарагія сябры, калегі! Ад усёй душы зычу ўдзельнікам “Млына моды” не страціць свайго творчага запалу і натхнення, жадання ствараць і дарыць радасць творчасці іншым людзям, упэўненасці ў сваіх творчых сілах, новых поспехаў і перамог!”

А першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш, у сваю чаргу, ужо непасрэдна з подыума Палаца спорту, вітаючы ўдзельнікаў фестывалю-конкурсу, падкрэсліў: “Творчы свет, а свет моды гэта, безумоўна, творчы свет, вельмі складаны. Вельмі складаны з пункту погляду канкурэнцыі, з пункту погляду таго, што тут абавязкова трэба быць прафесіяналам. А яшчэ, калі раней творчасць была доляй пераважна адзіночак, то цяпер усё больш відавочна вылучаецца кірунак, дзе поспех магчымы толькі тады, калі ёсць камандная работа. Хай нават на конкурсе будзе толькі ад зін пераможца, але яго поспех будзе немагчымы без цэлай каманды, з якой ён працуе”.

Дарэчы, пра гэты камандны дух фестывалю-конкурсу “Млын моды”, пра тое, што ён робіцца менавіта талакой, гаварылі і непасрэдныя яго арганізатары з Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на прэс-канферэнцыі ў першы дзень фінальных мерапрыемстваў.

Ад аднаго з журналістаў прагучала пытанне: “А які момант “Млына моды” для вас самы значны?” І вось якія былі адказы.

Дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільеўна Васільчанка: “Калі рэалізоўваецца нейкі маштабны праект, заўсёды хочацца, каб усё прайшло добра, каб добра спрацавала ўся каманда. І тут важны кожны этап: эскізны тур, тур “Увасабленне”, фінал… Але на самай справе нейкую фінальную кропку ў “Млыне моды” немагчыма паставіць ні на фінале ў Мінску, ні нават падчас нашых выездаў на міжнародныя творчыя майстэрні. Там, на замежных пляцоўках, асабліва выразна бачыш, ці ўсё ў нас удалося ў гэтым годзе, і адчуваеш, што нараджаецца ўжо нешта новае на наступны год”.

Загадчыца аддзела моды і дызайну НЦМТ ДіМ Святлана Міхайлаўна Гнядзёнак: “Я заўсёды хвалююся і за ўсю нашу каманду, і за кожнага з нас паасобку. Мне даводзіцца бачыць іх, удзельнікаў нашага фестывалю-конкурсу, на ўсіх этапах — ад эскізу да моманту, калі прышываецца апошні гузічак… Кожны з іх укладвае ў сваю калекцыю часцінку сябе, часцінку свайго перажывання, часцінку свайго часу”.

Намеснік загадчыка аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ кіраўнік подыум-школы Fashion Style Ігар Леанідавіч Іваноў: “У нашым сённяшнім фінале прымае ўдзел 118 аўтараў. А за кожным дызайнерам стаіць яго педагог. А дадайце сюды мадэляў, візажыстаў, стылістаў, цырульнікаў, сцэнарыстаў… Уяўляеце, якая гэта агромністая каманда, уяўляеце, колькі чалавек прымае ўдзел у фестывалі! Для мяне самы трапяткі момант “Млына моды”, калі ўсе мы выходзім на подыум у самым канцы галоўнага шоу фестывалю. Мы не ўмяшчаемся на подыуме”.

* * *

А цяпер пра абавязковую ў нашым выпадку статыстыку і неабходную фактычную аснову.

Па традыцыі апошніх гадоў фестываль-конкурс “Млын моды” праходзіў для дызайнераў, мадэляў, фатографаў і стылістаў па намінацыях: “Школа моды”, “Майстар моды”, “Фота”, “Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу”, “Топ-мадэль фестывалю-конкурсу”, “Міс Мадэль Беларусі”, “Містар Мадэль Беларусі” і “Майстар стылю”.

На працягу ўсяго сезона 2016/2017 года ў намінацыях “Школы моды” і “Майстар моды” ўдзельнічалі эскізы 450 калекцый, прадстаўленых 515 дызайнерамі. З іх у фінал выйшлі 100 калекцый 118 аўтараў усіх рэгіёнаў краіны. Важны факт. Усяго ў гэтым сезоне праз “Млын моды” прайшло больш калекцый, чым у мінулым, што сведчыць найперш пра павелічэнне цікавасці да праекта ў цэлым. Але, з іншага боку, непасрэдна ў фінал трапіла менш калекцый у параўнанні з папярэднімі гадамі (раней гэтая лічба даходзіла да 200, цяпер — роўна 100), і гэта ўжо сведчанне таго, што адбор на “Млыне моды” стаў больш жорсткім, патрабаванні — больш строгімі. Ад гэтага толькі выйграе якасць фестывалю-конкурсу, упэўнены яго арганізатары.

У фінальным паказе ўзялі ўдзел 120 мадэляў. У намінацыі “Фота” паўдзельнічалі 30 фатографаў. З іх да фіналу дайшло 11 фатографаў. Цікава, што сярод іх ёсць фіналісты мінулых гадоў.

Для вызначэння лепшых удзельнікаў “Млына моды — 2017” у Мінск былі запрошаны аўтарытэтныя міжнародныя эксперты, спецыялісты ў галіне моды і дызайну вядучых устаноў гэтага кірунку з такіх краін, як Іспанія, Латвія, Польшча, Расія, Украіна. Дарэчы, многія з запрошаных замежных прафесіяналаў адкрылі дзякуючы “Млыну моды” не толькі ўласна сам гэты фестываль-конкурс, але і Беларусь, пабываўшы ў нашай краіне ўпершыню.

У рамках першага “адукацыйнага дня” фестывалю-конкурсу адбыліся семінары, лекцыі і майстар-класы, праведзеныя дацэнтам факультэта дызайну Латвійскай акадэміі мастацтваў, дызайнерам, стваральнікам і ўладальнікам уласнага фэшн-брэнда STATUS BY SHTAMGUTS Арцісам Штамгутсам (Рыга, Латвія), імідж-дызайнерам кіраўніком Школы іміджу Image Pro Святланай Найміценка (Мінск, Беларусь), украінскім мадэльерам, мастаком па касцюмах, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі кінамастацтва Расіі, сябрам Нацыянальнага саюза кінематаграфістаў Украіны і Украінскай кінаакадэміі Русланам Хвастовым (Кіеў, Украіна) і інш.

* * *

17 мая сталічны Палац спорту гудзеў ужо з самай раніцы. Праграма другога дня фіналу была вельмі насычанай: спачатку — конкурсны паказ беларускіх калекцый фіналістаў фестывалю-конкурсу ў намінацыях “Школа моды” і “Майстар моды”, потым — цырымонія ўзнагароджання прызёраў і, нарэшце, тое, самае чаканае і самае непрадказальнае — гала-паказ.

Ужо ў фае Палаца спорту ўсіх запрашалі паглядзець на сябе фотаработы фіналістаў у намінацыі “Фота”, і трэба адзначыць, што тут на самай справе было на што паглядзець. Сёлета канкурсантам у гэтай намінацыі была прапанавана тэма “Сацыяльны рэпартаж у стылі фэшн”, і яна апраўдала сябе. “Залежнасць ад сучаснасці”, “Экалогія”, “Навошта столькі рэчаў?”, “Падмена жыццёвых каштоўнасцей. Праблема неапраўданага спажывання”, “Бяздомныя жывёлы” — вось назвы некаторых праектаў. А лепшым у гэтай намінацыі быў прызнаны праект Алены Марозавай з Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя А.Я.Ларына “Страчаныя таленты” — серыя стыльных партрэтаў задуменных дзяўчат: хтосьці з іх едзе ў пустым вагоне электрычкі, паглядаючы з сумам у акно, хтосьці сядзіць на прыступках тэатра, апусціўшы галаву, хтосьці дрыжыць ад холаду на краі фантана… “Страчаная ў сабе, у сваіх магчымасцях, я ўсё ж не здавалася і спрабавала рэалізаваць сябе ў чымсьці новым”, — піша пра сябе Алена ў анатацыі праекта, і гэтыя словы можна аднесці таксама і да гераінь яе фотаздымкаў.

Што ж тычыцца гала-паказу, то, як і заўсёды, гэта было яркае, маляўнічае шоу з мноствам тых адметных залацінак, якія рабілі яго непаўторным, як кажуць, тут і зараз.

Так, адмысловымі ўпрыгажэннямі фінальнага вечара “Млына моды — 2017” сталі выступленні беларускай групы Nuteki, балета Вольгі Шамровай, нават стыльныя паводзіны і часам вострыя жарцікі вядучых Тэа і Вольгі Рыжыкавай. Як і ў мінулыя гады, выклікала слёзы замілавання дэфіле дзетак з Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху ў рамках дабрачыннага праекта “Стыльны пачатак” (калекцыю “Дзеці Святла” распрацавала беларускі дызайнер Вольга Максімовіч, а пашыта адзенне педагогамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна). І, вядома ж, у эпіцэнтры свята быў паказ лепшых беларускіх і гасцявых калекцый.

У намінацыі “Лепшая калекцыя для дзяцей” перамагла Наталля Рубанава (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска) з калекцыяй “На сёмым небе”, у намінацыі “Лепшая калекцыя адзення для падлеткаў” — Настасся Тарасава (Інстытут сучасных ведаў імя А.М.Шырокава) з калекцыяй “Зрабі сам”, у намінацыі “Лепшая мужчынская калекцыя” — Аляксандра Ляхавец (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) з калекцыяй “Беларускі каляндар”, у намінацыі “Майстар моды” — Наталля Касцова (Мінск) з калекцыяй “Ведзьмы пустэчы”, у намінацыі “Лепшая жаночая калекцыя” — Надзея Малафей (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) з калекцыяй Time to fly. “Міс Мадэллю Беларусі” прызнана Валерыя Наўроцкая, “Містарам Мадэллю Беларусі” — Павел Будкевіч.

А паказ гасцявых калекцый (Арціса Штамгутса з Латвіі, Кінгі Уршулы Хлопек з Польшчы, Нікі Шабашовай з Расіі і інш.), а таксама феерычнае цырульніцкае шоу Details нашага земляка, цяперашняга жыхара Барселоны, крэатыўнага дырэктара SK STYLE BARCELONA Аляксандра Кірылюка сталі проста чароўным падарункам для ўсіх, хто сабраўся 17 мая ў Палацы спорту.

Заключным цудоўным момантам гала-паказу быў паказ вячэрніх сукенак крэатыўнага дырэктара моднага дома “Папіліё” Алёны Гарэцкай. Адна за адной выходзілі ў шыкоўных уборах прыгажуні на подыум пад музыку, якая спачатку была гэтакай атмасфернай, па-вясенняму пяшчотнай, а потым пачала набываць дынамічнае, па-летняму гарэзлівае гучанне…

Гэта быў фэшн-гімн не вячэрняй сукенцы і нават не жаночай прыгажосці ў гэтай вячэрняй сукенцы. Гэта быў гімн самой Жанчыне, якая сёння яшчэ кунежыцца ў майскай пяшчоце, але вось-вось — і выпырхне лёгкай птушкай у свавольнае лета.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.