“Млын моды” скарыў сваёй прыгажосцю Сербію

- 10:53Культура

Яшчэ не паспелі згаснуць цудоўныя ўражанні ад фінальных дзён Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” ў сталічным Палацы спорту, як гэтая дзея дорыць нам новую прыемную навіну.


Як паведаміў нашаму карэспандэнту кіраўнік подыум-школы Fashion Style Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ігар Іваноў, з 27 мая па 1 чэрвеня ў Сербіі адбыліся Міжнародныя творчыя майстэрні ў рамках “Млына моды”. Нагадаем, што гэта спецыяльны прыз, заснаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для пераможцаў і прызёраў фестывалю-конкурсу ў намінацыях “Школа моды”, “Майстар моды”, “Фота”, “Міс-мадэль Беларусі”, “Містар-мадэль Беларусі”, “Топ-мадэль фестывалю-конкурсу”.

Залішне нават гаварыць пра тое, якія прыгожыя і гарачыя ў Сербіі жывуць балканскія мача і прыгажуні. Але і яны скарыліся перад прыгажосцю, якую ствараюць юныя беларускія дызайнеры. Паказы-прэзентацыі маладых дызайнераў з Беларусі, якія былі арганізаваны пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія, зрабілі ў гэтай балканскай краіне сапраўдны фурор.

Таксама ўдзельнікі беларускай дэлегацыі наведалі Універсітэт мастацтваў у Бялградзе, мелі шэраг культурных сустрэч у сербскай сталіцы, паўдзельнічалі ў прафесійным дыялогу са сваімі сербскімі калегамі ў Пасольстве Беларусі ў Бялградзе.

Мікола ЧЭМЕР.