“Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”

- 16:35Нам пішуць

Пад такой назвай прайшлі першыя ўрокі, прысвечаныя Году малой радзімы ва ўсіх установах адукацыі Беларусі.

Святочны першы ўрок у Кукаўскай школе для вучняў старэйшых і сярэдніх класаў прайшоў надзвычай цікава. Гучалі беларускія песні, вершы, байкі ў шчырым выкананні вучняў школы. Сардэчнымі і цікавымі былі выступленні старшыні Агарэвіцкага сельскага савета Вольгі Іосіфаўны Бобка і былога дэпутата парламента, грамадскага дзеяча Аляксандра Уладзіміравіча Свірыда.

З вялікай цікавасцю дзеці і настаўнікі разглядалі вытанчаныя арыгінальныя драўляныя вырабы сапраўднага майстра. У хлопчыкаў гарэлі вочы, яны прасілі Аляксандра Уладзіміравіча паказаць драўляныя цуды ўжывую і навучыць іх таямніцам майстэрства. Таленавіты ўмелец абяцаў правесці майстар-клас для ўсіх ахвотных і арганізаваць выставу сваіх вырабаў у школе.

Аляксандр Уладзіміравіч пяшчотна ўспамінаў свае школьныя гады, настаўнікаў, пачуццё разгубленнасці і няўпэўненасці, калі маленькім хлапчуком прыйшоў у першы клас.

— Без школы, моладзі вёска памірае, няма ў яе будучыні. Кукаўская школа самая блізкая да нашага Нацкага сельсавета. Мне вельмі прыемна, што ў вашай школе звіняць дзіцячыя галасы, напоўнены ўсе класы, усміхаюцца вучні, бацькі і настаўнікі, — адзначыў ганаровы госць.

Аляксандр Уладзіміравіч пажадаў вучням старанна вучыцца, вяртацца на малую радзіму, да бацькоў, добрасумленна працаваць і ніколі не забываць пра свае карані.

— Без любові да малой радзімы не бывае любові да краіны ў цэлым. Будучыня роднай вескі і школы — у вашых руках, — падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч.

А каб дзеці з карысцю бавілі вольны час, Аляксандр Свірыд падараваў ім футбольныя і баскетбольныя мячы.
На мерапрыемстве гучалі ўрыўкі з кнігі Васіля Праскурава “Пакланіся зямлі-карміцельцы”, дзе паэтычна тлумачыцца з’яўленне вёскі Кукава.

З 2009 года вучні школы правялі вялікую навуковую работу над даследчым праектам “Шлях ад хутароў да аграгарадка”. У зборніку сабраны звесткі з гісторыі развіцця вёскі Кукава. Вучні склалі карту найважнейшых аб’ектаў аграгарадка. На карце адзначаны ўсе вуліцы, якія ўваходзяць у склад населенага пункта. Усе з цікавасцю адгадвалі назвы вуліц, гледзячы на падрыхтаваныя настаўнікамі фотаздымкі.

Вясёлым і незвычайным атрымаўся майстар-клас, які правяла Валянціна Янучок разам са сваімі вучнямі. Было прапанавана зрабіць сваімі рукамі сімвал міру — белага голуба.

За шматвяковую гісторыю Беларусь была заваявана шмат разоў, але сама ніколі не была заваёўнікам. Мы — мірная краіна. Хто, як не беларускі народ, які зведаў усе жудасці Другой сусветнай вайны, усведамляе, што няма на свеце нічога больш каштоўнага за мірнае і бяспечнае жыццё на роднай зямлі.

Дырэктар школы Андрэй Літвіновіч звярнуўся да прадстаўнікоў маладога пакалення з наказам, што подзвіг прадзедаў павінен жыць у памяці кожнага, хто нарадзіўся і жыве пад мірным небам Беларусі.

Лепшыя вучні з кожнага класа з восеньскімі кветкамі прыйшлі да помніка загінулым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў, пасля чаго ўсклалі кветкі. І кожны пакідаў святую мясціну з адной думкай: памятаць пра мінулае патрэбна, каб жыць далей.

Марына КЛІМАВЕЦ.