Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…

- 16:35Нам пішуць

Адзін з напрамкаў патрыятычнага выхавання — выхаванне любові і павагі да родных мясцін. У кожным куточку нашай краіны ёсць значныя каштоўнасці, знаёмства з якімі дазваляе сфарміраваць у дзіцяці пачуццё любові да сваёй малой радзімы. Важна ўмець іх разгледзець і расказаць пра іх. Ёсць такія каштоўнасці і ў нашай любай Смаргоні. Каб пазнаёміць з імі нашых выхаванцаў, мы адправіліся на экскурсію па невялікім, але такім непаўторным, прыгожым і для кожнага з нас родным і мілым горадзе.

Экскурсія па адметных мясцінах Смаргоні была насычанай і цікавай. Перш за ўсё дзеці накіраваліся ў гарадскі парк, дзе наведалі скульптурную кампазіцыю “Мядзведжая акадэмія”, якая ў свой час праславіла наш край на ўсю Еўропу. Дзеці даведаліся, што тут дрэсіравалі мядзведзяў, вучылі іх танцаваць. Потым мы прагуляліся па садзе камянёў — новай славутасці, якая ўжо стала любімай не толькі ў жыхароў горада, але і ў турыстаў.

Убачылі нашы выхаванцы і помнік беларускаму пісьменніку Францішку Багушэвічу. З задавальненнем прабавілі час на дзіцячай пляцоўцы, дзе заўсёды гучыць звонкі, шчыры смех. З захапленнем паназіралі, як блішчаць купалы на Спаса-Праабражэнскай царкве. А як гарэлі вочы дзяўчынак і хлопчыкаў, калі яны стаялі на сцэне цудоўнага летняга амфітэатра! Пазнаёміліся дзеці з памятнымі знакамі: прысвечаным 500-годзю Смаргоні і ўсталяваным у гонар 100-годдзя пагранічнай службы Беларусі.

Экскурсія пакінула ва ўсіх станоўчыя эмоцыі і ўспаміны. Хочацца спадзявацца, што кожны з нашых выхаванцаў у далейшым скажа пра родны горад: “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”.

Наталля МУРАШКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 10 Смаргоні.