Модны авангард з прыстаўкай “нана-”

- 10:52Навіны рэгіёнаў

Хто ў найбліжэйшай будучыні стане ствараць моднае адзенне? У адказ навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа да мадэльераў, дызайнераў, канструктараў, краўцоў і швачак, не задумваючыся, далучаць інжынераў, праграмістаў, спецыялістаў па нанатэхналогіях і электрыкаў. А ў пацвярджэнне запросяць пазнаёміцца з плёнам калектыўнай творчасці — калекцыяй ультрасучасных інавацыйных сукенак. Тут узоры тканіны дапаўняюць светлавыя лініі.

Вам прадэманструюць мадэль, што рэагуе ўключэннем светлавога малюнка на гук, дотык, вібрацыю, і мадэль, канструктыўным элементам якой з’яўляецца супрацьпажарны апавяшчальнік. Уявіце сабе, які гучны можа атрымацца аргумент на карысць здаровага ладу жыцця: закурыць хлопец у кампаніі прыгажуні-модніцы, а ў той, можа, слоў ад абурэння няма — і не трэба, праз імгненне сукенка абрыне на нявыхаванага кавалера такі гукавы сігнал, што толькі і застанецца выкінуць цыгарэту. А побач мадэль на сонечных батарэях — ад яе зручна і лёгка можна зарадзіць тэлефон. Свой сакрэт хавае кожная сукенка. Навучэнцы, педагогі, госці ўстановы адукацыі ў захапленні, а між тым для аўтараў створанае — пройдзены ўжо этап, яны выношваюць задуму новай моднай калекцыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.