Мой клас — мая каманда: трэнд гомельскай школы № 11 — сумесныя спартыўныя падзеі

- 11:08Образование, Приложение, Шестой день

Скрып красовак, удары па мячы, бадзёрыя выкрыкі каманды падтрымкі, фінальны свісток, віншаванні пераможцам — у суботу ў сярэдняй школе № 11 Гомеля было па-­спартыўнаму шумна. Тут заўсёды ўдзялялася шмат увагі актыўнаму адпачынку, але апошнім часам гэты кірунак стаў больш сістэматызаваным і масавым. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

— Так шумна ў нас кожную суботу, не толькі сёння, — гаво­рыць, скручваючы плакат са словамі “Толькі наперад!”, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Аляксееўна Бярыдзэ. — У нашай школе 772 навучэнцы, і мы стараемся аб’ядноўваць на суботніх мерапрыемствах не толькі паралелі, але і ўсю школу. Так у дзяцей з’яўляецца зусім іншы настрой і спартыўны азарт.

Гэтак жа маштабна кожную другую суботу ў нас праходзяць дні здароўя, якія ўключаюць у сябе розныя віды спартыўнай занятасці, спартландыі, спартыўныя гульні. У іх прымаюць удзел усе класы — ад 1 да 11-га — са сваімі педагогамі і абавязкова з бацькамі (у гэтым наша фішка).

У гэтай школе ўпэўнены, што, каб падружыць дзяцей са спортам, важна браць у разлік не толькі суботы. Далучэнне дзяцей да спорту, да здаровага ладу жыцця тут праходзіць штодзённа. Гэта і ўрокі фізічнай культуры і здароўя, на якіх настаўнікі рэкламуюць той ці іншы від спорту і запрашаюць дзяцей у вольны час на трэніроўкі ці гульню, і арганізацыя заняткаў у межах спартыўных секцый (гэты кірунак у школе асабліва добра развіты) — ад гандбола да атлетычнай гімнастыкі, і інш. Тут не бывае ніводнай гадзіны, каб трэнажорная ці спартыўная залы былі вольныя. У школе хапае ўсяго абсталявання, інвентару. І ёсць тут самае галоўнае — зацікаўленыя настаўнікі. Толькі па фізічнай культуры і здароўі іх чатыры.

Па суботах працуюць і аб’яднанні па інтарэсах спартыўнай накіраванасці, якія вядуць педагогі дадатковай адукацыі школы. Так, на працягу 5 гадоў аматараў ярка падтрымліваць сваіх аднакласнікаў аб’ядноўвае “Чыр­лідынг”. У Веранікі Алегаўны Максімцовай ажно 30 навучэнцаў пачатковай школы. У гэтым го­дзе яны ўжо сталі прызёрамі на рэс­публіканскім этапе ў гэтым кірунку, а 8 красавіка з абласнога Кубка школьнай лігі па чырлідынгу прывезлі дыплом ІІ ступені.

Не менш увагі ў школе ўдзяляецца і інтэлектуальнаму спорту. Тут 4 гады дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Шашкі”. Заняткі ў ім як педагог дадатковай адукацыі тут сумяшчае майстар спорту трэнер СДЮШАР Уладзіслаў Беньямінавіч Фейгін. Нядаўна яго навучэнцы сталі абсалютнымі пераможцамі на вобласці.

У шосты школьны дзень у нас вядучы кірунак — узаема­дзеянне з сем’ямі. Таму да нашых турніраў па шашках таксама далучаюцца бацькі.

Часта турніры прыўрочваем да розных тэматычных свят. Запрашаем да сябе і шашыстаў з іншых школ горада — з 1 па 11 клас. На апошнім турніры было 54 каманды нашых навучэнцаў і 12 каманд, запрошаных з іншых школ (каманда — гэта навучэнец з татам ці мамай). Сямейныя каманды прымаюць удзел і ў нашых спартландыях “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Молодежь, даешь ЗОЖ!” і падобных. Прычым іх мы праводзім спачатку ў паралелях, а ў фінале сустракаюцца пераможцы ад кожнай паралелі. Мы стараемся на адной спартыўнай пляцоўцы аб’ядноўваць каманды аднаго полу. Так мамы становяцца прыкладам для сваіх дачок, а таты — для сыноў. Ды і дзеці бачаць, што спорт падыходзіць да кожнага, незалежна ад узросту, сацыяльнага становішча, статусу, пасады і г.д., — дзеліцца Алена Аляксееўна.

Па суботах навучэнцы працягваюць спартыўнае жыццё і па-за межамі школы. Сярод самых частых — спартыўнае арыентаванне, абласныя спаборніц­твы “Мой клас — мая каманда” і інш. Цяпер каманда дзяўчат стала прызёрам гарадскога этапу па валейболе. Працягваюць школьнікі свае трэніроўкі ўжо і на больш сур’ёзным узроўні. Яны ўваходзяць у склад зборных каманд вобласці па розных гульнявых відах спорту.

— Калі прапанаваць дзецям цікавыя суботнія школьныя мерапрыемствы, то нішто і ніхто не ўтрымае іх у гэты дзень дома. Прага да станоўчых эмоцый, бадзёрага настрою не дасць ім у гэты дзень сядзець дома. Толькі важна, каб яны былі не эпізадычнымі, а мелі сістэмны характар, — адзначае А.А.Бярыдзэ.

Святлана НІКІФАРАВА

Правесці суботу з мячом на стадыёне ці на рэтрафэсце, адправіцца ў турыстычны паход ці ў фальклорную экспедыцыю, стаць адной камандай з баць­камі ці зазірнуць у мінулае сваіх продкаў… Шосты школьны дзень пашырае свае выхаваў­чыя гарызонты.

Чытайце матэрыялы дадатку “Шосты дзень” у нумары “Настаўніцкай газеты” ад 18 красавіка 2023 года.